Варшава з кнігай у руках

Афіша Big Book Festival

Чэрвень — час правядзеньня ў Варшаве Big Book Festival. Якому папярэднічаў сёлета сьвежапрыдуманы «тыдзень камэральных кнігарняў». Яго наладзілі за два месяцы. Я быў падпісаны на новую ініцыятыву ў фэйсбуку і атрымліваў паведамленьні аб тым, як акрэсьліваўся будучы «тыдзень». Апроч гэтага існуе ініцыятыва «Варшава чытае». Ну, а ў траўні ў польскай сталіцы, як вядома, адбыўся Міжнародны кніжны кірмаш.

Чытаньне ў ложку

Для мяне Big Book Festival пачаўся з размовы крытыкаў у кнігарні Radio Telewizja. Сярод удзельнікаў было вядомае мне імя Юстыны Сабалеўскай, літаратурнага аглядальніка часопісу Polityka. Ня раз бачыў яе ў перадачах тэлеканалу Kultura, яе часта запрашалі паразмаўляць аб творах пісьменьнікаў.

Што крыху расчаравала: на сустрэчы было толькі пятнаццаць чалавек, улічваючы нас з дачкой. Дакладна столькі, колькі прыйшло на маю прэзэнтацыю ў Горадні, сьпехам арганізаваную. Тым часам крытыкаў для пацехі публікі было чацьвёра. Што такое чытаньне для паляка сёньня? — ставіць пытаньне Юстына Сабалеўская і сама адказвае —гэта добры снабізм.

Праўда, палякі недастаткова цікавяцца кнігамі, чытаюць як правіла дзеці бацькоў-чытачоў. І немагчыма сёньня ўявіць такую размову паміж каханымі: калі ня будзеш чытаць, ня пойдзем да ложка. Тым жа часам у заходнім кіно героі часта чытаюць перад сном.

«Тыдзень кнігарняў» меў на мэце скараціць адлегласьць паміж аўтарам і чытачом, каб яны размаўлялі. Аднак да гэтага многія аказаліся негатовыя, у чытачоў проста не знаходзілася пытаньняў. Тым ня менш, пісьменьнікам трэба больш бываць у кнігарнях, ім трэба мець свой куток, мець магчымасьць там працаваць. (Мне падумалася, што ў нашых кнігарнях пісьменьнікаў наогул не чакаюць. А вось у амэрыканскіх, ангельскіх, францускіх фільмах можна часта ўбачыць прэзэнтацыю новых твораў менавіта ў кнігарні, дзе прадугледжана месца для сустрэчы з чытачамі).

Мяне заўсёды захапляла колькасьць польскіх літаратурных часопісаў. Аднак крытыкі аднадушныя: на жаль, яны сваё пакрысе аджываюць, фінансава сябе не апраўдваюць. Канечне, яны традыцыйна стваралі інтэлектуальныя асяродкі. Аднак сёньня зь сямісот асобнікаў рэальна можна прадаць толькі сто-дзьвесьце, астатнія даводзіцца раздаваць. Падпіску мала хто можа сабе дазволіць, гэта дорага. Але пакуль часопісы выдаюцца, трывае традыцыя прэстыжу папяровага выданьня.

«Сьняданьне на траве»

Даволі тусовачнае мерапрыемства ранкам у нядзелю. Але публікі хапае. У адкрытым намёце сталы зь ежай. Міса з радыскай, бохан. Дзьве вядоўцы, Малгося Мінта і Дар’я Паўлеўска, успамінаюць вядомыя творы, робяць бутэрбродзікі, частуюць слухачоў.

Зь літаратуры пераходзяць да жыцьця. Дзе добрыя сьняданкі ў Варшаве? У якіх гатэлях? А ці смачна кормяць раніцай у іншых гарадах? І не ўстрымацца ад уласнага ўспаміну зь лёнданскага гатэлю, дзе незабыўныя тосты з авакада і яйкам, вельмі аўстралійскія. Яе супольніца выказвае надзею, што ў новых творах польскіх пісьменьнікаў будзе больш апісаньняў файных сьняданкаў.

Уласна кажучы, кулінарыі ў творах была прысьвечана частка фэстывалю, дасьціпна аб’яднаная пад рубрыкай «Літаратура для кухарак».

Калі на «сьняданьне зь пісьменьнікам» прыйшлі некалькі дзясяткаў, то на сустрэчах зь пісьменьнікамі гледачоў было значна больш.

Кнігарня каля палаца Шустра

Big Book Festival гэтым разам адбываўся ня ў самым цэнтры, а ў парку каля палаца Шустра, што на вуліцы Morskie Oko (гэта і назва самога парку). На ўваходзе вялікі помнік вядомаму мастаку Яну Матэйку з бронзавым блазнам у нагах.

За тры дні адбыліся шэсьцьдзесят спатканьняў, былі запрошаныя сто пісьменьнікаў ды іншых гасьцей. Арганізатары рэклямавалі фэстываль як «адзіную такую міжнародную падзею ў Варшаве», як цалкам адкрыты «аўтарскі фэстываль для энтузіястаў чытаньня». Ён адбыўся чацьвёрты раз.

Быкаў, раскажы пра Расею

Летась на фэстываль запрасілі Ўладзіміра Сарокіна з Масквы і нашу Сьвятлану Алексіевіч. Сёлета ўдзельнічалі два расейскія пісьменьнікі — Дзьмітры Быкаў і Барыс Акунін. У апошняга цікавіліся пераважна палітыкай. Але першай была сустрэча з Быкавым.

Ён пачаў з эпатажу: Варшава некалі была трэцім горадам «у краіне» (у Расейскай імпэрыі). На жаль, сёньня Расея зноў робіць ня тое, што трэба. Гэтым яна, паводле пісьменьніка, займаецца сёмы раз запар — за сем стагодзьдзяў. Аднак ён ня любіць крытыкаваць радзіму па-за яе межамі. Хаця за што любіць цяперашнюю Расею? Адказ пісьменьніка: любоў ня знае прычын. За што мы любім Польшчу? Яна «чужая, але ў душы заўсёды наша». Нянавісьць Дастаеўскага да Польшчы была «вычварэнскай формай любові».

На пытаньне пра кіраўніка Расеі Быкаў адрэагаваў своеасабліва: яму «нецікава абмяркоўваць літаратара Пуціна» (у Маскве толькі што выйшаў трохтомнік ягоных выступаў). Між іншым, у Польшчы нядаўна надрукавалі новую кнігу аб прэзыдэнце РФ.

Новая кніга пра Пуціна

Сам Быкаў заўважае, што «каб напісаць праўду аб сёньняшняй Расеі, патрэбная вышыня погляду» і «вялікая мэтафізычная сьмеласьць». Наймацней, на ягоную думку, аб Расеі цяперашняй гаворыцца ў творах Людмілы Петрушэўскай, важныя рэчы напісаў Віктар Пялевін. Што датычыць асэнсаваньня расейскай гісторыі — Барыс Акунін.

А што думае наконт папулярнага Захара Прылепіна? Прылепін напісаў захапляльны твор аб Салаўках, як калісьці Горкі, адказвае Быкаў. І абодва яны з аднаго гораду — Ніжняга Ноўгараду, які ў савецкі час называўся Горкім. Будзе горад называцца і Прылепіным, але нядоўга, жартуе Быкаў і падсумоўвае: «Ён моцны, таленавіты, але зрабіў няслушную стаўку...» І тут кабета-вядоўца абсалютна недакладна перакладае словы на польскую, хаця часам у яе гэта атрымліваецца проста выдатна.

Пытаньне, якое нярэдка задаюць госьцю на сустрэчах: роля Дзьмітрыя Быкава сёньня, пісьменьніка і журналіста?

Ён адказвае з гумарам: «Я прыцягваю максымальную колькасьць нянавісьці і тым палягчаю існаваньне іншым». І працягвае: «Нянавісьць ня ведае прычын, гэта моцнае ірацыянальнае пачуцьце, якое сьведчыць, што перад намі геній...» А заканчвае зусім паважна: калі мастак хоць крыху арыгінальны, першая рэакцыя на яго — адпрэчаньне.