Праблема элітаў. Ці мае рацыю Алексіевіч?

Падчас сёлетняга пасланьня Аляксандра Лукашэнкі.

Ці мае рацыю пісьменьніца ў сваёй ацэнцы, што «самая галоўная праблема — гэта праблема элітаў».

Цыганкоў: Грамадзкую дыскусію выклікалі новыя заявы Сьвятланы Алексіевіч, на гэты раз зробленыя ў ЗША. Паводле меркаваньня беларускага нобэлеўскага ляўрэата, самая галоўная праблема краіны — гэта праблема элітаў: «У Беларусі гэтая праблема абсалютна відавочная. З аднаго боку, эліту нашай краіны зьнішчыў Сталін, з другога боку, Гітлер падчас вайны зьнішчыў габрэяў. Гэта была галоўная культурная праслойка ў нашай краіне. На гэтым стаяла культурная стабільнасьць і трываласьць. Зараз гэта сялянскае насельніцтва без эліты і, зразумела, веды толькі адны — сялянскія. Вось старшыня калгаса — вось гэта правадыр, вось гэта лідэр».


Словы Алексіевіч — гэта ня нешта новае. Пра праблемы з элітамі (і часам менавіта ў такім рэчышчы) крытычна кажуць даўно, і самыя розныя беларускія палітыкі, пісьменьнікі, публіцысты. Але я б пашырыў гістарычную спасылку на большы час. Эліты Беларусі яшчэ да ХХ стагодзьдзя амаль цалкам пераходзілі ў іншыя культуры, аддавалі сябе Польшчы, потым Расеі. Ды і за савецкім часам многія (асабліва ў галіне тэхнічнай, палітычнай) бачылі вяршыню сваёй кар’еры ў Маскве, менавіта туды імкнуліся многія найлепшыя прадстаўнікі ў самых розных сфэраў. На такім фоне Беларусь сустрэла незалежнасьць ў 91-м.

Словы Алексіевіч пра адсутнасьць элітаў у пэўным сэнсе здымаюць адказнасьць з народу

Словы Алексіевіч пра адсутнасьць элітаў у пэўным сэнсе здымаюць адказнасьць з народу. «Людзі разумнейшыя за апазыцыю і за ўладу, але не маюць ідэі, як арганізавацца», — кажа Алексіевіч. Гэта такое народніцтва, якое дзесяцігодзьдзямі было ўласьцівае расейскай інтэлігэнцыі — маўляў, народ добры, але вось вярхушка, у дадзеным выпадку інтэлігенцыя, няправільная альбо «недапрацоўвае». Думаю, ня варта здымаць адказнасьць і з народу. Нельга сказаць, што эліты не прапаноўвалі альтэрнатыўных варыянтаў народу, і ў 91-м, і ў 94-м, і пазьней. Прапаноўвалі, і клікалі за сабой. Але народ выбраў іншы палітычны і сацыяльны шлях — дык ці толькі эліта ў гэтым вінаватая?

Таксама супярэчлівасьць я бачу ў наступных словах Алексіевіч: «Людзі расчараваліся і не хочуць ніякіх пастыраў. Яны нікому не вераць. І так будзе працягвацца пэўны час». Ну калі сыходзіць з гэтага тэзісу, то якая розьніца, якія ў нас эліты і што яны прапаноўваюць — людзі ж ўсё роўна нікому ня вераць.

Карбалевіч: Не сказаў бы што гэтая тэза зусім новая. У нейкіх, магчыма, іншых словах, але такая думка ўжо не раз выказвалася беларускімі інтэлектуаламі. Гэта вялікая і шматгранная праблема, і за 10 хвілін яе ўсебакова не асьвятліць. Таму толькі некалькі штрыхоў.

Безумоўна, пэўная рацыя ў такой думцы ёсьць. У любой краіне за яе лёс адказваюць эліты. Але тут трэба ўвесьці адну папраўку. У ХІХ- напачатку ХХ стагодзьдзя, калі фармаваліся эўрапейскія нацыі, роля элітаў была вырашальная. Яны прымалі рашэньні аб лёсе нацыі, не пытаючыся ў народа. Дэмакратыя ў сёньняшнім разуменьні яшчэ толькі фармавалася. Свабодных выбараў, у якіх удзельнічае ўвесь народ, не было. І эліта мела такую раскошу, як прымаць рашэньні, не зважаючы на волю народа, на народнае волевыяўленьне.

Сёньня, на шчасьце ці на гора, мы жывём ў эпоху дэмакратыі. І любы палітык павінен кожны крок узгадняць з народам. Гэта, дарэчы, адна з прычынаў таго, што цяпер, як пішуць шмат аналітыкаў, у заходнім сьвеце не зьяўляецца выбітных дзяржаўных дзеячаў, якія б стваралі новую парадыгму разьвіцьця, фігураў, параўнальных паводле маштабу з генэралам дэ Голем і Чэрчылям. Бо цяпер жа па кожным пытаньні палітыкі вымушаныя раіцца з насельніцтвам, прыстасоўвацца да ўяўленьняў пра сьвет шараговых абывацеляў, у іх моцна зьвязаныя рукі.

Праблема Беларусі ў тым, што беларуская намэнклятура вельмі савецкая па мэнталітэце

Можна запярэчыць, што для Беларусі гэта не актуальна, бо тут жа ўлада незалежная ад грамадзтва. Так, але, па-першае, Лукашэнка першы раз быў абраны на дэмакратычных выбарах, па-другое, паводле незалежных сацыёлягаў, амаль усе апошнія 20 гадоў яго падтрымлівала прынамсі палова насельніцтва. Іншая праблема, ці могуць увогуле быць уладары думак ва ўмовах інфармацыйнага грамадзтва. Час, калі ўся краіна глядзела адзін тэлеканал, бачыла там адных і тых жа палітычных, грамадзкіх ці культурных пэрсанажаў, прайшоў. Цяпер кожная група насельніцтва жыве ў сваім інфармацыйным атачэньні, сярод сваіх фрэндаў у сваёй сацыяльнай сетцы. І часта ня ведае, што адбываецца ў суседзяў.

Праблема Беларусі ў тым, што беларуская намэнклятура вельмі савецкая па мэнталітэце. У гэтым, напрыклад, адна з прычынаў, чаму ў пачатку 1990-х гадоў яна не пайшла на прыватызацыю — гэта савецкія ўяўленьні пра агульнанароднае багацьце.

словы пісьменьніцы — гэта не паліталёгія, гэта паэзія, гэта прароцтва

Дракахруст: Калі ўспрымаць тэзу Алексіевіч як паліталягічную, як канстатацыю, то яна сапраўды ўяўляецца даволі сумнеўнай і спрэчнай. Зараз эліты няма, а ў гады перабудовы была? Справа ў тым, што Сталін і Гітлер былі да гадоў перабудовы, і калі эліта была зьнішчаная імі, то яе і ў часы перабудовы не было. Можа і не было, але на незалежнасьць, на зрынаньне камунізму хапіла.

У Беларусі няма эліты. А ў Расеі таксама? Алексіевіч кажа, што Гітлер перабіў усіх габрэяў у Беларусі — ну а ў Расеі ня ўсіх. Там ён толькі да Масквы дайшоў. І што — ў Расеі ўсё квітнее? Дэмаграфічна няслушная і тэза пра сялянскую нацыю. Польшча, Літва, Ўкраіна, Латвія больш сялянскія, чым Беларусь. Беларусь — самая ўрбанізаваная краіна рэгіёну разам з Расеяй.

Але словы пісьменьніцы — гэта не паліталёгія, гэта паэзія, гэта прароцтва, гэта вострае адчуваньне сваёй адказнасьці. І ў гэтым сэнсе я яе абсалютна разумею і падзяляю яе тэзу.

У Беларусі няма эліты. А ў Расеі таксама?

Алексіевіч памятае савецкія часы, гады да перабудовы і падчас яе, калі многім людзям здавалася, што вось ёсьць камунізм, ёсьць гэтая сьвінцовая пліта, якая нас усіх прыціскае. І калі б яна нейкім цудам зьнікла, то ўсё стала выдатна. Пліта сапраўды цудам і сапраўды зьнікла. Але выдатна ня стала, ў Беларусі ў прыватнасьці.

А ад каго, ад чаго залежала, як у каго стала? А насамрэч сапраўды ад элітаў, якія нешта маглі напрацаваць, якія ў нечым змаглі людзей пераканаць, якія змаглі ўсталяваць нейкія нормы, паводле якіх пазьней, калі пліта зьнікла, ў Эстоніі справы пайшлі адным шляхам, у Туркмэністане — іншым, ну а ў Беларусі — паміж тым і тым. Дык вось ад каго залежыць, каб калі наступны раз здарыцца чарговы цуд, пайшло ў Беларусі ўсё ж такі бліжэй да Эстоніі, чым да Туркмэністану? Ад нас, ад таго, што мы гаворым і робім сёньня.

Вось з такім пасылам спадарыні Алексіевіч я абсалютна згодны, нават калі яна не мае рацыю ані дэмаграфічна, ані паліталягічна.