У Горадні шукаюць плітку царскіх часоў з надпісам «Ашкеназі Гродна 1882 год»

Рэшткі пліткі ХІХ стагодзьдзя, якая дагэтуль захавалася побач з будынкам былой Мэдыцынскай акадэміі

У Горадні пасьля рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру ў 2006 годзе практычна зусім зьнікла з ходнікаў плітка мінулага і пазамінулага стагодзьдзяў. Актывісты ТБМ не змаглі даведацца, куды яна зьнікла.

Гарадзенскія актывісты ТБМ на працягу амаль дзесяці гадоў дамагаліся, каб улады вярнулі на ходнікі гораду плітку канца ХІХ стагодзьдзя з надпісамі «Ашкеназі Гродна 1882 год», якую паклалі ў горадзе яшчэ ў царскія часы, а таксама плітку міжваеннага часу, якой брукавалі ходнікі пры польскай уладзе ў 20-30-я гады мінулага стагодзьдзя з надпісамі «Magistrat Grodna».

Сябра ТБМ Аляксандар Місьцюкевіч узгадвае, што былы кіраўнік абласнога Ўпраўленьня культуры Аляксандар Вярсоцкі, які і цяпер узначальвае тое ж упраўленьне (толькі са зьмененай назвай), падчас рэстаўрацыі, калі здымалі плітку, абяцаў вярнуць яе на месца, але да гэтага часу яна так і не вярнулася ў гістарычную частку гораду.

Так выглядае цяпер ходнік, які вядзе да будынку былой Мэдыцынскай акадэміі. Яшчэ дзесяць год таму тут ляжала плітка канца ХІХ стагодзьдзя

Рэстаўрацыю дзесяць гадоў таму праводзілі пад кіраўніцтвам былога старшыні аблвыканкама Аляксандра Саўчанкі, і ўся гістарычная частка горада засталася закладзенай сучаснай пліткай.

Аляксандар Місьцюкевіч, актывіст ТБМ

«Мы распачалі паходы па інстанцыях, бо вельмі хацелася вярнуць гістарычную плітку ў стары горад: каб яна далей падкрэсьлівала гісторыю гарадзенскіх камунікацый, каб яе маглі бачыць гарадзенцы, турысты. Ясна, што частка яе магла страціцца, але дастаткова было выкласьці цэлыя пліткі ў асобных месцах, і людзі маглі б бачыць, па якіх ходніках хадзілі ў ХІХ стагодзьдзі, якая плітка ляжала ў міжваенны час. Я кажу пра гэта таму, што сам удзельнічаў у працах, калі разьбіралі плітку міжваеннага часу з надпісамі „Magistrat Grodna“ побач з былым палацам культуры „Юнацтва“. Там праўда было вельмі шмат добрай цэлай пліткі, і нам абяцалі, што яе захаваюць ды пакладуць на цэнтральных вуліцах», — кажа сябра ТБМ Віктар Парфёненка.

Ён дадае, што разам зь Місьцюкевічам і іншымі сябрамі за апошнія некалькі гадоў абышлі ўсё гарадзкое начальства, але так і не маглі дабіцца, каб плітку вярнулі на вуліцы старога гораду. Нават не маглі спраўдзіць, ці яна сапраўды захавалася:

Віктар Парфёненка паказвае рэшткі пліткі міжваеннага часу, якая яшчэ захавалася побач са Старым замкам

«Толькі сёлета намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Лісковіч дазволіў нам правесьці аўдыт пліткі на складах у гісторыка-археалягічным музэі, дзе яе нібыта захоўвалі. Дарэчы, пліткі было шмат, цяжка нават сказаць, колькі яе было, паколькі яна ляжала і на Савецкай вуліцы, і на вуліцы Ажэшкі, і на Тэлеграфнай, і шмат дзе ў іншых месцах. Але, калі мы зайшлі на гэтыя склады, то мне ледзь ня стала дрэнна, бо 80% (а можа і болей) на складах ляжала ня плітка, а друз — гэта бэтонная падушка, якая кладзецца пад плітку. Атрымліваецца, што ўвесь гэты час з нас папросту сьмяяліся, гаворачы, што там ляжыць гістарычная плітка...»

Місьцюкевіч кажа, што кінуўся сам шукаць, перабіраць, тое што ляжала, але вынікі яго засмуцілі таксама:

Адзін зь нямногіх экзэмпляраў пліткі міжваеннага часу. На ёй застаўся выразны надпіс

«Я знайшоў толькі адну плітку дзевятнаццатага стагодзьдзя „Ашкеназі Гродна 1882 год“ і каля двух дзясяткаў плітак міжваеннага часу. Наагул было больш за 10 самых розных відаў пліткі — і міжваеннага часу, і ХІХ стагодзьдзя. Там былі пліткі з надпісамі вытворцаў, іншыя экзэмпляры. Дарэчы, яны былі розных памераў, не такога стандарту, як сёлета. Пры цары мералі аршынам, і таму памер не супадаў з той пліткай, якая была пры Польшчы, бо там ужо мералася сантымэтрамі. Яе лёгка было адрозьніць. Я тады, калі яе здымалі, што мог, зафатаграфаваў, а цяпер Вярсоцкі нам сказаў, што гэтае пліткі не было».

Спадар Місьцюкевіч узгадвае, што амаль усе ходнікі на вуліцы Замкавай былі выкладзены міжваеннай пліткай, і калі яе здымалі, то цьвёрда абяцалі вярнуць назад. Аднак, рэканструкцыю зрабілі, а плітка зьнікла:

Невялікі лапік, дзе захавалася плітка міжваеннага часу, побач са Старым замкам

Віктар Парфёненка кажа, што калі яны зьвярнуліся з гэтым пытаньнем да Вярсоцкага, то той папросту адказаў, што «мы вам нічога не абяцалі». Сябры ТБМ лічаць, што плітка магла быць папросту раскрадзена, і намераныя напісаць заяву ў пракуратуру вобласьці:

«Нам нічога не абяцалі — гэта жахліва, калі чыноўнік кажа, што яны не абяцалі захаваць гістарычную памяць горада. А на іх абавязак захоўваць гістарычную памяць не распаўсюджваецца? Але плітка — гэта не іголка ў стозе сена: будзем пісаць заяву ў пракуратуру — няхай шукаюць».

Віктар Парфёненка кажа, што цяпер гістарычная плітка захавалася ў вельмі нешматлікіх месцах гораду — маленькімі лапікамі побач са Старым замкам і трошачкі каля Новага замку.