«Шаўковы шлях» да Беларусі

Што прыносіць Беларусі статус назіральніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва? Наколькі гэты статус спрыяе кантактам Менску і Пэкіну? Ці гэта дэманстрацыя пэўнай незалежнасьці ад Расеі ці ляяльнасьці ёй?

Карбалевіч: Чарговы саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) мінулым тыднем ва Ўзбэкістане быў адметны тым, што ўпершыню Беларусь там удзельнічала ў статусе назіральніка.


Нагадаю, што ШАС — гэта міжнародная арганізацыя, у якую ўваходзяць. Расея, Кітай, краіны Цэнтральнай Азіі. Ідзе працэс ўступленьня ў гэтую арганізацыю Індыі і Пакістану. ШАС быў створаны ў 2001 годзе дзеля супрацоўніцтве ў сфэры бясьпекі. Але з часам тут зьявіўся і эканамічны складнік. Дамінуе тут Кітай.

Гэта, хутчэй, пляцоўка для сустрэч і перамоваў на вышэйшым узроўні. Кшталту СНД. Бо цяжка ўявіць шчыльнае супрацоўніцтва такіх, напрыклад, краінаў, як Кітай, Індыя, Пакістан, у адносінах якіх існуюць застарэлыя канфлікты.

Беларусь атрымала статус назіральніка год таму. Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў агенцтву БЕЛТА, што не выключана ў пэрспэктыве Беларусь будзе прэтэндаваць на паўнавартаснае сяброўства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Гэта трохі дзіўна, бо ШАС стваралася к рэгіянальная арганізацыя, якая аб’ядноўвае краіны Азіі. Беларусь жа, як любяць казаць афіцыйныя асобы — гэта цэнтар Эўропы.

Кітай мае вельмі амбіцыйны праект пашырэньня гандлёвага транзыту ў Эўропу — так званы «Новы шаўковы шлях». Беларусі далучыцца да гэтага праекту даволі выгадна

Гэта ўжо стала тэндэнцыяй, што Беларусь імкнецца ўдзельнічаць у розных міжнародных арганізацыях, да якіх краіна ня мае ніякага дачыненьня. Вось нядаўна Лукашэнка лятаў ў Стамбул на саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. Можна ўзгадаць сяброўства Беларусі ў Руху недалучэньня. Гэта своеасаблівая кампэнсацыя за ізаляцыю краіны ў Эўропе. Асаблівых дывідэндаў Беларусі гэта не нясе. Вось Лукашэнка, выступаючы на саміце, чарговым разам казаў пра тое, што Беларусь можа стаць брамай у Эўропу для чальцоў ШАС. Калі для самой Беларусі варты ў Эўропы фактычна зачыненыя, то як яны могуць быць адчыненыя для іншых краін?

На саміце адбылася сустрэча Лукашэнкі з старшынём Кітаю Сі Цьзінпінам і прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі. Зь Індыяй рыхтуецца падпісаньне пагадненьня аб пастаўках калійных угнаеньняў, што даволі важна. Але гэта не вынік сустрэчы ў Ташкенце, пагадненьне было падрыхтавана раней. Вось і ўсё, што ў сухім астатку.

Дракахруст: Вы правялі аналёгію Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з СНД. Я мяркую, што гэтая аналёгія вельмі плённая. Гэта не нейкая структура з абавязковымі рашэньнямі, але гэта сапраўды пляцоўка для дастаткова рэгулярных сустрэчаў кіраўнікоў дзяржаваў. Для Беларусі ў першую чаргу мэтай у гэтай арганізацыі зьяўляецца, зразумела, Кітай.

сяброўства ў гэтай арганізацыі, пакуль у статусе назіральніка — гэта дэманстрацыя пэўнай ляяльнасьці Расеі

Кітай мае вельмі амбіцыйны праект пашырэньня гандлёвага транзыту ў Эўропу — так званы «Новы шаўковы шлях». Беларусі далучыцца да гэтага праекту даволі выгадна. Вось на саміце Лукашэнка яшчэ раз сустрэўся з кітайскім лідэрам. А вось не была б Беларусь прадстаўленая ў гэтай арганізацыі, як бы ён зь ім сустрэўся? Звычайным чынам сустрэчы зь лідэрамі такога ўзроўню не адбываюцца.

Акрамя таго, тут ёсьць такі чыньнік, што сяброўства ў гэтай арганізацыі, пакуль у статусе назіральніка — гэта дэманстрацыя пэўнай ляяльнасьці Расеі. Маўляў, глядзіце, мы свае справы з Кітаем робім, але пад вашым прыглядам, у межах арганізацыі, ў якую вы самі ўваходзіце.

Два разьлікі: адзін — камунікацыя з Кітаем, другі — своеасаблівая дэманстрацыя геапалітычнай ляяльнасьці Расеі.

Цыганкоў: Рэдкі выпадак, калі замежнапалітычную актыўнасьць беларускага кіраўніцтва можна назваць пазытыўнай, патрэбнай, іншая справа — наколькі гэта ўсё атрымліваецца ў афіцыйнага Менску. Мы бачым, што самая галоўная мэта ў беларускай замежнай палітыцы — гэта павелічэньне экспарту. Яна ставіцца і адносна супрацоўніцтва ў межах ШАС, але ці дасягаецца яна?

на самой справе Аляксандар Лукашэнка шукае ў асобе Кітая апірышча для сябе, і на будучыню, і на сёньняшні дзень

Кожны раз, калі беларускі кіраўнік едзе ў Віетнам (гэта, магчыма, краіна таго рэгіёну, у якой ён найчасьцей бывае), дзяржаўныя СМІ кажуць пра патэнцыйны прарыў, пра рост таваразвароту ў некалькі, а то і ў дзясяткі разоў — а заканчваецца гэта ўсё больш сьціпла. Тое самае і зь Кітаем, і зь Індыяй. Мы бачым гадамі, як долі гэтых краінаў у беларускім экспарта-імпартным таваразвароце асабліва не растуць.

Амбіцыйная задача, каб траціна экспарту была ў Расею, траціна — на Захад, і траціна — ў краіны так званай «далёкай дугі», пастаўленая, яна ўнесеная ў дакумэнты, але дагэтуль ніякіх стратэгічных кардынальных зрухаў не ўдалося атрымаць.

Ёсьць аргумэнт ляяльнасьці Расеі, але на самой справе Аляксандар Лукашэнка шукае ў асобе Кітая апірышча для сябе, і на будучыню, і на сёньняшні дзень. Гэтым тлумачацца многія адкрытыя заляцаньні перад Кітаем, дача ім ільготаў у Беларусі, кітайскі індустрыяльны парк, інвэстыцыі, крэдытныя лініі. Гэта спроба зрабіць Кітай стратэгічным партнэрам, на якога можна было б абаперціся ў выпадку разрыву адносінаў з Расеяй. Наколькі яна рэалістычная — іншае пытаньне. З якой радасьці Кітай будзе займаць бок афіцыйнага Менску ў выпадку канфлікту і псаваць адносіны з Масквой? Гэтыя разьлікі ўсё-такі маюць стратэгічную хібу.