Дзярждума ў другім і трэцім чытаньнях прыняла прапанаваны прэзыдэнтам Пуціным законапраект. Расейцы, накіраваныя ў Сырыю з 30 верасьня 2015 году для выкананьня спэцыяльных задач, атрымалі статус вэтэранаў баявых дзеяньняў.
У законапраекце гаворыцца, што на гэтых грамадзян распаўсюджваюцца меры сацыяльнай падтрымкі, устаноўленыя законам «Аб вэтэранах». Ужо ў 2016 годзе на гэтыя мэты плянуецца вылучыць амаль 968 мільёнаў рублёў.
Намесьнік міністра абароны Анатоль Антонаў заявіў, што колькасьць такіх вэтэранаў складзе прыкладна 25 тысяч чалавек. Раней у паведамленьнях аб магчымай колькасьці расейскага вайсковага кантынгенту ў Сырыі гаворка ішла аб прыкладна дзьвюх тысячах чалавек.
У сакавіку 2016 году расейскія ўлады афіцыйна паведамілі пра вывад з Сырыі «асноўнай часткі» войскаў. Пасьля гэтага там застаўся абмежаваны расейскі кантынгент, які, як сьцьвярджае Крэмль, дапамагае войскам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада ў барацьбе з экстрэмістамі.
Пры гэтым, паводле ацэнак ЗША, маштабы расейскай вайсковай прысутнасьці ў Сырыі фактычна не зьмяніліся.
З 30 верасьня 2015 году, паводле афіцыйных дадзеных, у Сырыі загінулі 11 расейскіх вайскоўцаў.