Лекар-герантоляг: Вышыванка можа быць сродкам для падаўжэньня жыцьця

Лекар-герантоляг Кірыл Прашчаеў у полацкім музэі

У вышыванцы і самім працэсе яе стварэньня схаваная таямніца вечнай маладосьці. Калі гэта гучыць занадта мэтафарычна, то можна сказаць прасьцей: навукоўцы высьветлілі, што занятак вышываньнем — добры сродак для падаўжэньня і паляпшэньня якасьці жыцьця.

Асабліва ў сталым узросьце, лічыць лекар-герантоляг Кірыл Прашчаеў, дырэктар маскоўскага Навукова-дасьледчага інстытуту геранталёгіі, першы намесьнік старшыні Беларускага рэспубліканскага грамадзкага геранталягічнага аб’яднаньня.

У афіцыйны «Дзень вышыванкі» 2-га ліпеня ён правёў акцыю «Занятак вышыванкай як сродак рэабілітацыі» ў полацкім Музэі традыцыйнага ткацтва Паазер’я. І сам прыйшоў, вядома ж, у вышыванцы — з крыху нэтрадацыйным, блакітным арнамэнтам.

Лекар-герантоляг Кірыл Прашчаеў

«Сам я з Наваполацку, скончыў віцебскі мэдыцынскі інстытут, цяпер гэта ўжо ўнівэрсытэт. А мая самая першая „вышыванка“ — дзіцячая кашулька з элемэнтамі вышыўкі — дагэтуль захоўваецца ў мяне дома. Ёсьць фотаздымак, дзе я ў ёй апрануты. На ім мне чатыры гады», — апавядае Кірыл Прашчаеў.

А пра тую вышыванку, што на ім цяпер, тлумачыць:

«Я набыў яе летась на віцебскім «Славянскім базары» ў майстрыхі з Глыбокага. Яна робіць яшчэ й паясы, і калі я ўпадабаў блакітны пояс, то да яго спадарыня падабрала мне і кашулю з блакітным арнамэнтам. Неяк прынята лічыць, што традыцыйны колер вышыўкі — чырвоны. Але ў кожным рэгіёне — розныя традыцыі, і вышыўка блакітнага колеру сустракаецца там, дзе ў адзеньні прысутнічаюць балцкія традыцыі. Увогуле ж, вышыванка як зьява разьвіваецца. І гэта зьява разнастайная, як сама Беларусь!"

“Вышыўка для здароўя” пачынаецца з малюнка

З гутаркі пра разнастанасьць, складанасьць ды неадназначнасьць арнамэнтаў і пачынаецца ўласна мэдычная частка размовы з Кірылам Прашчаевым.

Па-першае, льняное адзеньне мае вялізную карысьць для здароўя чалавека. Бо тканіна зь лёну — гэта добры бактэрыцыдны сродак, яна мае ўласьцівасьць зьнішчаць бактэрыі і грыбкі. Таму вельмі карысная для людзей, якія хварэюць, прыкладам, на экзэму. Апроч гэтага, ільняная тканіна добра рэгулюе цеплаабмен. Яе вельмі добра яе апранаць у сьпякоту.

Па-другое, безумоўную карысьць нясе сам працэс вышываньня, падкрэсьлівае спадар Прашчаеў. Дарэчы, ён ня проста лекар — доктар мэдыцынскіх навук і першы беларускі навукоўца, які абараніў доктарскую дысэртацыю па спэцыяльнасьці «геранталёгія і герыятрыя».

«Геранталёгія — гэта навука, якая вывучае працэсы старэньня чалавечага арганізму. Што ў нас здараецца з узростам? Старэе, у тым ліку, і наш мозг. На жаль, гэта непазьбежна. А чаму мозг старэе? Ёсьць такі тэрмін „нэйраплястычнасьць“. Каб нэйроны мозгу былі плястычныя, яны павінны атрымліваць такую самую колькасьць імпульсаў, як у маладосьці. Сталаму чалавеку ў ягоным асяродку такую колькасьць імпульсаў атрымаць бадай што і немагчыма. Але калі чалавек вышывае, гэтыя імпульсы ўтвараюцца ды ідуць у мозг, бо вышываньне — гэта дробная маторыка рук. Таму вышываньне — гэта афіцыйна прызнаны немэдыкамэнтозны сродак рэабілітацыі для людзей з мазгавымі парушэньнямі. На жаль, не так шырока распаўсюджаны, як бы мы гэтага хацелі», — зазначае Кірыл Прашчаеў.

У музэі можна набыць вышыванку. Але для здароўя лепей — каб вышыць самому

Ён зьяўляецца даным са стваральнікаў Беларускага рэспубліканскага грамадзкага геранталягічнага аб’яднаньня, якое сабрала аднадумцаў — беларускіх лекараў і патрыётаў . І хай сабе шмат часу спадар Прашчаеў праводзіць у Расеі — ён дырэктар маскоўскага Навукова-дасьледчага інстытуту геранталёгіі, і ўвогуле шмат падарожнічае, ягоная праца ў значнай ступені зьвязана зь Беларусьсю:

«У мэдычнай навукі няма межаў, яна паўсюль запатрабаваная, і мы шмат вандруем... Па сутнасьці, ня так важна, дзе ты знаходзісься — галоўнае, што ты робіш! Сёлета мы ладзім акцыю „Як правільна (не) старэць па-беларуску“. У яе межах праводзім сустрэчы з работнікамі сацыяльных службаў, дзелімся нашымі распрацоўкамі. Каб яны далей распаўсюджвалі гэты досьвед, працуючы зь людзьмі сталага веку. А пачалося ўсё так: гэты год быў вызначаны кіраўніцтвам краіны як Год культуры. Вось і мы вырашылі прааналізаваць, як наш беларускі лад жыцьця можа паспрыяць таму, каб людзі старэлі ня так хутка, як у нас рэальна старэюць. Пачалі супастаўляць розныя мэтодыкі прафіляктыкі старэньня і немэдыкэнтознай рэабілітацыі людзей з узроставымі мазгавымі парушэньнямі. І высьвятляць, што мы можна ўзяць карыснага ў гэтым сэнсе зь беларускага ладу жыцьця. Атрымаўся такі навукова-этнаграфічны падыход да мэдыцыны».

Паводле Кірыла Прашчаева, традыцыйны беларускі занятак вышыўкай безумоўна карысны:

«Пачынаць варта з самога малюнка. Ёсьць дасьледаваньні, як чалавек па-рознаму ўспрымае вонкавае асяродзьдзе ў новых гарадах, дзе стандартныя шматпавярховікі, і ў старых, дзе ёсьць архітэктура, прыкладам, барока. Аказваецца, мозг у большай ступені актывізуецца, калі чалавек знаходзіцца ў асяродзьдзі старой архітэктуры. Там вялікая колькасьць складаных архітэктурных элемэнтаў — карнізаў, порцікаў, розных «завітушак», за якія «чапляецца вока» і перадае ў мозг імпульсаў куды болей, чымсьці ў асяродзьдзі стандартызаваных дамоў з простымі лініямі. Так і вышыванка: калі чалавек яе апранае, то на яго глядзяць, разглядаюць арнамэнт, і ён сам глядзіць на іншых... Але часта мы пачынаем заняткі з таго, што прапануем чалавеку намаляваць просты крыжык. Ня думайце, для людзей з парушэньнямі мазгавой дзейнасьці і гэта бывае цяжка! Потым прапануем намаляваць ромбік, потым васьміканцовую «зорку». Спачатку прапануем гэта скапіраваць зь іншага малюнка, а потым — намаляваць па памяці. Потым — дадаць у малюнак нешта сваё. Так ствараецца арнамэнт. А далей — можна вышываць. І падчас гэтага занятку будзе яшчэ больш складана — трэба будзе лічыць «крыжыкі», падбіраць колер...»

На думку лекара-герантоляга, гэты занятак больш прыдатны для людзей сталага веку, чымсьці супольныя «пасядзелкі» за гарбатай. У тым ліку й таму, што чалавек неўзабаве зможа ўбачыць вынікі свае працы. Апошняе надзвычай важна, прыкладам, для тых, хто выйшаў на пэнсыю і цяжка прыміраецца з гэтым новым становішчам.

Вольга Дамаскіна, загадчыца полацкага Музэю традыцыйнага ткацтва Паазер’я

Вольга Дамаскіна, загадчыца полацкага Музэю традыцыйнага ткацтва Паазер’я, дзе праходзіла сустрэча зь лекарам-герантолягам, дадае гісторыю з уласнага досьведу:

«Мы аднойчы ладзілі майстар-кляс па вышыўцы. На яго прыйшоў чалавек, які быў у Чачні, атрымаў там раненьне. Вышываць дзеля рэабілітацыі яму параілі лекары. Заняўшыся гэтым, ён вылечыў наступствы свае траўмы! Так што гэта сапраўды дзейнічае!»

Спадарыня Вольга і сама вышывае. Гаворыць, што гэты занятак яе супакойвае, стварае пазытыўны настрой, а ўсе добрыя думкі нібыта ўкладаюцца ў малюнак і робяць яго прыгажэйшым.

Камэнтуючы згаданую ёй сытуацыю лекар-герантоляг Кірыл Прашчаеў адзначае: "Шмат нэрвовых клетачак падчас траўмы засынае, гэта такая рэакцыя арганізма на траўму. А падчас працы з вышываньнем яны вымушаны прачнуцца і дзейнічаць. Мозг працуе лепш, гэта першае. Другое — чалавек заняты, ён мае працу. Менш часу для трывожных думак, больш думак пра пэрспэктыву выніку. У гэтым сэнсе вышываньне карыснае, канешне ж, ня толькі для людзей сталага веку або з праблемамі парушэньня мазгавой дзейнасьці. Усё гэта — выдатны сродак прафіляктыкі і для маладзейшага пакаленьня беларусаў. Таму — выдатна, што вышыванкі сталі папулярныя для маладога пакаленьня. А што ўжо да старэйшага — то гэта проста незаменны лекавы сродак!"

Музэй традыцыйнага ткацтва Паазер’я (у зялёнай хатцы) – пад апекай Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай

Яшчэ адзін найвыдатнейшы сродак для прафіляктыкі старэньня мозгу — гэта моўная практыка. І беларусам тут дужа пашэнціла, лічыць спадар Прашчаеў:

«Між іншым, мозг двухмоўных людзей мае магчымасьць старэць ня так хутка, як аднамоўных, таму што ён вымушаны быць больш актыўным. Даказана, што вывучэньне і карыстаньне рознымі мовамі спрыяе падвышэньню мазгавой актыўнасьці. А мы, беларусы, тут у вельмі выгодным становішчы: маем магчымасьць валодаць расейскай і беларускай мовамі, а давайце яшчэ й польскую, напрыклад, згадаем, цi вывучым ангельскую! Яшчэ можна спалучаць кагнітыўны — мазгавы і фізычны трэнінг. Мы распрацавалі адмысловы комплекс, калі каманды падчас розных фізычных практыкаваньняў на каардынацыю рухаў падаюцца па-руску, па-беларуску і па-ангельску».

Практыкаваньні выклікалі мора пазытыўных эмоцый у «экспэрымэнтальнай групы» з супрацоўніц музэю. І экскурсанты, якія праслухалі кароткую лекцыю пра лекавыя ўласьцівасьці вышыванкі, таксама засталіся ўражаныя. Дарэчы, вышыванкі — гэта «прафэсійнае адзеньне» ў супрацоўнікаў Музэю традыцыйнага ткацтва Паазер’я. У вышытых кашулях яны сустракаюць наведнікаў, і беларускія арнамэнты нязьменна прысутнічаюць у кожнай з трох музэйных заляў. Тут жа можна і набыць мужчынскую або жаночую вышыванку. Сярэдні кошт «старымі грашыма» каля 800 тысяч рублёў. Але куды больш карысна для здароўя — вышыць кашулю ўласнымі рукамі. Каб жыць доўга і з задавальненьнем.