Дзярждума Расеі ўхваліла «антытэрарыстычны пакет». 14-гадовых можна будзе прыцягваць да крымінальнай адказнасьці 

Ірына Яравая

Дзярждума Расеі 23 чэрвеня ў трэцім, канчатковым чытаньні ўхваліла «антытэрарыстычны пакет» законапраектаў, унесены дэпутатам Ірынай Яравой і Віктарам Возеравым з Савету Фэдэрацыі.

Прынятыя папраўкі робяць значна больш жорсткімі цэлы шэраг законаў і абмяжоўваюць правы, гарантаваныя расейскім грамадзянам Канстытуцыяй. Павышаюцца тэрміны і штрафы па некалькіх артыкулах, павялічваецца адказнасьць за заклікі да тэрарыстычнай дзейнасьці і апраўданьне тэрарызму ў інтэрнэце.

Па справах аб тэрарызьме зьніжаны ўзрост прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці да 14 гадоў. У Крымінальны кодэкс ўводзіцца новы артыкул аб міжнародным тэрарызьме, які прадугледжвае пакараньне да пажыцьцёвага зьняволеньня. Акрамя таго, у КК зьявіўся артыкул аб неданясеньні. За «непаведамленьне» пра такія злачынствы, як тэрарызм, захоп улады і замах на жыцьцё дзяржаўнага дзеяча будуць саджаць на тэрмін да аднаго году.

Законапраект таксама абавязвае апэратараў сувязі захоўваць дадзеныя кліентаў на працягу паўгода і падаваць іх праваахоўным органам. Гаворка ідзе пра перапіску, тэлефанаваньні і файлы, якімі абменьваюцца карыстальнікі.

Праваабаронцы і юрысты паддалі рэзкай крытыцы гэтыя папраўкі. На іх думку, прапанаваныя законапраекты груба парушаюць Канстытуцыю Расеі, а сам «антытэрарыстычны пакет» ня мае ніякага дачыненьня да рэальнай барацьбы з тэрарызмам.