Генэральны сакратар Эўрапейскай народнай партыі (ЭНП), выканаўчы сакратар Інтэрнацыяналу дэмакратаў-цэнтрыстаў Антоніё Лёпэс-Істурыс 30 чэрвеня ў Менску сустрэўся зь беларускімі журналістамі.
Адказваючы на пытаньне агенцтва БелаПАН, наколькі прынцыповай будзе пазыцыя Эўропы ў пытаньні ацэнкі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі на тле адноўленага дыялёгу паміж бакамі, Лёпэс-Істурыс адзначыў, што хада парлямэнцкіх выбараў будзе мець важнае значэньне ў пытаньні фінансавай дапамогі Беларусі з боку МВФ.
Эўрапарлямэнт захоча пачуць, ці былі нейкія станоўчыя крокі з боку беларускіх уладаў.
Палітык зьвярнуў увагу, што пытаньні ўзносаў Эўразьвязу ў МВФ будуць вырашацца ў кастрычніку, ужо пасьля правядзеньня ў Беларусі парлямэнцкіх выбараў.
«Узносы Эўразьвязу ў МВФ будуць зацьвярджацца Эўрапарлямэнтам. Я ўпэўнены, што мае калегі захочуць пачуць, ці былі нейкія станоўчыя крокі з боку беларускіх уладаў», — сказаў Лёпэс-Істурыс, адзначыўшы, што гэта будзе вельмі важна для таго, каб «зрабіць нейкія крокі, каб прыняць адпаведныя рашэньні».
Паводле генэральнага сакратара ЭНП, дыпляматы, якія прадстаўляюць Эўракамісію і Эўрапейскую службу зьнешніх сувязяў, робяць добрую справу. Аднак, адзначыў ён, ёсьць яшчэ і палітычная ацэнка. «Якой яна будзе, залежыць ад беларускіх уладаў», — падкрэсьліў палітык.