У Берасьці адбылася «рэканструкцыя апошняга мірнага дня 21 чэрвеня 1941 году». Фота

Парад рэканструктарскіх клюбаў, дзеці ў вайсковай вопратцы, вершы ў гонар чэкістаў, якія «выкрывалі здраднікаў Радзімы» — так прайшлі гуляньні ў Берасьці ў гонар апошняга перадваеннага дня.

На вуліцы Гогаля ў Берасьці адбыўся «парад» зь некалькіх адзінак бранятэхнікі часоў другой сусьветнай вайны, каля помніку тысячагодзьдзю Берасьця прайшла калёна «чырвонаармейцаў» з рэканструктарскіх клюбаў розных краінаў.

Парад бранятэхнікі перадваенных часоў у Берасьці

Берасьцеец прыйшоў у цішотцы ў гонар свайго дзеда

Сотні берасьцейцаў прыйшлі паглядзець на танцы савецкай эпохі, многія апраналі майкі з савецкай сымболікай. Працаваў намёт, дзе жадаючыя за мільён рублёў маглі набыць сваім дзецям чырвонаармейскую вопратку.

За мільён рублёў некаторыя берасьцейцы набывалі сваім дзецям форму чырвонаармейцаў


Маленькія дзяўчынкі ў вайсковай форме

Каля стэнду НКВД выступаў прамоўца, які чытаў вершы савецкіх паэтаў 20-30-х гадоў у гонар чэкістаў, якія «выкрывалі здраднікаў Радзімы».

Каля стэнду НКВД чыталіся вершы ў гонар чэкістаў, якія “выкрывалі здраднікаў Радзімы”


Працавала шмат выставаў фотаздымкаў, плякатаў савецкіх часоў.

Падлетак начышчае абутак чалавеку з расейскім сьцягам на шэўроне


Прысутнічала шмат расейцаў, некаторыя зь якіх уздымалі сьцягі сваіх унівэрсытэтаў, рэканструктарскіх клюбаў. На гуляньнях у суправаджэньні расейскіх афіцэраў прысутнічаў былы генэральны консул Расеі ў Берасьці Мікіта Маткоўскі.

Былы генэральны консул Расеі ў Берасьці Мікіта Маткоўскі (другі справа)


Сярод звычайных гараджанаў прагульвалася міліцэйскае кіраўніцтва Берасьця, апроч міліцыянтаў у форме прысутнічалі і людзі ў цывільным з рацыямі.

Мужчына з вымпелам у гонар наркама НКВД Лаўрэнція Берыі

“Чырвонаармейцы” гутараць за куфлям піва

“Дайшлі да Бэрліна” – цішотка на ўдзельніку берасьцейскіх гуляньняў

На досьвітку 22 чэрвеня ў Берасьцейскай крэпасьці адбудзецца рэканструкцыя нападу Нямеччыны на Савецкі саюз, у якой прымуць удзел дзясяткі вайскова-рэканструктарскіх клюбаў зь многіх краінаў. У гэтым годзе ў Берасьце прыехалі рэканструктары нават зь Японіі.

“Чырвонаармейцы” каля помніку тысячагодзьдзю Берасьця