У Бабруйску адкрылі помнік габрэйскаму пісьменьніку й савецкаму дысыдэнту

У цэнтры Бабруйску у рамках сьвяткаваньняў Дня гораду паставілі помнік славутаму земляку, пісьменьніку й кінасцэнарысту Эфраіму Сэвэлу.

Эфраім Cэвэла (Яфім Драбкін) нарадзіўся ў 1928 г. на цалкам габрэйскай вуліцы Інваліднай (цяпер Энгельса), якую праславіў у сваёй першай кнізе «Легенды Інваліднай вуліцы». Падлеткам, «сынам палка» прайшоў вайну, потым вучыўся на аддзяленьні журналістыкі філфака БДУ разам зь іншым славутым земляком Алесем Адамовічам. Пераехаў працаваць на «Масфільм». Прымаў удзел у руху габрэяў за права выезду з СССР і ў 1971 зьехаў у Ізраіль, пазьней у ЗША.

У эміграцыі пачаў пісаць і выдаваць свае кнігі, многія зь якіх, як і фільмы па ім, добра вядомыя: «Спыніце самалёт, я зьлезу», «Моня Цацкес — сьцяганосец», «Папугай які гаворыць на ідыш», «Чаму няма раю на зямлі» ды іншыя. Збольшага творчасьць прысьвечаная жыцьцю габрэяў у 20-м стагодзьдзі — у Беларусі, у СССР, пад час вайны, і пасьля эміграцыі савецкіх габрэяў на Захад. У 1990 Сэвэла атрымаў магчымасьць здымаць свае фільмы ў Маскве і пераехаў туды. Там і памёр у 2010-м.

Плянавалася што помнік зьявіцца ў Бабруйску яшчэ год таму, але справа зацягнулася. Грошы на помнік ахвяравалі бабруйчанін Аляксандар Прэсьняцоў і ўжо амэрыканскія бабруйчане Генадзь Рабкін і Фэлікс Цупрун, скульптар Іван Данільчанка таксама мясцовы. На стадыі абмеркаваньня праектаў бабруйчанам спадабалася ідэя з папугаем на кінакамэры — у гонар «Папугая, які гаворыць на ідыш», дзяржаўная камісія зацьвердзіла варыянт з галубамі, які вызваў крытычныя камэнтары мясцовых жыхароў. У выніку — ані галубоў, ані папугая. Кінакамэра засталася, і адразу стала любімым аб’ектам для здымкаў.


Яшчэ каля помніка ёсьць цытата з «Легенд Інваліднай вуліцы», у якасьці «падстаўкі» пад яе скарысталі вэнтыляцыйную трубу. Цытата ў ансамблі помніка замацоўвае сучасны стан былой вуліцы Інваліднай: «Цяпер яна перайменаваная ў гонар Фрыдрыха Энгельса — заснавальніка навуковага камунізму, і можна падумаць, што на гэтай вуліцы нарадзіўся ня я, а Фрыдрых Энгельс». Бо нягледзячы на помнік, на кнігі Сэвэлы ў бібліятэках гораду, на паказ ягоных фільмаў у гарадзкім кінатэатры — вуліцы Энгельса не зьбіраюцца ані вяртаць гістарычную назву, ані надаваць імя Сэвэлы.