Колькасьць ахвяраў выбухаў у аэрапорце Стамбулу ўзрасла да 41

Ахвярамі выбухаў у міжнародным аэрапорце Стамбулу ў аўторак былі, паводле апошніх дадзеных, 41 чалавек, пацярпелі каля 240. Сярод ахвяраў 10 замежных грамадзян.

Такія лічбы прывялі ў сераду гарадзкія ўлады. Сярод загіблых 10 замежнікаў, трое ахвяраў нападу мелі падвойнае грамадзянства. Генконсульства Расеі паведаміла пра параненага грамадзяніна РФ Аляксандра Лубніна. Зьвестак, што ў выніку тэракту пацярпелі грамадзяне Беларусі, няма.

Як адзначае Reuters, напад ў аэрапорце імя Атацюрка стаў самым крывавым паводле колькасьці ахвяраў тэрарыстычнай атакай у Турэччыне ў гэтым годзе.

Увечары 28 чэрвеня ў стамбульскім аэрапорце тры сьмяротнікі прывялі ў дзеяньне бомбы. Перад гэтым па людзях вялася стральба. Выбухі адбыліся на паркоўцы і на ўваходзе ў тэрмінал.

Адказнасьць за тое, што адбылося, пакуль ніхто на сябе ня ўзяў. Прэм’ер-міністар Турэччыны Біналі Ілдырым заявіў, што сьведчаньні паказваюць на датычнасьць да атакі радыкальнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заклікаў міжнародную супольнасьць «далучыцца да барацьбы» з тэрарызмам. Заходнія саюзьнікі Турэччыны, уключна са Злучанымі Штатамі, асудзілі выбухі, назваўшы іх «подлым» нападам.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у сувязі з атакай у Стамбуле заявіў, што ў Маскве шкадуюць і спачуваюць ахвярам тэракту. Сёньня адбылася тэлефонная размова Ўладзімера Пуціна і Рэджэпа Эрдагана.