Суд высьвятляў, ці быў звольнены актывіст СПБ «добрасумленным працаўніком»

Мікалай Шарах

Судзьдзя Зузана Плакса пачала разгляд зыску намесьніка старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалая Шараха да прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно», зь якога ён быў звольнены ў красавіку.

Судовы разгляд адбываўся на проста на прадпрыемстве — у адміністрацыйным будынку — нібыта дзеля зручнасьці: каб апэратыўна зьяўляліся сьведкі, задзейнічаныя ў вытворчым працэсе, або была магчымасьць неадкладна прадставіць усе дакумэнты на патрабаваньне суду. Тым ня менш, прадстаўнік адказчыка Васіль Зацірахін, загадчык аддзелу прававога забесьпячэньня, паабяцаўшы, што сьведкі прыбудуць неадкладна па выкліку, так і ня змог патлумачыць, чаго яны не зьявіліся.

Таксама ён запярэчыў на хадайніцтва Мікалая Шараха, каб на працэсе былі дазволены фота- і відэаздымкі. Шарах казаў пра грамадзкую значнасьць працэсу для Свабоднага прафсаюзу і іншых работнікаў, бо мае месца дыскрымінацыя па прафсаюзнай прыкмеце. Аднак Васіль Зацірахін заявіў, што грамадзкага значэньня ў гэтай справе няма, і ўсяляк імкнуўся прадставіць справу так, што прафсаюзны актывіст быў нядобрасумленным работнікам. Да таго ж меў слабае здароўе, і прадпрыемства яго «пашкадавала», звольніўшы за два гады да дасягненьня пэнсійнага ўзросту.

Віктар Стукаў



Размова пра нядобрасумленнасьць стала ключавым момантам у судовым разьбіральніцтве. Справа ў тым, што Мікалая Шараха папярэдзілі пра непрацягненьне кантракту на падставе зьмененай калектыўнай дамовы. Дарэчы, прадстаўніка СПБ у камісію, якая прымала гэтыя зьмены, таксама не ўключылі, кажа кіраўнік «пярвічкі» СПБ Віктар Стукаў:

«Раней у калектыўнай дамове, якая распрацоўваецца на падставе заканадаўства, гаварылася проста: з работнікам перадпэнсійнага ўзросту заключаецца новы кантракт, калі ён добрасумленны працаўнік. Цяпер дадалася фармулёўка, што кантракт заключаюць з працаўніком, які ня меў працоўных спагнаньняў падчас дзеяньня апошняга кантракту. Тэрмін дзеяньня працоўнага спагнаньня, напрыклад, вымовы, — адзін год, потым правіна ўжо ня лічыцца. Цяпер жа для працаўнікоў сытуацыя ўскладнілася — вызначылі нейкія нічым не апраўданыя тэрміны. Прыкладам, Мікалай меў дзьве вымовы ў 2012 годзе — за парушэньне тэхнікі бясьпекі і прагул, якія яму залічылі, не адпусьціўшы на сэмінар. Праз год вымовы касуюцца, у 2013 годзе парушэньняў не было... Аднак яны сталі падставай для звальненьня ажно ў 2016 годзе!»

Мікалай меў дзьве вымовы ў 2012 годзе, аднак яны сталі падставай для звальненьня ажно ў 2016.

Пра тое, як ён атрымаў вымову ў 2014 годзе, суду распавёў сам Мікалай Шарах:

«Здарылася так: я праспаў. Але схапіў таксоўку і спазьніўся ўсяго на 10 хвілін. Іншых работнікаў за такое нават не караюць. Але я тут жа атрымаў спагнаньне — пазбаўленьне 25 адсоткаў прэміі. Ну, не паспрачаесься — сапраўды ж праспаў... Але праз два дні выходзіць іншае распараджэньне: прэмію не чапаць, затое абвясьціць мне вымову. Ня выключана, што ўжо тады адміністрацыя думала, як мяне звольніць. Праўда, у 2015 годзе аніякіх парушэньняў зноў не было! І тады прыдумалі зьмены ў калектыўную дамову».

Мікалай Шарах працаваў на ААТ «Полацак-Шкловалакно» з 1985 году, займаў пасаду памочніка майстра ў цэху вытворчасьці шкловалакна, ён мае найбольшы досьвед працы ў сваім цэху і дзьве вышэйшыя адукацыі — тэхнічную і юрыдычную. І за гэтыя больш як 30 гадоў ён спазьніўся на працу ўсяго аднойчы. Аднак Васіль Зацірахін заявіў суду, што Шарах — нядобрасумленны работнік, бо мае тры зафіксаваныя парушэньні, і пачаў рабіць намёкі, што былі яшчэ іншыя, незафіксаваныя... Праўда, апошняга пацьвердзіць не было чым.

Потым ён заявіў, што ў Мікалая Шараха «паважны ўзрост» і «ня дужа добрае здароўе», якія ёсьць перашкодай для працягненьня кантракту. Адкуль у яго зьвесткі пра здароўе работніка, прадстаўнік адміністрацыі патлумачыць ня мог, і нічога не адказаў на заўвагу, што сам ён — усяго на год маладзейшы, але працы кідаць не зьбіраецца...

Суд будзе працягнуты 23 чэрвеня. Судзьдзя Зузана Плакса выклікала шэраг сьведак, якія мусяць патлумачыць, навошта запатрабавалі ад Мікалая Шараха заяву пра выхад на пэнсію, увёўшы яго ў зман.

Актывіст СПБ патрабуе ад ААТ «Полацак-Шкловалакно» аднаўленьня на ранейшай пасадзе і на ранейшых працоўных умовах, грашовай кампэнсацыі за вымушаны прагул, кампэнсацыі маральнага ўрону ў памеры 10 мільёнаў рублёў, а таксама захадаў адміністрацыі, каб на прадпрыемстве не было дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце.

Актывісты СПБ распаўсюджваюць бюлетэнь «Стекляшка» (архіўнае фота)



Мікалай Шарах пэўны, што аднаўленьне на працы і будзе першай прыкметай адмовы ад дыскрымінацыі сяброў незалежнага прафсаюзу. Таксама ён будзе змагацца, каб зьмены ў калектыўнай дамове былі скасаваныя, бо яны пагаршаюць становішча працаўнікоў.