Нават радыяцыя не спыняе гамельчукоў. Для многіх грыбы ды ягады — адзіная рэальная магчымасьць зарабіць на жыцьцё, не чакаючы абяцанага ўладамі росту эканомікі ды даходаў насельніцтва.
Схаваўшыся ў цень ад гарачага чэрвеньскага сонца, сярэдняга веку кабета, якая назвалася Надзеяй, прапануе пакупнікам Цэнтральнага рынку сьвежыя чарніцы. Яны акуратна насыпаны ў 200-грамовыя плястыкавыя шклянкі.
«Купляйце! Шклянка — 15 тысяч. У мяне самыя чыстыя чарніцы — каля Дзікалаўкі зьбірала. Чысьцейшых ня знойдзеце».
Чарніцы правераныя ў тутэйшай лябараторыі на радыяцыю. Утрыманьне радыенуклідаў цэзію-137 у іх сапраўды невысокае — 15 бэкерэляў на кіляграм.
«А хто ж у мяне купіць „брудныя“?! — кажа кабета. — Людзі ж трошку навучыліся адрозьніваць, што да чаго. Я ж зьбіраю, каб прадаць. Бо на два мільёны 300 тысяч хіба ж можна пражыць? Гэта толькі ў тэлевізары паказваюць, як у нас добра ды стабільна. А наша стабільнасьць — лес, дзе ёсьць грыбы ды ягады».
Праз колькі мэтраў на той жа тэрасе Цэнтральнага рынку прапануюць чарніцы ды лісічкі яшчэ трое зьбіральнікаў «дароў лесу».
Жанчына з чарніцамі цьвердзіць, што правярала ягады на радыяцыю, але нехта выпісаны лябараторыяй цэтлік прыхапіў з сабою.
«Чарніцы з Пярэдзелкі, гэта Лоеўскі раён. Радыяцыі ў іх нават менш, чым па норме», — хваліць свае ягады мужчына ў гадах.
«Дык, можа, дасыпаць — цэзію ці стронцыю, калі «менш, чым па норме»? — жартаўліва падхоплівае сусед, што гандлюе сьвежай бульбай ды гуркамі.
Мужчыны пагаджаюцца, што жарт жартам, а рэальнасьць такая, што пойдзеш і ў лес, і ў балота, і на поле, каб крыху зарабіць на тым, што дае ў цёплае надворʼе прырода. Бо і дзецям трэба дапамагчы, якія вучацца, будуюць кватэры ці маюць крэдыты на спажывецкія патрэбы, і самім трэба жыць і харчавацца, ды яшчэ пантофлі ці кашулю купіць.
У пэрыяд росквіту зеляніны на рынках можна бачыць гандляроў, якія прапануюць кляновыя альбо бярозавыя венікі, а падчас сьвятаў, такіх, як Сёмуха, нават балотны аер.
«Во нарвала ў балоце за пасёлкам Бярозкі, — тлумачыць спадарыня Юля. — Пяць тысяч за вязанку — і пах прыемны, і ад нячысьцікаў бароніць».
Каля міні-рынку ў мікрараёне «Стары аэрадром» часьцяком можна бачыць хударлявага на выгляд мужчыну, які нядорага прапануе гараджанам грыбы — па 25-30 тысяч за кіляграм. Назваўся Яўгенам, яму пяцьдзесят пяць гадоў.
«Год ужо бяз працы — летась скарацілі. Рабіў на абутковай фабрыцы „Праца“. Не выпадае не сядзець склаўшы рукі — перад сямʼёю сорамна. Жонка працуе, а я, выходзіць, дармаед. Хаджу, грыбы зьбіраю. На поўдзень ад Гомеля іх хапае — да самай украінскай мяжы».
Добрую працу былому абутніку знайсьці ў горадзе не ўдалося, бо цяпер на прадпрыемствах больш скарачаюць, чым набіраюць. А хадзіць за два мільёны наладчыкам, маляром ці грузчыкам, як лічыць беспрацоўны гамяльчук, толькі час марнаваць ды абутак таптаць.
Ажывіўся з надыходам лета й прыдарожны гандаль. Да бойкіх аўтатрас зборшчыкі выносяць і грыбы, і ягады.
У вёсцы Акцябар Буда-Кашалёўскага раёну, пры шашы Гомель-Магілёў, вяскоўцы прапануюць цяпер падарожнікам багата садовых ягад — трускалак і малінаў.
«Толькі мяне не фатаграфуйце, імя таксама не пытайце — не скажу, — папярэджвае жанчына, што выставіла на продаж кагадзе выбраныя трускалкі. — А то чакай потым падаткоўцаў альбо сельсавецкіх. А яно мне трэба? Тут хоць бы крыху зарабіць, калі ягада ўрадзіла».