Малюнкі на шыбах

Франц Дэфрэген, «Дзеці ласуюцца вішнямі» (1869).

Хацела памыць вокны. Але...

У кухні ўбачыла сьляды чорнага коціка, які бег па двары, а малыя пальчыкі — усьлед за ім па шыбах.

У дзіцячым пакоі сьвяціліся абрысы месячыка, паўтораныя жоўтай крэйдай.

У спальні разьляцеліся крыльцы сінічак, якія пырхалі за шклом па гаўбцы, зьбіраючы крошкі любімага печыва.

Ну а панарамныя шыбы гасьцёўні прывіталі мяне краявідам, створаным ўжо дзьвюма парамі таленавітых юных ручак.

Мастакі зьехалі. Іхнія малюнкі засталіся. І я ня мыю вокны.



Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org