Франк-Вальтэр Штайнмаер, міністар замежных справаў Нямеччыны, зьвярнуўся на старонках «СБ Беларусь Сегодня» да беларусаў у 75-ю гадавіну нападу Гітлера на СССР.
Зранку 22 чэрвеня 1941 году, піша Штайнмаер, пачалося сапраўднае пекла:
«Іх страшным, ашалелым і прадыктаваным маніяй велічы заданьнем было забясьпечыць „расе паноў“ „доўгачаканае, заслужанае і наканаванае лёсам панаваньне над усёй Эўразіяй“, а таксама заняволеньне або зьнішчэньне жыхароў Савецкага Саюзу. Нацысцкая ваенная і карная машыны дзейнічалі пры гэтым насуперак усім дамоўленасьцям, як гром сярод яснага неба, выступаючы супраць нядаўняга ўласнага саюзьніка».
Згадваючы злачынствы вайны, бітвы і блякады, дзясяткі мільёнаў ахвяраў, нямецкі міністар заклікае памятаць, што агрэсія, вайна на зьнішчэньне, расавая ідэалёгія пра «недачалавекаў» абрынулася на Савецкі Саюз з гітлераўскай Нямеччыны. Ахвяры вайны, адзначае ён, не забытыя ні ў краінах былога СССР, ні ў Нямеччыне. А немцы ўдзячныя, што народы былога СССР працягнулі ім руку ў знак прымірэньня.
«Словы гэтыя, зрэшты, не прымяншаюць і злачынстваў сталінскай эпохі, пра якія нельга забываць людзям добрай волі, якія перамаглі нацызм і фашызм», — дадае Штайнмаер.
Менавіта ў часы, калі ў Эўропе існуе «пагроза ўзьнікненьня новых разьдзяляльных лініяў», Штайнмаер лічыць неабходным зноў і зноў асэнсоўваць значнасьць агульных успамінаў пра падзеі Другой усясьветнай вайны:
Аднабаковае зьмяненьне межаў, якое супярэчыць нормам міжнароднага права, і парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці суседніх дзяржаваў перамяшчаюць нас у той час, які мы, здавалася б, ужо пераадолелі, і вяртацца ў які ніхто не жадае
«Аднабаковае зьмяненьне межаў, якое супярэчыць нормам міжнароднага права, і парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці суседніх дзяржаваў перамяшчаюць нас у той час, які мы, здавалася б, ужо пераадолелі, і вяртацца ў які ніхто не жадае».
Дыялёг між краінамі, супольнае ўшанаваньне памяці і цесная сувязь між грамадзтвамі, мяркуе ён, дазволяць прадухіліць «адчужэньне, што паступова расьце» ў «сьвеце, які распадаецца на часткі»:
«Ня варта прымаць мір у Эўропе як належнае — нават сёньня! Захаваць мір можна толькі працуючы над гэтым — дзень пры дні! Там, дзе нешта пагражае міру, нам — тым, хто нясе сёньня адказнасьць, — неабходна ўзяць на сябе задачу зрабіць правільныя высновы з нашай супольнай гісторыі.
Мне хацелася б, каб і ў абыходжаньні з канфліктамі нашага часу мы ніколі не забывалі, што нас, эўрапейцаў, аб’ядноўвае больш, чым разьядноўвае.
Калі мы чымсьці абавязаныя ахвярам вайны, салдатам у безыменных магілах, старым, жанчынам і дзецям, якія падвяргаліся катаваньням і былі забітыя, дык гэта — супольна шанаваць памяць аб іх пакутах, аб прынесенай імі ахвяры і штодня паўтараць: „Больш ніколі!“»