Судзьдзя, які яшчэ нядаўна ня мог наведаць Эўразьвяз, заўважыў, што Шумчанку выклікалі на суд ужо пасьля суду.
Пастанова суду Савецкага раёну Менску аб прыцягненьні Анатоля Шумчанкі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка была скасаваная. Судзьдзя Валер Камісараў накіраваў матэрыялы справы на новы разгляд зь іншым складам суду таго ж раёну. Шумчанка быў пакараны штрафам у 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў.
«Там было зроблена парушэньне працэсуальнага характару, беспрэцэдэнтны момант, — кажа Свабодзе Шумчанка. — 24 траўня мяне мусілі судзіць у судзе Савецкага раёну за ўдзел у Дні Волі, павестку ў суд я атрымаў без паведамленьняў проста ў паштовую скрыню 25 траўня, ужо пасьля суду, а ў рэестры было напісана, што павестка высланая 19 траўня. І пратакол міліцыі мне не высылаўся. Парушылі мае правы на абарону, таму пастанову скасавалі.
Буду рыхтавацца да суду і бараніць свае правы. Бо мяне абвінавачваюць у тым, што на Дзень Волі я браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, а я на самай справе прыйшоў да кінатэатру „Кастрычнік“, дзе мітынг быў дазволены. Так, стаяў там, але нічога не парушаў, ніхто ні пра што не папярэджваў. Відаць, пазналі мяне і вырашылі папоўніць бюджэт».
Той жа судзьдзя раней скасаваў штраф за Дзень Волі Рыгору Кастусёву — праз памылкі ў пратаколах і ў судовым раседжаньні. Паўторны перагляд мае адбыцца не пазьней, чым праз два месяцы.
***
Судзьдзя Валер Камісараў вядомы прысудамі грамадзкім актывістам прынамсі з 2000 года. Ён быў сярод тых, хто пацьвердзіў прысуд Аляксандру Казуліну ў 2006 годзе. У хуткім часе пасьля гэтага яму быў часова забаронены ўезд у Эўразьвяз. Ён жа разглядаў касацыйныя скаргі Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Малчанава. Санкцыі Эўразьвязу былі скасаваныя супраць бальшыні беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Камісарава, у лютым 2016 года. Але ўжо пасьля скасаваньня санкцыяў Камісараў не здаволіў скаргі журналіста tut.by Паўла Дабравольскага на пастанову Фрунзенскага раённага суду, які прызнаў апошняга вінаватым у тым, што міліцыя зьбіла яго ў залі суду.