Мікалай Аўтуховіч пацьвердзіў Свабодзе, што пакінуў працу ў ваўкавыскай фірме таксі, якую некалі сам і стварыў.
Ён патлумачыў: шматлікія праверкі і рэпрэсіі, якія апошнім часам наваліліся на фірму, зьвязаныя зь яго прозьвішчам. Таму і сышоў.
Цяпер Мікалай Аўтуховіч большасьць часу знаходзіцца ў Менску і займаецца стварэньнем агульнабеларускага прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Салідарнасьць»:
«Нам трэба набраць 500 заснавальнікаў. Цяпер я займаюся арганізацыйнай працай. Працэс няпросты, бо многія баяцца ўступаць: маўляў, калі вы набераце патрэбную колькасьць, тады і я далучуся».
І ўсё ж Аўтуховіч перакананы, што неабходная колькасьць заснавальнікаў знойдзецца. Паводле Аўтуховіча, цяпер у Беларусі няма прафсаюзу, які б па-сапраўднаму бараніў правы індывідуальных прадпрымальнікаў, а такая падтрымка патрэбная сёньня, як ніколі раней:
Людзі ў падвешаным стане, і ня ведаюць чаго чакаць. Яны наагул баяцца, што ў іх могуць забраць і тое, што ёсьць.
«Цяпер прадпрымальнікі чакаюць 1 ліпеня, бо на рынках павінны пачацца праверкі і пачнуць адбіраць тавар. Людзі ў падвешаным стане, і ня ведаюць чаго чакаць. Яны наагул баяцца, што ў іх могуць забраць і тое, што ёсьць. Таму паралельна са стварэньнем прафсаюзу мы зьбіраем подпісы за адмену ўказу № 222».
Пакуль, паводле Аўтуховіча, уся іх справа трымаецца на энтузіязьме, але інакш стварыць прафсаюз не атрымаецца.
У траўні Мікалай Аўтуховіч быў абраны выканаўцам абавязкаў старшыні руху салідарнасьці «Разам».
Цікаўлюся, ці працягвае ён працаваць і ў гэтай структуры?
«Я перш не пагаджаўся ўзначальваць гэты рух, і пагадзіўся толькі на часовае кіраваньне толькі да чарговага зьезду. Яны ўжо абралі сустаршынь, і я, па-сутнасьці, ужо ня маю ніякага дачыненьня да гэтага руху. Я і тады і цяпер кажу, што не хачу быць сябрам ніякай палітычнай партыі ці руху, якія былі створаны дагэтуль, бо ведаю, што ўсе яны дыскрэдытавалі сябе перад людзьмі. І таму я не хачу траціць свой аўтарытэт, я хачу рабіць новую годную справу — вось і робім прафсаюз».