Шэраг актывістаў, удзельнікаў акцыі салідарнасьці са зьняволеным стваральнікам сайту 1863x.com, блогерам Эдуардам Пальчысам, атрымалі позвы ў Маскоўскі суд Менску.
30 чэрвеня суд разгледзіць адміністрацыйныя справы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць Максіма Вінярскага, Натальлі Басалыгі і Вольгі Мікалайчык. Раней позвы атрымалі Павал Севярынец і Дзяніс Краўчук.
27 чэрвеня таксама за акцыю салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам суд Маскоўскага раёну Менску пакараў штрафам 10,5 мільёну рублёў сябру АГП Антона Жылку.
9 чэрвеня каля СІЗА № 1 у Менску на заклік Паўла Севярынца сямёра актывістаў правялі акцыю салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам.
Стваральнік сайту 1863x.com, блогер Эдуард Пальчыс, вядомы ў інтэрнэце як «Джон Сільвер», абвінавачваецца паводле артыкулаў у распальваньні варожасьці праз інтэрнэт і распаўсюджваньні парнаграфічных матэрыялаў. Сваёй віны Эдуард Пальчыс не прызнае. Шмат хто з апазыцыйных палітыкаў і праваабаронцаў заклікае прызнаць Эдуарда Пальчыса палітвязьнем.