У аграсядзібе «Гасьціна», што ў вёсцы Пескі Лідзкага раёна, гаспадар будуе батлейку для дзіцячых беларускіх спэктакляў, а таксама для правядзеньня беларускіх канцэртаў і імпрэзаў. Адчыніць батлейку плянуюць 8 верасьня — у дзень Беларускай вайсковай славы.
Спадар Віталь, гаспадар аграсядзібы кажа, што ідэя стварэньня такой беларускай батлейкі лунала ў паветры ўжо даўно, бо ў Лідзкім раёне нестае вольнай пляцоўкі для беларускіх імпрэзаў, хаця запатрабаванасьць у гэтым вялікая. Цяпер, паводле яго, шмат беларусаў, якія хочуць далучацца да сваёй культуры, а месцаў для гэтага бракуе.
«У ідэале я пляную, што тут будзе такі вясковы тэатар лялек, куды будуць прыяжджаць дзеткі са сваімі бацькамі і глядзець беларускія пастаноўкі. Апроч гэтага, хочацца стварыць тут сапраўдны дух беларускае вёскі. Вось у мяне тут і куры, і гусі, і авечкі, і сьвіньня, і козы гуляюць на панадворку. Тут пануе сапраўдны беларускі вясковы калярыт, я нават платы пачаў рабіць такія, як некалі былі на вёсцы, і гэтым усім хачу стварыць праўдзівую атмасфэру беларускай вёскі. Хочацца, каб нашы дзеткі прыехалі сюды ня толькі паскакаць, а маглі зразумець адкуль ў эўраоптах бярэцца курыца, малако і іншыя харчы».
Спадар Віталь кажа, што ў рэалізацыі ягонай ідэі яму дапамагаюць толькі сябры і беларускі дух, які іх аб’ядноўвае. Таму ён плянуе, што ў батлейцы знойдзецца месца і для дарослых.
«У нас ёсьць шмат цікавых беларускіх бардаў і артыстаў. Я мару, каб тут магла зьбірацца грамада і слухаць іх выступы. У беларускай вёсцы заўсёды побач зь цяжкай працай жыла і культура, якая давала народу сілы і натхненьне. Мне таксама хочацца, каб тут запанавала беларуская культура і прыцягвала сюды ўсіх ахвотных. Дарэчы, мы плянуем адкрыцьцё нашае батлейкі на 8 верасьня (гэта Дзень беларускай вайсковай славы) — фэстам беларускіх музыкаў».
Сярод тых, хто дапамагае спадару Віталю ў будаўніцтве ягонай батлейкі, — Вітольд Ашурак зь Бярозаўкі. Ён кажа, што ідэя Віталя яго захапіла, і ён стараецца ўвесь вольны час праводзіць тут, каб дапамагаць гаспадару:
«Тое, што распачаў Віталь, — вельмі патрэбная справа, бо мы ўсе бачым, у якім заняпадзе беларуская культура, і яе трэба ратаваць. А калі беларусы пачнуць гуртавацца на глебе беларускай культуры, то плён ад гэтага будзе абавязкова».
Ашурак расказвае, што сам пазнаёміўся са спадаром Віталём толькі год таму, і выпадкова. Ехаў сабе кудысьці, ажно ўбачыў на хаце бел-чырвона-белы сьцяг. Таму і завітаў да гаспадара сядзібы. Кажа, што так робяць і іншыя людзі:
«Цудоўна, калі і дзеткі будуць далучацца да беларускага лялечнага тэатру, і дарослыя змогуць паслухаць беларускіх музыкаў, паразмаўляць і падыскутаваць у беларускім асяродзьдзі. Гэта мяне асабіста вельмі натхняе».