Да 85-годзьдзя знанай беларусістскі, былой кіраўніцы катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту і катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, першага амбасадара Польшчы ў Беларусі Эльжбеты Смулковай друкуем некаторыя разьдзелы кнігі журналіста Радыё Свабода Валера Каліноўскага «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні».
Беларускія чыноўнікі і мова
Пасьля абвяшчэньня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце і прыняцьця Закону аб мовах пачаўся пэрыяд паступовага ўвядзеньня беларускай мовы ў палітычнае і афіцыйнае жыцьцё, а асабліва ў школьніцтва. Памятаю парлямэнцкія дэбаты і розныя дыпляматычныя сустрэчы, на якіх я прысутнічала з 1991 году і якія праводзіліся па-беларуску або адначасова па-расейску і па-беларуску. Пры гэтым ніхто ня скардзіўся, што гэтая дзьвюхмоўнасьць пагаршае перадачу зьместу камунікацыі. Тады былі прагнозы, што хопіць максымум 10 гадоў, каб у новапаўсталай беларускай дзяржаве адрадзіць зацікаўленасьць уласнай ідэнтычнасьцю і перайсьці на паўсюднае выкарыстаньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця.
Эльжбета Смулкова
Эльжбета Смулкова. Фотажыцьцяпіс. Фотагалерэя цалкам у вялікім памеры тут
Эльжбета Смулкова была першым амбасадарам замежнай дзяржавы ў Менску, які свабодна гаварыў на беларускай мове, частка яе супрацоўнікаў у амбасадзе таксама гаварыла па-беларуску, што выклікала прыязную рэакцыю беларусаў, расцэньвалася як знак салідарнасьці з маладой краінай і падтрымкі нацыянальнага адраджэньня. Пазьней з пані Эльжбеты ўзялі прыклад амбасадары ЗША Джордж Крол (н. 1956) і Швэцыі — Стэфан Эрыксан (н. 1962), якія таксама вывучылі беларускую мову і карысталіся ёю публічна. Звычайна, калі амбасадар Эльжбета Смулкова сустракалася з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, апазыцыі, грамадзкасьці або ехала зь візытамі ў рэгіёны, то імкнулася зьвяртацца да беларускіх суразмоўцаў менавіта па-беларуску.
Your browser doesn’t support HTML5
«Хоць гэта не заўсёды атрымлівалася, бо я не хацела гэтага рабіць дэманстратыўна. Але часта бывала, што суразмоўцы падтрымлівалі мяне, і калі нехта мне адказваў па-беларуску, то я ўжо спакойна ішла далей. Калі ж я пачынала некалькі разоў па-беларуску, але атрымлівала расейскамоўны адказ, то пераходзіла на расейскую, бо, відаць, суразмоўца не гаварыў па-беларуску. Чыноўнікі часам падхоплівалі беларускую мову. Станіслаў Шушкевіч заўсёды са мной размаўляў па-беларуску, а Вячаслаў Кебіч — не. І яшчэ была адна асоба, якая выключна па-расейску са мной размаўляла цягам некалькіх гадоў — рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў, які тады быў памочнікам Станіслава Шушкевіча», — дзеліцца пані Эльжбета сваім досьведам беларускамоўных кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў на пачатку 90х гадоў мінулага стагодзьдзя.
Са звычайнымі беларусамі было прасьцей, і тут у пані амбасадару прачыналася пані прафэсар:
«У Мазыры мяне неяк завялі на швейную фабрыку, і там я размаўляла з многімі швачкамі, рабочымі і спэцыялістамі. Размова тая была характэрная тым, што я слухала іх у тым ліку і як фанэтыст, настаўляла вуха, каб вылавіць усе нюансы іхнага маўленьня, і часам людзі зусім спантанна загаворвалі са мной па-беларуску».
Эльжбета Смулкова добра ведала Беларусь са сваіх дыялекталягічных экспэдыцыяў, стажаў у Акадэміі навук і БДУ, сябравала з многімі калегамімовазнаўцамі, літаратарамі, творчымі людзьмі. Але ў якасьці амбасадара ёй давялося пазнаваць краіну зь іншага боку, прызнаецца яна:
«Тут прыйшоў досьвед і пазнаньне ўладных мэханізмаў, дзе і праблематыка цалкам іншая, і дачыненьні зь людзьмі зусім іншыя, і падыход да мяне як да прадстаўніка суседняй немалой дзяржавы. Гэта была даволі вялікая розьніца, але ўрэшце гэтыя розьніцы адыходзілі на другі плян, і з многіх людзей з гэтай вярхушкі, з гэтых чыноўнікаў, на паверхню выходзілі звычайныя людзі, такімі, якімі яны былі. Я мела нармальныя людзкія дачыненьні з некаторымі прадстаўнікамі беларускай улады, напрыклад, з прэмʼер-міністрам Міхаілам Чыгіром [н. 1948], і ягонай жонкай Юліяй. Я праводзіла зь ім важныя афіцыйныя размовы як з прэмʼерміністрам, але яны мелі характар даволі даверлівых гутарак. У Чыгіра я ўбачыла фактычную заклапочанасьць праблемамі Беларусі і жаданьне іх вырашыць. Мы неяк размаўлялі пра нейкую дамоўленасьць эканамічнага пляну, даволі сурʼёзную, да якой ён меў пэўныя засьцярогі. А потым ён так глянуў на мяне і кажа: „Ды вы не зьдзіўляйцеся. Гэта ж зразумела, што калі я еду ў Маскву, то ведаю, з кім гавару і пра што, а з вамі, з Польшчай, усё-такі досьведу перамоваў у мяне няма, я ня ведаю“. Гэтак з чыноўніка на паверхню „выйшаў“ чалавек».
Пані амбасадар прызнаецца, што ў яе быў добры кантакт і зь віцэ-прэмʼерам па гуманітарных пытаньнях ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра Віктарам Ганчаром (1958–1999 (?)).
«Неяк віцэ-прэмʼер Віктар Ганчар атрымаў даволі цяжкае заданьне ў дачыненьні да польскага амбасадара. Ён запрасіў мяне такім дыпляматычным чынам, каб я зразумела, што мяне выклікалі „на дыванік“, як кажуць палякі, што будуць прэтэнзіі, што нешта не падабаецца ўраду. Я ня надта здагадвалася, пра што будзе гутарка, але хутка выйшла шыла зь мяшку. Ганчар меў абавязак пакрытыкаваць польскую вайсковую дэлегацыю, якая прыехала ў паўночна-заходнюю Беларусь на месца расстрэлу салдатамі НКВД групы акаўцаў. Прадстаўнікі Польшчы афіцыйна прыехалі, каб асьвяціць адноўленыя там магілы, і адправілі імшу з вайсковым цырыманіялам, з шаблямі. Чамусьці гэта было ўспрынята ўрадам як дэманстрацыя сілы польскага войска ў Беларусі. Калі ён гэта мне расказаў, то я проста засьмяялася, бо не змагла стрымацца. Яму гэта тым больш не спадабалася. Я папрасіла прабачэньня і распавяла, што я ўжо раз перажыла такое, сама бачыла ў Наваградку, як гэта адбываецца, што ў нас такі цырыманіял, што гэта зусім нармальная рэч — прэзэнтацыя зброі перад найсьвяцейшым сакрамэнтам, што гэта ня мае нічога супольнага з дэманстрацыяй сілы, тым больш у нейкай вёсцы, дзе ніхто гэтай сілы ня бачыць, акрамя некалькіх бабуляў. Яму, як я бачыла, таксама гэта ўсё было даволі не да душы, але ён меў абавязак. Ганчар сказаў, што ня будзе пісаць ноту пратэсту ў МЗС Польшчы, але просіць, каб я зьвярнула ўвагу гэтых вайскоўцаў і каб гэта ніколі больш не паўтарылася. А я адказала, што магу абяцаць, што буду старацца, каб нічога такога не было, але такога цырыманіялу з шаблямі ня можа ня быць, калі зноў будзе нейкая афіцыйная вайсковая ўрачыстасьць, бо гэта частка нармальнай вайсковай практыкі. І калі беларускія ўлады запросяць польскіх вайскоўцаў у форме, то яны проста абавязаныя выканаць гэты цырыманіял у часе службы ў касьцёле».
Віктар Ганчар пры гэтым гаварыў па-беларуску. Пані Эльжбеце давялося бачыцца з Віктарам Ганчаром некалькі разоў і да ягонага віцэ-прэмʼерства, калі ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету і намесьнікам мэра Маладзечна, якое яна наведвала.
«Ён разам з мэрам Генадзем Карпенкам [1949–1999] мяне прымаў, мы мелі афіцыйную сустрэчу, экскурсію па горадзе, яны абодва былі людзі на ўзроўні, Карпенка і Ганчар эканамічна ўзьнялі гэты горад. Яны паказалі мне новы ўнівэрмаг, спартовыя пляцоўкі, іншыя абʼекты. Гэта быў цікавы візыт, і ён падмацоўваў маё перакананьне, што Беларусь таксама з часам пойдзе шляхам рэформаў. Яны ўжо тады пачалі рэформы ў сваім горадзе. А потым іх абодвух ня стала. І я вельмі зьдзіўленая, што за столькі гадоў уладам не ўдалося высьветліць справу зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага [1952–1999 (?)]. Ганчар відавочна быў пэрспэктыўнай асобай, Карпенка таксама, ды і Захаранка быў сурʼёзным супернікам».
Зь Юрыем Захаранкам (1952 — 1999 (?)) пані амбасадар сустракалася, калі ў Беларусь з візытам прыяжджаў міністар унутраных справаў Польшчы Анджэй Мільчаноўскі (н. 1939).
Сустракалася пані Эльжбета і з двума старшынямі КДБ Беларусі — з Уладзімерам Ягоравым (н. 1939) і Эдуардам Шыркоўскім (1932–2002). Прыходзіла яна да іх абодвух у адной і той жа справе: каб адшукалі беларускі сьпіс ахвяраў Катыні, прозьвішчы расстраляных польскіх грамадзян у турмах БССР у 1940 годзе. Ягораў абяцаў і празь нейкі час прыслаў тры прозьвішчы, а Шыркоўскі нічога не зрабіў, канстатуе пані Эльжбета.
Ніхто з польскіх дасьледнікаў пакуль не атрымаў такіх матэрыялаў, хоць з Украіны і Расеі аналягічныя сьпісы былі перададзеныя Польшчы і апублікаваныя. Спэцыялісты лічаць, што ў беларускім сьпісе можа быць як мінімум 3870 прозьвішчаў. Тыя размовы былі безвыніковымі і застаюцца такімі да апошняга часу, да 2016 году, нягледзячы на абяцаньні на самым вышэйшым узроўні.
«Я вельмі старалася вырашыць гэтую праблему, былі сустрэчы польскіх урадоўцаў, пракурораў у КДБ Беларусі. Ёсьць усё ж зьвесткі, што гэты сьпіс існуе, што ёсьць магчымасьць атрымаць яго. Спадзяюся на гэта. Можа быць, у Маскве, можа, у Менску знойдзецца. Але чаму аддалі ўкраінскі, а не аддаюць беларускі сьпіс, я не разумею», — кажа пані Эльжбета, якую Катынская трагедыя закранула асабіста.