«Рубель у нас — нацыянальная валюта, а даляр — народная», у Гомелі людзі куплялі даляры, стаялі ў чэргах ля банкаматаў

Скульптура каля «Прыёрбанку» у Гомелі.

30 чэрвеня, у апошні дзень перад увядзеньнем новых грошай, у Гомелі зьбіраліся чэргі практычна каля кожнага банкамату.

Гараджанін Пятро ля банкамату «Масква-Менск» на вуліцы Савецкай, гэтак тлумачыць свой паход па грашы:

«Забраў апошнія паўмільёна рублёў. У кішэні яны хутчэй разьляцяцца, але ж невядома, калі ўсё ўсталюецца і запрацуюць банкаматы. Зрэшты, няхай ужо ўводзяць новыя грошы — надакучыла быць мільянэрам з жабрацкай торбай за плячыма».

У банку «Масква-Менск»

У апэрацыйнай залі банку таксама поўна народу. Многія купляюць даляры. Прычым, нават невялікага кошту — і дваццаць, і трыццаць.

«У валюце надзейней захаваць якую капейчыну, таму й купляем гэтыя даляры. Рубель у нас — нацыянальная валюта, а даляр — народная», — лічыць гараджанка Кацярына.

Да банкамату «Прыёрбанку»

Чарга з дзесятка чалавек утварылася і каля банкамату «Прыёрбанку» на вуліцы Чырвонаармейскай. Гамяльчук Ігар разважае:

«Самлееш тут, стоячы за гэтымі грашыма. Уражаньне такое, што ў Беларусі адны багачы жывуць: ідзеш — усюды каля банкаматаў стаяць».

Суразмоўца тлумачыць, што хоча мець наяўныя грошы, бо разьлічыцца праз банкаўскую картку ў крамах да наступнага панядзелка наўрад ці будзе магчыма. Заўтра банкаматы будуць перазагружаць новымі банкнотамі, а там выходны, афіцыйнае сьвята.

«Вычытаў, што будзе купюра вартасьцю ў 500 рублёў. Гэта цяперашніх пяць мільёнаў. У мяне пэнсія з падпрацоўкай не нашмат перавышаюць пяць мільёнаў. Дадуць мне гэту паперчыну — і што мне зь ёй рабіць? Ісьці ў банк мяняць? Хіба толькі для інфляцыі такія грошы прынадзяцца», — мяркуе Ігар.

Чарга банкамату аддзяленьня ААТ «АСБ Беларусбанк»

Пэрыядычна падрастае чарга на праспэкце Леніна, каля банкамату «АСБ Беларусбанк». На дзьвярах яго ўжо вывесілі распарадак працы на бліжэйшыя дні: 1 ліпеня кліентаў тут прымаць наагул ня будуць, 2 ліпеня — працуюць з 9 да 15 гадзінаў, 3 ліпеня — выходны.

Ад сёньня з 19 гадзін і да панядзелка ў банку нельга пагасіць крэдыты, зрабіць перавод грошай паводле сыстэмаў «Стрыж», «Vestern Union» і «Blizko». Апрача таго, «Беларусбанк» сёньня не абслугоўваў «чужых» кліентаў, то бок тых, якія маюць ашчаджаньні ў іншых аддзяленьнях. Прымалі «сваіх», якія адкрывалі рахунак менавіта ў аддзяленьні. Гэткія парадкі з выплатай даходаў па ашчаджальных сэртыфікатах. Такая практыка працягнецца і 2 ліпеня.

Дапамажыце, хто можа

Зрэшты, новы парадак працы банкаматаў і банкаў хвалюе далёка ня ўсіх. У падземных пераходах, іншых людных месцах інваліды, гарадзкія бяздомнікі проста прасілі ў мінакоў грошай. Любых!

75-гадовая спадарыня Галіна (так яна назвалася) прысела на прыступках былога кінатэатру «Спартак» з кардоннай скрынкай, у якую мінакі кладуць дробныя, нікому ўжо не патрэбныя сторублёўкі. Бо з гэтай грашовай паперчыны нават ня выйдзе новай капейкі.

«Я інвалід, перасяленка з чарнобыльскай вёскі Пагоннае, — кажа кабета. — Цяпер у Буда-Кашалёўскім раёне жыву. Ня маю нават двух мільёнаў пэнсіі. Можа, хоць крыху тут зьбяру. Гэта ж па лічбах пэнсія заўтра будзе, як у Савецкім Саюзе. Нават вышэй. Але як пражыць будзе на яе — ня ведаю. Мусіць так, як і з мільёнам».