5 найлепшых і 5 найгоршых напояў у сьпякоту

Вось ужо некалькі тыдняў запар у Беларусі небывалая сьпякота. Якія напоі лепш за ўсё піць у сьпякоту? А ад якіх адмовіцца? У гэтым артыкуле — парады дыетоляга.


ПІЦЬ!

1. Вада

Натуральна, на першым месцы ў нас вада. Яна на гэтым месцы павінна быць, дарэчы, у любы сэзон.

Здароваму даросламу чалавеку патрэбна, у сярэднім, 1,5-2 літры вады штодзень.

Найлепшая вада — гэта вада з прыродных крыніцаў. Яна таксама называецца «крынічная вада», або «калодзежная вада» Крынічная вада фільтруецца натуральным чынам, яна ўзбагачаецца кіслародам і мінэраламі ад прыроды. Гэтая вада не ўступае ў кантакт з нашым забруджаным асяродзьдзем. Акрамя таго, яна надзвычай багатая мінэраламі, такімі як магнiй, сера і кальцый.

Што тычыцца мінэральнай вады, то, як вынікае зь яе назвы, яна ўтрымлівае павышаную колькасьць мінэралаў. Хоць мінэральная вада тыпу «Есентукі» і «Нарзан» і прадаецца свабодна ў крамах, яе ня варта піць бяз рады лекара-тэрапэўта. Асабліва гэта тычыцца людзей з хранічнымі захворваньнямі сэрца, нырак і страўнікавага тракту.

Больш падрабязна пра тое, якую ваду варта піць, а якую — не, чытайце тут.

2. Гранатавы сок

Лета прыносіць ня толькі сьпякоту, але і вялікую колькасьць ультрафіялету, які ў лішку шкодны для скуры і агульнага здароўя. Шматлікія клінічныя дасьледаваньні з выкарыстаньнем экстракту граната паказваюць, што гранат запавольвае пігмэнтацыю скуры, выкліканую ўльтрафіялетавым апраменьваньнем. Гэта адбываецца за кошт антыаксыдантаў. Сваім моцным антыаксыдантным уласьцівасьцям гранат абавязаны ўнікальнаму паліфэнольнаму комплексу, які ўключае тлустыя кіслоты, пунікалягіны, дубільныя рэчывы, элягавую кіслату і антацыяны. Элягітаніны зьяўляюцца асноўнымі паліфэноламі пладоў граната і ягонага соку, дзякуючы ім гранат мае такое ўмацавальнае ўзьдзеяньне на здароўе.

3. Таматны сок

Таматны сок утрымлівае каратэноід лікапін. Пра лікапін вядома, што ён таксама эфэктыўна процістаіць ультрафіялетаваму пашкоджаньню скуры. Дарэчы, лікапін зьяўляецца ліпафільным ("любіць тлушч"). На практыцы гэта азначае, што ў таматны сок добра дадаць пару кропляў алею.

Таматны сок таксама зьяўляецца добрай крыніцай калію. Калій адказвае за балянс вадкасьці ўнутры клетак.

4. Абястлушчаны кефір

Кефір добра спаталяе смагу. Кефір утрымлівае карысныя бактэрыі, якія дабратворна ўплываюць на флёру кішачніка. Абястлушчаны кефір, да таго ж, утрымлівае бялок высокай якасьці, невялікую колькасьць хутказасваяемых вугляводаў (паліва для нашага мозгу), а таксама кальцый і вітамін D.

5. Зялёная гарбата

Зялёная гарбата — крыніца унікальных поліфэнолаў EGCG, якія таксама спрыяюць абароне скуры ад ультрафіялетавага апраменьваньня. Зялёная гарбата да таго ж вельмі багатая на мінэрал марганец і, у залежнасьці ад гатунку, утрымлівае да 50% сутачнай нормы на адзін кубак. Ахалоджаная зялёная гарбата можа стаць цудоўнай альтэрнатывай да так званага айс-ці. Проста заварыце гарбату, дайце ёй настаяцца, дадайце травы, спэцыі і садавіну паводле вашага густу (напрыклад, мяту, імбір, кавалачкі памяранца або цытрыны), і, калі хочацца, трохі мёду. Дайце астыць. Падавайце з лёдам.

НЯ ПІЦЬ!

1. Піва

Халоднае піва ў сьпякоту можа спаталіць смагу і падараваць адчуваньне доўгачаканай прахалоды, але гэта адчуваньне працягнецца нядоўга.

Алькаголь не пакрывае нашу патрэбу ў вадкасьці, ён якраз наадварот прыводзіць да абязводжваньня. Акрамя таго, алькаголь ап’яняе і дае дадатковую нагрузку на сэрца і сасуды.

2. Сокі з садавіны

​Ад сокаў з садавіны я рэкамэндую адмовіцца. Па-першае, яны ўтрымліваюць шмат калёрый. У сярэднім, у адной шклянцы соку каля 150 калёрый, гэта параўнальна з двума кавалкамі хлеба, дзьвюма невялікімі бульбінамі або дзьвюма шакаляднымі цукеркамі. Па-другое, садавінавыя сокі ўтрымліваюць вялікую колькасьць (натуральнага) цукру, які неадкладна паступае ў кроў і выклікае скачок цукру ў крыві. За скокам — такі ж хуткі спад, у выніку чаго вы адчуваеце стомленасьць, недахоп канцэнтрацыі і гэтак далей. Заўсёды лепш зьесьці цэлы плод, чым выпіць выціснуты з яго сок.

3. Газіроўка

Здаецца, усё ўжо даўно ведаюць, што газаваныя напоі тыпу «Кока-кола», «Фанта», «Спрайт» і г.д. складаюцца з выключна шкодных інгрэдыентаў, самы галоўны зь якіх — цукар. Але на ўсялякі выпадак паўтару: ад гэтых напояў варта адмовіцца цалкам.



4. Напоі «лайт»

Газіроўка «лайт» — ня лепей за звычайную. Я рэкамэндую ўвогуле адмовіцца ад прадуктаў з утрыманьнем сынтэтычных падсалоджвальнікаў.

Падсалоджвальнікі дадаюцца ў прадукты харчаваньня вытворцамі, каб зрабіць прадукты салодкімі бяз цукру. Усім падсалоджвальнікам прысвоены E-нумар. Возьмем для прыкладу адзін з самых часта ўжываных падсалоджвальнікаў — цыклямат (E952). Цыклямат у 30-50 разоў саладзейшы за цукар. Цыклямат натрыю зьявіўся на рынку ЗША пасьля яго зацьвярджэньня Адміністрацыяй харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA) ў 1951 годзе. У 1970-я справаздача аб росьце выпадкаў раку мачавога пухіра ў пацукоў і малпаў, якім уводзілі сумесі цыклямату і сахарыну (10: 1) прывяла да забароны на цыклямат у харчовай прамысловасьці ў ЗША і шэрагу іншых краінаў. Варта адзначыць, што цыклямат па сёньняшні дзень цалкам забаронены ў ЗША. Напрыклад, кампанія Кока-Кола, якая выкарыстоўвае цыклямат у сваёй эўрапейскай прадукцыі, замяняе яго на іншы штучны падсалоджвальнік у ЗША. FDA лічыць, што цыклямат можа быць патэнцыйным канцэрагенам, мець нэгатыўны эфэкт на сардэчна-судзінную сыстэму і быць таксычным для яечкаў. Амаль ва ўсіх іншых краінах сьвету цыклямат да гэтага часу выкарыстоўваецца, часта ў спалучэньні зь іншымі падсалоджвальнікамі. Больш падрабязна пра цыклямат чытайце тут.

5. Кактэйлі з марозіва ці малака

Марозіва, па-першае — прадукт калярыйны. Па-другое, яно ўтрымлівае вялікую колькасьць цукру, а таксама іншых шкодных інгрэдыентаў. Па-трэцяе, марозіва багатае на насычаныя (чытай: шкодныя) тлушчы.

Што тычыцца малака, то яно зусім не такое карыснае, як прынята лічыць. Узьнікае ўсё больш навуковых доказаў таго, што спажываньне малака спрыяе астэапарозу і заўчаснаму старэньню арганізма. Больш падрабязьней пра шкоду малака чытайце тут.