Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com.
Камэнтуе пошту апошніх двух тыдняў вядучы Валер Дранчук.
Удзельнікі:
Уладзімір Садоўскі
Сяргей Панізьнік
Алесь Аркуш
Алесь Пятрычыц
Любоў Новікава
Уладзімер Бакаў
Тацяна Трухановіч
На пачатак так і хочацца ўзгадаць надзіва гожы верш Уладзімера Жылкі, дзе такія радкі: «І веру радасна я болей, чым калі, Ў вялікі лёс і шлях Радзімае зямлі...» Верш называецца «Сёмуха». Сьветлы, фатаграфічны верш.
19 чэрвеня праваслаўная Сёмуха. Сьвяткуем разам, сябры. Сёньняшняя галерэя — гэта трошкі наша з Вамі малітва, — дзякуй усім, хто падзяліўся Сьвятлом!
5 фотамэтафар ад Уладзімера Садоўскага
Уладзімеру 29 гадоў, жыве ў Заслаўі. Інжынэр-праектант у галіне энэргетыкі на адным зь менскіх прадпрыемстваў. Фатаграфуе са школы, але шчыльна займацца фотатворчасьцю пачаў нядаўна.
Незалежнасьць — гэта... жыцьцё без правадыроў.
Незалежнасьць — гэта... веравызнанне на выбар, сваё веравызнаньне для кожнага.
Незалежнасьць — гэта... .горкі смак каханьня.
Незалежнасьць — гэта... паўсюль на радзіме пачувацца як дома.
Незалежнасьць — гэта... уладкоўваць свае межы.
Мяне парадавалі Вашы «фотапраекты», спадар Уладзімер. Старанна выбудаваны кадар, жывая геамэтрыя, сэнсавыя канструкцыі нясуць цяпло і надзею. А сьцяна кармэлітаў надзіва актуальна сілкуе й дапаўняе адпаведную Вашу дэклярацыю. Посьпехаў, дасылайце яшчэ!
Сяргей Панізьнік: «Незалежнасьць... гэта ЗРУХ!»
«Захаваліся ў маім архіве... А раптам прыдадуцца да конкурсу», — піша спадар Сяргей пра найцікавейшую хроніку даўняй заакіянскай падзеі.
Прыдаліся, спадар Сяргей. Мы шануем і Вашу думку, і Ваш імпэт, і нам дастаткова, што гэтую пошту дасылаеце Вы, знаны паэт і культурны дзеяч Сяргей Панізьнік. Хоць падзея датаваная 1990-м, гэта значыць, па-за межамі ўмоўнай конкурснай хронікі, тым ня менш і значнасьць гэтай падзеі, і прысутнасьць на ёй нацыянальных сіл у пэўным сэнсе апераджалі наступныя падзеі і ўплывалі на хаду гісторыі. Здымкі захавалі настрой і стыль тых дзён і за аддаленасьцю часу ня страцілі свайго сьвятла, зрабіліся хіба што больш прыцягальнымі.
Здымкі падаюцца з арыгінальнымі асаблівасьцямі сканаваньня плёначных адбіткаў, што, на мой погляд, не зьніжае іх дакумэнтальнай вартасьці.
«Пашанотны госьць, — камэнтуе спадар Панізьнік, — Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Генадзь Бураўкін з жонкай Юліяй. Побач стаяць старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, старшыня менскага клюбу „Спадчына“ Анатоль Белы, сьпявак Леанід Барткевіч».
«Ахвотна згадзілася сфатаграфавацца з сваёй сяброўкай Янінай Каханоўскай Натальля Арсеньнева. Запомніліся яе ўспаміны пра прыдзьвінскае падарожжа ў Вільню, зімаваньне ў вёсцы Жоўніне каля Дрысы, дзе яна «закахалася ў беларускую мову».
«Тут Івонка Сурвіла, — чытаем камэнтар аўтара, — выдатная дзяячка беларускай эміграцыі, народжаная ў Стоўпцах. Яна прытуліла да сябе Алу Орса-Рамана, сваю раўналетку. Івонка Сурвіла, мовазнаўца, мастак, узначальвае Раду БНР з 1997 году».
«Тут, зьлева направа, — піша далей спадар Панізьнік, — Юлія Андрусышына, мама Данчыка, побач Юры Хадыка — доктар фізыка-матэматычных навук, намесьнік старшыні Сойму БНФ, Марыя Міцкевіч — супрацоўніца Інстытуту матэматыкі АН БССР побач родзіча Алеся Міцкевіча, сына роднай сястры Якуба Коласа. Хораша выглядае народжаны ў 1915 Антон Шукелойць, старшыня Галоўнай управы БАЗа».
Аўтар фотаздымкаў дапаўняе свой камэнтар:
«32-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі пройдзе сёлета ў сталіцы Канады Атаве 3 — 5 верасьня. А я быў прысутны на 19-й Сустрэчы нашых суайчыньнікаў, якая праходзіла ў верасьні 1990 (штат Агаё, Стронгвіл — прадмесьце Кліўлэнду). Гэта быў сапраўдны гістарычны ЗРУХ: у абдымкі сяброў беларускай дыяспары ўпершыню свабодна трапілі дзясяткі землякоў. Такое паяднаньне сваяцкіх сэрцаў не забываецца».
«З таго часу, — высноўвае Сяргей Панізьнік, — я ўпэўнены: Незалежнасьць... гэта ЗРУХ!»
Алесь Аркуш: «Ёсьць людзі, без якіх не было б незалежнасьці»
Наш сёньняшні ўдзельнік, аўтар здымкаў — літаратар з Наваполацку, культурны і грамадзкі дзеяч, журналіст Алесь Аркуш. «Незалежнасьць — гэта... пераважна людзі, — дэкляруе ён у сваім допісе. — Напэўна, ёсьць такія людзі, без якіх не было б нашай незалежнасьці. На маіх фотаздымках беларусы, якія жылі і жывуць для Беларусі. Алег Трусаў і Генадзь Бураўкін ля магілы Францішка Аляхновіча на віленскіх Росах... На наступным здымку наваполацкая ўлётка ад самага пачатку незалежнасьці; сёньня гэткі шматлікі сьпіс кандыдатаў неверагодна зьдзіўляе... Нарэшце, пісьменьнік і журналіст Вінцэсь Мудроў».
Дзякуй, Алесь, што падзяліліся досьведам і фатаграфічным даробкам.
«Фота зроблена падчас мерапрыемства, якое ладзіў Хведар Нюнька да 100-годзьдзя газэты «Наша Ніва», — сьведчыць аўтар здымка.
«Пасьля гэтых выбараў, — удакладняе спадар Аркуш, — у Наваполацкім гарсавеце аказалася шмат дэмакратаў, якія здолелі ў 1990 годзе прызначыць старшынём гарсавету дэмакрата Аляксандра Матвеева, а ў 1991 атрымаць уладу ў горадзе, калі і старшынём гарсавету, і старшынём гарвыканкаму стаў дэмакрат Аляксандр Ніякоўскі.
«Мяне завуць Алесь Пятрычыц, я — фотааматар...»
Вельмі прыемна, Алесь, будзем знаёмыя.
Чытаем ліст: «Свабодныя й незалежныя дзяржавы немагчымыя без свабодных, сапраўдных грамадзянаў і самадастатковых асобаў — прыкладна так гаварыў у свой час Вацлаў Гавэл. Вось і для мяне незалежнасьць — гэта... людзі, свабода іх думак і ўчынкаў».
Дзякуй, Алесь! Добры пачатак. Дасылайце новае.
«Маўклівая» акцыя — «Людзьмі звацца!»
Новы аўтар фотаконкурсу — Любоў Новікава. Шчыра вітаем.
Люба напісала, што жыве ў Менску, з адзнакай скончыла Магілеўскі дзяржаўны коледж мастацтваў і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў, працуе рэдактарам сцэнарнага аддзелу Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Сцэнарыст-фрылянсэр. Аматарка фатаграфіі, з найбольшай ахвотай здымае рэпартажнае і партрэтнае фота.
Сёньня Люба пазыцыянуе сябе рэпартажнымі фотакадрамі з пратэстнай вулічнай акцыі ў Менску 22 чэрвеня 2011. У яе сфармуляванай дэклярацыі міжволі чуваць галасы «маўклівых» удзельнікаў:
«Незалежнасць — гэта... людзьмi звацца!»
У кампаніі добрых суседзяў
Чарговая тэма ад гарадзенца Ўладзімера Бакава — фэстываль нацыянальных культур на вуліцах роднага гораду.
«Незалежнасьць — гэта... сяброўства і добрасуседзтва народаў».
Аўтар жартаўліва разважае: «Хай нехта лічыць, што фэстывалі нацыянальных культур — гэта, маўляў, спараджэньне лукашэнкаўскіх ідэолягаў. Можна спрачацца. Але бывае і так, што чыноўнікі і хацелі зрабіць, як найлепей, а ў рэшце рэшт... і атрымалася ня так і блага».
Пройдземся разам, паглядзім.
«Раварысты з Польшчы: пэдалявалі ад Шчэціна да Горадні»
«Сям’я раварыстаў-гарадзенцаў вярнулася зь велавандроўкі, праехалася дарогамі Эўразвязу. У захапленьні ад суседняй Літвы».
«Госьцяю фэстывалю — дзяўчынка Аліса ў нігерыйскім нацыянальным строі з мамаю й двума немаўляткамі. Ведае ўжо колькі чароўных беларускіх слоўкаў».
«Украінскія парубкі прывезьлі з сабою „манэтны двор“. Манэты на дабрабыт, на здароўе, на шчасьце — хто што пажадае. Авэрс можа быць украінскім, рэвэрс — беларускім, ці наадварот».
«Беларускія прыгажуні падмакіяжыліся».
Нашы сьвятыні: дасылайце і камэнтуйце
У пярэдадзень Сёмушнай нядзелі зьведаем хвіліны хрысьціянскай радасьці ад фотаздымкаў нашай сталай удзельніцы Тацяны Трухановіч: незалежнасьць — як скарыстаны шанец на карысьць занядбаных сьвятыняў, іх рэстаўрацыі і адбудовы. Ад душы парадуемся, што гады былі нямарнымі, што знаходзіліся дабрадзеі і рупліўцы, што працэс пазытыўнага аднаўленьня шмат дзе працягваўся і даў значны плён.
Але будзем справядлівыя, узгадаем і нэгатывы, адрасы і тыя выпадкі, калі людзі не змаглі адстаяць свае праваслаўныя храмы перад традыцыяй маскоўскага накірунку. Замест рэстаўрацыі — падасьпелая недарэчная замена. Свайго на чужое, беларуска традыцыйнага на недапасаванае і разбуральнае... Тэма не закрытая, хто мае сьведчаньні — дасылайце і камэнтуйце.
«Незалежнасьць — гэта... час аднаўленьня парушаных замкаў і храмаў»
«Асяродак беларушчыны ў каталіцкім сьвеце. 3 1953 набажэнствы спраўляюцца па-беларуску. Хоць і марудна, з-за недахопу сродкаў, вядуцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы».
«У 1946 быў зачынены. Выкарыстоўваўся як склад. З 1985 пачалася ягоная рэстаўрацыя. Апошнім часам аднаўляецца агароджа і кветнікі».
«У 1959 быў зачынены. Пазьней, — сьведчыць аўтарка фота, — перароблены пад філіял завода радыёкампанэнтаў. Вернуты вернікам у 1989. Ад гэтага часу пачалося яго аднаўленьне».
«Ці паўстане калі-небудзь з руінаў? Сказаць цяжка...»
Усіх — яшчэ раз са сьвятам! Да наступнай сустрэчы ў фотагалерэі Свабоды!
Ліставаньне
Максіму Б. З дасланага не прыдалося. Не марудзьце, але й не сьпяшайцеся. Уважліва паглядзіце нашы ранейшыя выпускі. Прачытайце ўмовы конкурсу. У Вас атрымаецца. Жадаю ўдачы!
Увагі
Згодна з рашэньнем журы, усе ўдзельнікі першага і другога тураў (статус удзельніка замацоўваецца за аўтарамі здымкаў, якія паказаны ў галерэі) атрымаюць заахвочвальныя прызы — кнігі з бібліятэкі Радыё Свабода. Хто не даслаў, дашліце свой паштовы адрас; хто дасылае, паклапаціцеся наперад. Загадзя ўдзячны.
Наступны выпуск-агляд плянуем 2 ліпеня; каб патрапіць у наступную галерэю, дасылайце працы да серады 29 чэрвеня ўлучна — гэта дзесяць дзён часу!
Наперадзе ў нас яшчэ пяць штодвухтыднёвых суботніх выпускаў: 2, 16 і 30 ліпеня, 13 і 27 жніўня. У панядзелак 22 жніўня мы вымем з фотаскрыні нашага конкурсу апошнюю пошту, каб 25 жніўня падвесьці вынікі ІІ туру. Сябры, багата часу, каб злавіць момант, прыдумаць цікавую мэтафару, прыадчыніць заслону часу ў пошуку рэтралетапісу-25 — і перамагчы. Не прапусьціце магчымасьць. Жадаю плёну!