Расейскія падлеткі-спартоўцы прыйшлі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і зладзілі спаборніцтва па пляўках проста на экспанаты, апляваўшы выставу «111 год кітайскаму кінэматографу», паведамляе Наша Ніва.
Супрацоўніца бібліятэкі зрабіла хуліганам заўвагу, але ў адказ пачула брыдкую лаянку.
Адна з наведвальніц бібліятэкі зьвярнулася да аховы. «Падлеткі паводзілі сябе даволі паслухмяна. Пачакалі міліцыянта, які праверыў у іх дакумэнты і зрабіў вымову», — расказала яна.
У старэйшага, атлета, пры сабе было некалькі расейскіх пашпартоў. У меншага, самбіста, дакумэнтаў пры сабе не аказалася. Аднак на поясе вісела сумка з надпісам «я русский». Па словах 12-гадовага падлетка, ён толькі вярнуўся зь месячнай вандроўкі ў Санкт-Пецярбург і вырашыў зь сябрам наведаць Нацыянальную бібліятэку. Тут яны былі ўпершыню.
Хлопцы не змаглі патлумачыць свае паводзіныі. «Яны адмыслова выбралі месца, у якое не глядзіць камэра. І пра гэта шматразова паўтараў самбіст. Думалі, іх ніхто не заўважыць. Аднак я заўважыла», — расказала Нашай Ніве дзяўчына, якая выклікала ахову.
Правапарушальнікі выцерлі пляўкі, аднак інфармацыйныя плякаты засталіся пашкоджаныя.
Хлопцаў адпусьцілі. Паводле начальніка службы аховы Нацыянальнай бібліятэкі, гэта першы выпадак нанясеньня шкоды маёмасьці.