Сябры групы Эўрапейскай народнай партыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аплядысмэнтамі віталі сваю калегу, украінскую дэпутатку Надзею Саўчанку.
Як перадае УНІАН, Саўчанка сёньня раніцай бярэ ўдзел у рабочым пасяджэньні групы Эўрапейскай народнай партыі ў рамках пленарнага пасяджэньня ПАРЭ.
Старшыня абвясьціў яе прысутнасьць, і дэпутаты сустрэлі гэта аплядысмэнтамі, стоячы, на што Саўчанка ім ветліва пакланілася. «Мая прысутнасьць тут магчымая ў тым ліку і дзякуючы вам. Я вельмі ўдзячная ўсім прысутным, усім, хто змагаўся за мяне, усім, хто падтрымліваў Украіну. У нас з вамі аднолькавыя погляды. Украіна глядзіць у бок дабра, у бок прагрэсу, у бок Эўропы. Я буду працаваць для таго, каб у нас з вамі атрымалася плённае супрацоўніцтва. Я хачу шчыра падзякаваць ад сябе асабіста і ад імя Ўкраіны», — сказала Саўчанка.
Прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі Жозэф Дойл распавёў пра сваю сустрэчу з Саўчанкай:
«Мы цалкам падзяляем погляд на расейцаў, на Пуціна і на тое, як мы павінны працягваць зь ім працаваць. Маё першае ўражаньне такое, што Надзея поўная амбіцый служыць украінскаму народу, і я думаю, менавіта гэта яна мае намер рабіць», — сказаў прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі.
Пры гэтым ён назваў украінскага палітыка «вельмі адказнай жанчынай, якая добра думае і працуе для ўкраінцаў, таксама для тэрыторыі Данбасу».