Чацьвёра крупчан і два ратавальнікі МНС загінулі ў каналізацыйным калодзежы

Фота зь месца здарэньня

Людзі атруціліся нявызначанымі рэчывамі.

Праз атручаньне нявызначанымі газамі ў Крупскім раёне загінулі шасьцёра, у тым ліку два супрацоўнікі МНС, паведамляе Сьледчы камітэт.

Каля паловы на дзясятую вечара 28 чэрвеня жыхар Крупскага раёну спусьціўся ў каналізацыйны калодзеж глыбінёй каля 6 мэтраў ля свайго дому, каб пачысьціць той. Мужчына страціў прытомнасьць і ўпаў на дно. Тры яго суседзі , якія адзін за адным спускаліся ў калодзеж, каб дапамагчы яму, таксама трацілі прытомнасьць і падалі. Маладзейшаму было 34 гады, старэйшаму — 59.

Ка месца прыбылі супрацоўнікі МНС, якія дасталі целы чацьвярых, але мэдыкі канстатавалі іх сьмерць. У выніку ратаваньня таксама былі шпіталізаваныя два супрацоўнікі МНС, 24 і 29 год, якія страцілі прытомнасьць. Пазьней яны памерлі, не прыходзячы ў прытомнасьць, у лякарні.

Верагодна, мужчыны надыхаліся парамі і газамі, якія назапашваліся ў калодзежы. Сьледчыя, судмэдэкспэрты, МНС і міліцыя ўзялі пробы рэчываў з калодзежу, зрабілі забор паветра для экспэртызы. Распачатая крымінальная справа за няўмыснае забойства.