У эканамічным судзе Гомельскай вобласьці спыненая адміністрацыйная справа супраць загіблай прадпрымальніцы Тацяны Дупанавай «у сувязі са сьмерцю фізычнай асобы».
Адміністрацыйная справа Тацяны Дупанавай, якая працавала па найму ў сваёй сястры-прадпрымальніцы, мелася разглядацца 22 чэрвеня. Аднак менавіта ў гэты дзень 55-гадовую жанчыну, маці дваіх дачок і траіх унучак, калегі прыйшлі праводзіць у апошні шлях. Напярэдадні яна выпала з восьмага паверху маласямейкі ў абласным цэнтры, дзе раней жыла і да гэтага часу зарэгістраваная.
Сьледчы камітэт дасьледуе трагічнае здарэньне на вуліцы Ўладзімерава. Калегі Дупанавай лічаць, што гэта суіцыд, зьвязаны з нэрвовым зрывам, выкліканым шэрагам абставінаў у яе прадпрымальніцкай працы: канфіскацыяй тавару, выклікам у падатковую і, як сьцьвярджаюць яе знаёмыя, пагрозамі ад супрацоўнікаў падатковай.
У інспэкцыі МПЗ па Чачэрскаму раёну адмовіліся паведаміць, што будзе з затрыманым таварам. І толькі з жалем заўважылі, што некаторыя інфармацыйныя рэсурсы паказваюць іх «як монстраў».
«Такая ўвага да невялікай інспэкцыі зусім неабгрунтаваная», — лічаць падаткоўцы з Чачэрску.