Віцебскія прадпрымальнікі: «Наша месца — паміж беспрацоўем і абяцанымі Лукашэнкам незбудаванымі заводамі»

Ірына Яскевіч, Леў Марголін, Антон Болтачка

У Віцебску прайшла канфэрэнцыя прадпрымальнікаў, у якой узялі ўдзел і прадстаўнікі аналітычнага цэнтру АГП «Стратэгія» — Леў Марголін і Антон Болтачка.

Прадпрымальнікі абмяркоўвалі ўмовы працы і адзначалі: колькасьць гандлёвых месцаў на кірмашах імкліва зьмяншаецца, застаюцца пустымі цэлыя шэрагі. Прадпрымальнікі вымушана кідаюць працу. «Прыстройваюцца да бацькоў-пэнсіянэраў, каб тыя налілі хаця б міску супу, бо зарабляць няма як», — сказала адна з прысутных.

Прадпрымальніца Ірына Яскевіч, ініцыятарка стварэньня прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», гаворыць, што ўмовы працы прадпрымальнікаў хоць трохі, але ўдалося палепшыць:

Ірына Яскевіч


«Мы дамагліся зьмяншэньня штрафаў за гандаль бяз тых дакумэнтаў, якія ад нас патрабуюць, але якія немагчыма здабыць. Прынамсі, ужо няма той ніжэйшай мяжы, якая пачыналася ад 250 базавых велічынь. Калі прадпрымальнік атрымае гэткі штраф, ён ніколі ўжо ня ўзьнімецца! Трэба ж дзяліць адказнасьць: за якасьць тавару мусіць адказваць вытворца. А прадпрымальнік — толькі за тое, ці належным чынам тавар перавозіўся, захоўваўся і гэтак далей. Цяпер штрафы меншыя. Але гэта каштавала вялізнай працы — перапіскі, прыёмаў, паходаў да ўладаў рознага ўзроўню».

Дэбаты падчас канфэрэнцыі


Ірына Яскевіч выказала на канфэрэнцыі наступную прапанову да беларускага кіраўніцтва:

«Калі ў краіне кепская эканамічная сытуацыя, то мы гатовыя гандляваць беларускім таварам, як нам рэкамэндуюць улады. І нават гандляваць без гандлёвых нацэнак ці зь мінімальнай „накруткай“. Беларускі тавар ня дужа добра распрадаецца і ў крамах, але калі мы ўжо возьмемся таксама, то згодныя прадаваць яго з адной умовай: каб нам дазволілі паралельна гандляваць і іншымі таварамі — і мы напэўна мелі магчымасьць пакрыць усе выдаткі. Бо пытаньне стаіць ужо не пра тое, які мы бізнэс, хоць буйны, хоць дробны. Мы разумеем, што не ўплываем у значнай ступені на напаўненьне бюджэту. Але мы — працуем, кормім свае сем’і. І мы згодныя на гэта, бо зараз нашы кірмашы апынуліся ў прамежкавым становішчы — недзе паміж біржай беспрацоўных і тымі заводамі, якія кіраўніцтва краіны абяцала збудаваць, стварыўшы новыя працоўныя месцы. Каб яны былі, то можа, нехта з нас плюнуў бы на прадпрымаьніцтва ды пайшоў працаваць у цэх за якія 5 мільёнаў... Толькі заводаў — няма! Але ж і мы пакуль ня йдзем і ў беспрацоўныя. Не ствараем гэтай праблемы дзяржаве!»

Канфэрэнцыя нешматлюдная: прадпрымальнікі расчараваныя


Прапанова пра гандаль беларускім таварам з умовай адмены умоваў, якія стрымліваюць прадпрымальнікаў, не былі сустрэтыя надта горача. Прысутныя выказалі вялікі сумнёў у тым, што дзяржава пойдзе хоць на якія саступкі. Усе дужа стаміліся, канстатуе Ірына Яскевіч. Стаміліся пачувацца вінаватымі, нібыта прадпрымальнікі — нейкія злодзеі і шэльмы, чужыя ў сваёй краіне, якая іх не падтрымлівае. Можа, таму шмат віцебскіх прадпрымальнікаў кінула свой занятак, і далёка ня ўсе, хто мае пратэстныя настроі, сабраліся на канфэрэнцыю.

Тое самае заўважыў і эканаміст, намесьнік старшыні АГП Леў Марголін. Ен адзначыў, што ўлады аніяк ня йдуць насустрач прадпрымальнікам, бо баяцца іх. І спрабуюць задушыць.

Ірына Яскевіч і Леў Марголін

«Лукашэнка зразумеў, што прадпрымальнікі — гэта той кантынгент, якім цяжка кіраваць. Вось трактарным ці нейкім яшчэ заводам кіраваць лёгка. Выклікаў дырэктара, аддаў яму загад, а той перадаў начальнікам цахоў і яшчэ ніжэй, каб усе да аднаго пайшлі на выбары, калі трэба. І дружна там падтрымалі Лукашэнку. Ці выйшлі на суботнік, калі трэба... А прадпрымальнікамі кіраваць цяжэй, іх не зьбярэш у адно і не падпарадкуеш. Хаця спрабавалі — стваралі „прыручаныя“ шэрагі на кірмашах. Але нічога не атрымалася. Бо ў прадпрымальнікаў ёсьць свае інтарэсы, уласныя. І яны не саступяць. І менавіта таму АГП бачыць у прадпрымальніках сваіх саюзьнікаў. Тых, хто ня згодны цярпець. І калі раней нехта з прадпрымальнікаў спадзяваўся, што дзяржава іх „зразумее“ і зробіць крокі насустрач, то цяпер усім зразумела, што дзяржава вырашыла назад не адступацца», — кажа Леў Марголін.

На ягоную думку, прадпрымальнікам варта скарыстацца сытуацыяй і пайсьці на будучыя выбары. Прынамсі, гэта дасьць магчымасьць вальней зносіцца са сваімі пакупнікамі — і адначасова выбаршчыкамі. Тлумачыць, што без агульнанароднай падтрымкі пакупнікоў і спажыўцоў прадпрымальніцтва будзе вынішчана як клас. І сытуацыя складзецца так, што па пакупкі трэба будзе або ехаць за мяжу, каб набыць нешта таннае і якаснае, або йсці ў дзяржаўную краму, дзе выбар невялікі.