Па што ісьці на БТ

Сяргей Дубавец

Забаўна аднойчы паглядзець ток-шоў «Форум» на БТ.

Выказваюцца ўсе магчымыя думкі, эўрыкі і бздуры пра разьвіцьцё бізнэсу ў Беларусі, але галоўнай думкі – як перадумовы ўсіх іншых думак – не гучыць.

У Беларусі аўтарытарная мадэль улады – гэта ведаюць усе прысутныя. І паколькі ніхто зь іх пра гэта не гаворыць, значыць, усе яны ўнутрана прымаюць такую сытуацыю «по умолчанию». Але чаго тады вартыя іхныя палкія тырады? Быццам яны, людзі праўладныя ці альтэрнатыўныя, могуць на нешта ўплываць – на нейкае міністэрства ці на нейкі бізнэс. Бывае й цікава паслухаць нешта пра сэрбскі досьвед ці пра «ў Штатах сытуацыя ня лепшая» ці што з Балтыі зьехала ўся моладзь, а ад нас – не, але гэта цікавасьць дасужая, ня больш.

Я неяк заўжды думаў пра бессэнсоўнасьць ток-шоў як жанру. Пагаварылі, скаланулі паветра – ну і што? Але на тле нашых гарачых спрэчак пра тое, ісьці ці ня йсьці на БТ, удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць, міжволі пачаў шукаць у гэтым усім сэнсу. І знайшоў.

Пры аўтарытарнай уладзе задача такой перадачы можа быць адна – як пераканаць, схіліць, прымусіць кіраўніка краіны да вызваленьня творчай энэргіі бізнэсу. Гэта ўвогуле магчыма ці немагчыма? Тое самае – у любой іншай праблеме. Ня «што нам усім трэба зрабіць», а менавіта – як пераканаць, схіліць, прымусіць кіраўніка краіны. На маю думку, гэта адзіная тэма (і ўмова), зь якой можна ісьці на БТ, і адзінае пытаньне, якое зробіць паход сэнсоўным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.