Расейскіх танкістаў узнагародзілі бюстамі Пуціна

Вайскоўцы з Муліна неаднойчы траплялі ў поле зроку сьледчых, якія шукаюць у інтэрнэце доказы прысутнасьці расейскіх войскаў на ўсходзе Ўкраіны.

Танкістаў расейскай вайсковай часткі № 54096, разьмешчанай у Ніжагародскай вобласьці, узнагародзілі бюстамі Уладзімера Пуціна «За лепшае выкананьне страявой песьні».

Актывісты групы Inform Napalm зьвярнулі ўвагу на фотаздымак ганаровай граматы за перамогу ў конкурсе, апублікаваны ў запісе аднаго з вайскоўцаў у канцы сакавіка. Грамата падпісаная камандуючым 1-й танкавай арміяй генэрал-маёрам Аляксандрам Чайко.


У той жа публікацыі ёсьць яшчэ адзін фотаздымак — на ім салдаты стаяць з прызамі ў руках — "драўляным танчыкам (як ён названы ў камэнтары аўтара публікацыі) і бюстам расейскага прэзыдэнта.


Вайскоўцы з Муліна неаднойчы траплялі ў поле зроку сьледчых, якія шукаюць у інтэрнэце доказы прысутнасьці расейскіх войскаў на ўсходзе Ўкраіны.

У лютым 2016 году было апублікавана расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджалася, што аднаго з танкістаў 6-й асобнай танкавай брыгады ў Муліне асабіста ўзнагародзіў гадзіньнікам міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Аўтары расьсьледаваньня, група Conflict Intelligence Team, выказалі здагадку, што каштоўны падарунак стаў узнагародай за раненьне ў баях пад украінскім горадам Дэбальцава.

У студзені 2015 году бацькі салдат скардзіліся, што іх дзяцей прымушаюць падпісваць кантракты і адпраўляюць служыць у Растоўскую вобласьць.

У жніўні 2014 году танкісты з гэтай часткі патрапілі ў палон ва Ўкраіне, пад Ілавайскам — аб месцы сваёй службы ў Расеі яны самі распавялі на відэа, апублікаваным Службай бясьпекі Ўкраіны.

Расея ад самага пачатку канфлікту адмаўляе ўдзел сваіх вайскоўцаў у вайне ў Данбасе, нягледзячы на шматлікія сьведчаньні адваротнага — напрыклад, гісторыю бурацкага танкіста Доржы Батамункуева, цяжка параненага ў баях пад Дэбальцавам ў лютым 2015 году.