Ёсьць у расейскай мове слова „соискатель“. Яго ведаюць усе, бо яно абазначае ўдзельніка конкурсу на пасаду, на званьне ці ступень — прафэсара, доктара навук, а таксама ўдзельніка ўсякага іншага конкурсу, спабору за прэмію.
На беларускую мову афіцыйныя савецкія слоўнікі яго перакладалі найперш як саіскальнік, потым суіскальнік.
У 2004 годзе пра слова казаў на хвалях Радыё Свабода Юрась Бушлякоў.
Ён падкрэсьліў, што прыстаўка са- з паходжаньня часьцей за ўсё царкоўнаславянская, яна даволі надзейны знак таго, што перад намі русізм. Сапраўды, ёсьць у расейскай цэлая чарада словаў царкоўнаславянскага паходжаньня з прыстаўкай со-, калі яна перадае ідэю супольнасьці: сочинить, сосуд, собеседник, состав, собор, современный, соперник, соискатель, сословие. Совет і союз.
Але ў беларускай прыстаўка са- ў такім значэньні амаль не ўжываецца (у нас с-, з-, су-, спа-: склад, збор, сучасны, сузорʼе, супар, спаборнік).
Але менавіта да варыянту саіскальнік вярнуў афіцыйную мову так званы новы правапіс у ліпені 2008 г.
Зрэшты, нават на сайце БДУ, дзе і працуе ініцыятар апошняга перагляду савецкага правапісу, дагэтуль суіснуюць суіскальнік і саіскальнік (а можа саіснуюць)? Можна там і сушукальніка знайсьці.
Каб радыкальна ўхіліцца ад расейскіх прыставак, знаўца беларускага словаўтварэньня праф. Павел Сьцяцко стварыў слова спашукальнік (прыстаўка спа- характэрна беларуская: спагада, спачуваньне).
Але мне не падабаецца і гэтае слова. Бо яно — калька з расейскай, гэта значыць скапіяванае па кавалачках. Со-искатель — су-іскальнік, спа-шукальнік. Акрамя таго, мне асабіста расейскі соискатель сугучны са словам заискивать — перад начальствам.
У 1920-я гады саіскальнікаў у беларускай мове не было, падбіралі іншыя адпаведнікі. Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў у клясычным акадэмічным слоўніку 1928 году далі запабягальнік ад запабягаць — акурат тое самае, што заискивать. Але вялікі знаўца мовы Вацлаў Ластоўскі прапанаваў перадаваць паняцьце не лісьлівым, а цьвёрдым беларускім словам спаборнік. То нават пазьнейшыя савецкія слоўнікі 1950-х гадоў пасьля саіскальніка ўсё ж як варыянт давалі спаборніка (хоць імя Ластоўскага было пад забаронай).
Слова „іскаць“ у беларускай літаратурнай мове няма. А вось у дыялектах яно ёсьць — з канкрэтным значэньнем 'шукаць у галаве вошай':
— Дай я цібе буду іскаць!
(„Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны“ М. Шатэрніка).
Або іскацца, што значыць — знайшоўшы тых самых зьвяроў у галаве, нішчыць іх з дапамогаю нажа ці іншага цьвёрдага прадмету („Віцебскі краёвы слоўнік“ Міколы Касьпяровіча). Падазраю, што і згаданае расейскае слова заискивать паходзіць адсюль жа.
Таму лягічна задаць аўтарам апошняй вэрсіі афіцыйнага правапісу пытаньне: што або каго ішча саіскальнік?
Цікава, што дыялектная мова ведае і слова іск, таксама зьвязанае з кузуркамі ды жамярой. Гэта пчалінае выведваньне, новы пчаліны рой. Адпаведны дзеяслоў — іскаваць. Пчолы іскуюць — шукаюць доміка, скажуць на Глыбоччыне.
Кожны заўважыць, што беларускае пчалярскае слова іск супадае з расейскім юрыдычным тэрмінам.
У старабеларускай мове не было слова іск, хоць іскаць — было. Прычым яно як абазначала 'шукаць нечага', так і мела чыста юрыдычнае значэньне — дамагацца свайго праз суд, былі сталыя выразы іскаці правам або іскаці на праве, іскаці на горла ці на згубу, іскаці помсты. Усё ж зь цягам часу запанавала слова шукаць.
І, такім чынам, цяперашнія тэрміны іск, а таксама ісьцец, застаюцца ізаляваныя, без свайго словаўтваральнага гнязда. Але старабеларуская юрыдычная тэрміналёгія была выдатна распрацаваная, сыстэмная, з варыянтамі. Як у Вялікім Княстве казалі, калі зьбіраліся ўшчаць працэс супраць некага? Вельмі проста: я яго пазаву.
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
Так пісала Яўгенія Янішчыц у сваім песенным вершы. Дык вось пазваць — не заўсёды паклікаць. Гэта тое, што па-расейску „предъявить иск“. Зрабіць пазоў. Вось такі ўласнабеларускі адпаведнік юрыдычнаму слову іск.
Пазоўны ліст — исковое заявление. Пазваньне — привлечение к суду. Той, хто пазывае — пазоўнік, пазоўніца, па-расейску „истец“, „истица“. А процілеглы бок, той, хто па-расейску „ответчик“, — пазваная старана ці адпорная старана. Некаторыя словы старога нашага права беларускія сяляне і шляхта памяталі яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Дый нават цяпер мы кажам па-беларуску не павестка (міліцэйская, судовая ці ў ваенкамат), а позва.
Гэтыя ВКЛаўскія юрыдычныя тэрміны, а таксама сотні іншых, сабраў у слоўнічак „Некаторыя праўніцкія тэрміны беларускія“ мовазнаўца Ян Станкевіч. А ці вернуцца яны да новага жыцьця ў беларускамоўнай праўнай дзяржаве Беларусі — залежыць ад нас.