Пані Эльжбета — сьведка беларускай незалежнасьці
24 чэрвеня адзначае 85-годзьдзе вялікая прыяцелька Беларусі, выбітная беларусістка, былая кіраўніца катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту і катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, першы амбасадар Польшчы ў Беларусі прафэсар Эльжбета Смулкова (Эльжбета Смулэк), якая вывучае і пашырае беларускую мову і культуру ў Польшчы і сьвеце цягам амаль шасьцідзесяці гадоў.
Да юбілею з друку выходзіць кніга журналіста Радыё Свабода Валера Каліноўскага «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні».
Кніга распавядае пра тое, як Эльжбета Смулкова зацікавілася ў канцы 1950х гадоў беларускай мовай, удзельнічала ў дыялекталягічных дасьледаваньнях у Беластоцкім ваяводзтве Рэспублікі Польшчы, дзе жыве беларуская нацыянальная меншасьць, а таксама ў розных рэгіёнах Беларусі, якія ўнікальныя працы прафэсар Смулкова напісала пра земляробчую лексыку і акцэнталёгію беларускай мовы, пра асаблівасьці вывучэньня ёю беларуска-польскага моўнага і культурнага памежжа.
Кніга распавядае таксама пра ўклад амбасадара Эльжбеты Смулковай у станаўленьне ў 1991–1995 гадох двухбаковых беларуска-польскіх міждзяржаўных сувязяў, якія перажывалі ў той час пэрыяд свайго росквіту. Закранае кніга і асабісты лёс Эльжбеты Смулковай, якая нарадзілася ў Львове ў 1931 годзе, у 1940м страціла бацьку, якога савецкая ўлада забіла як адну з ахвяраў «Украінскага Катынскага сьпісу», разам з маці і сястрой адбыла пяцігадовую высылку ў Сыбір.
Свабода далучаецца да віншаваньняў пані Эльжбеце з нагоды юбілею і публікуе некалькі разьдзелаў кнігі з часткі «Пані амбасадар».
Мне было дадзена працаваць у Беларусі ў пераломную эпоху, у 1991–1995 гадох. Гэта быў вельмі цікавы, творчы час інтэнсіўнай зьмены ладу ў Польшчы, распаду Савецкага саюзу і ўзьнікненьня новай беларускай дзяржаўнасьці. Час наладжваньня двухбаковых польска-беларускіх дыпляматычных дачыненьняў на новым, партнэрскім грунце.
Эльжбета Смулкова
Эльжбета Смулкова прыбыла на новую працу ў Менск праз тры тыдні пасьля абвяшчэньня Вярхоўным Саветам незалежнасьці Беларусі. Менавіта ёй давялося ўсталёўваць дыпляматычныя дачыненьні зь Беларусьсю, якая заўсёды была блізкаю да Польшчы, паглыбляць існыя і наладжваць новыя сувязі ў палітыцы, эканоміцы, культуры, навуцы, вырашаць сотні праблемаў, якія паўставалі на супольных межах, у дачыненьнях людзей і прадпрыемстваў, быць сьведкай тварэньня ў Беларусі новага дзяржаўнага ладу, дэмакратычных зьменаў, беларусізацыі пачатку 90х, а пазьней першых выбараў прэзыдэнта ды іншых значных для Беларусі падзеяў. Яе погляд на тыя падзеі знутры і як бы крыху звонку несумненна цікавы для беларускай гісторыі.
Генэральным консулам Эльжбета Смулкова была прызначаная з 12 верасьня 1991 году, на гэтай пасадзе пабыла па 7 траўня 1992 году, потым выконвала функцыі chargé d’affaires — упаўнаважанай у справах Польшчы ў Беларусі, з 11 верасьня 1992 па 30 верасьня 1995 году была першым амбасадарам Рэспублікі Польшчы ў Рэспубліцы Беларусі.
Прызначэньне Эльжбеты Смулковай на дыпляматычную службу сталася цалкам нечаканай, але знакавай падзеяй.
Пасьля прыходу ў 1989 годзе да ўлады ў Польшчы шырокага антыкамуністычнага руху «Салідарнасьць» міністрам замежных справаў стаў Кшыштаф Скубішэўскі (1926–2010). Пры ім пачалася новая замежная палітыка, якая прадугледжвала выхад з Варшаўскага блёку і пазбаўленьне залежнасьці ад Масквы.
«Новы ўрад Польшчы вельмі сурʼёзна ставіўся да стасункаў з суседнімі краінамі, зь якімі меліся нейкія даваенныя непаразуменьні і было супольнае адчуваньне былой гегемоніі Савецкага саюзу над нашымі дзяржавамі. Новыя ўлады хацелі падабраць на пасольскія пасады ня проста дыпляматаў, а спэцыялістаў па гэтых краінах. І так сталася, што мяне ўзялі пад увагу як сурʼёзнага дасьледніка Беларусі», — згадвае той момант пані Эльжбета.
Міністар замежных справаў Кшыштаф Скубішэўскі ня быў знаёмы з Эльжбетай Смулковай да яе прызначэньня. Прапанаваў яе на пасаду кіраўніка дыпляматычнай пляцоўкі ў Менску Цэнтар усходніх дасьледаваньняў (Ośrodek Studiów Wschodnich), дасьледніцкі асяродак заходняга тыпу, think tank, створаны незадоўга да таго, у 1990 годзе, пры Міністэрстве замежнаэканамічнай супрацы спэцыяльна для вывучэньня краінаў на ўсход ад Польшчы.
Стваральнік і кіраўнік гэтага цэнтру, вядомы польскі гісторык і саветоляг Марэк Карп (1952–2004), які ведаў пані Эльжбету і яе навуковыя працы, у тым ліку бываў на яе лекцыях, фактычна і выступіў з ідэяй прызначыць беларусістку кіраўнічкай Генэральнага кансуляту ў Менску.
Марэк Карп, род якога паходзіў зь земляў былога Вялікага Княства Літоўскага, шмат зрабіў для падтрымкі незалежніцкіх рухаў у Літве і Беларусі перад распадам СССР. Карп трагічна памёр ў 2004 годзе пасьля дарожна-транспартнага здарэньня з удзелам грузавіка зь Беларусі.
Менавіта Марэк Карп у 1990 годзе намаўляў Эльжбету Смулкову пагадзіцца на дыпляматычную працу ў Беларусі.
На першай сустрэчы я адказала ім адмовай. Але яны надалей прыходзілі, „капалі па кроплі“ і ўрэшце пераканалі мяне, што час такі спэцыфічны, што так трэба, што мала хто гэтак ведае Беларусь, як я, і ўрэшце яны дасягнулі свайго.
«Я была намесьніцай дэкана па навуковай працы на факультэце польскай філялёгіі, калі ён прыйшоў да мяне разам са знаёмай журналісткай, якая пазьней таксама пайшла на дыпляматычную працу. Яны пачалі мяне пераконваць, каб я пагадзілася, калі атрымаю афіцыйную прапанову паехаць у Беларусь генэральным консулам, зазначалі, што патрэбны новы чалавек на гэтай пасадзе і што яны рэкамэндуюць маю кандыдатуру міністру Скубішэўскаму. Для мяне гэта было абсалютна непрымальна. Я была вельмі занятая навукай — і арганізацыйна, і канкрэтнымі калектыўнымі дасьледаваньнямі. Працавала ў той момант на катэдры агульнага мовазнаўства і балтыстыкі. Прайшло ўжо некалькі гадоў, як я была вымушана сысьці з катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту,— згадвае той нечаканы візыт пані Эльжбета. — На першай сустрэчы я адказала ім адмовай. Але яны надалей прыходзілі, „капалі па кроплі“ і ўрэшце пераканалі мяне, што час такі спэцыфічны, што так трэба, што мала хто гэтак ведае Беларусь, як я, і ўрэшце яны дасягнулі свайго».
Пасьля паўгоду падрыхтоўкі да дыпляматычнай працы на штодзённых курсах у МЗС Польшчы Эльжбета Смулкова ў верасьні 1991 году паехала ў Беларусь генэральным консулам.
«У МЗС не маглі ня ведаць, што я зьвязаная з «Салідарнасьцю», але на гэтым зусім не канцэнтравалі ўвагу, толькі мая беларуская спэцыялізацыя — менавіта яна была найважнейшая падчас прызначэньня», — кажа пані амбасадар.
З самім міністрам Скубішэўскім яна так і не сустрэлася перад ад’ездам, толькі пазьней бачылася зь ім падчас працоўных візытаў у МЗС Польшчы і ягонага візыту ў Менск.
У Менску Генэральны кансулят Польшчы дзейнічаў яшчэ да вайны, з 1924 па 1939 год; на цяперашнім праспэкце Незалежнасьці нават захаваўся будынак, дзе працавалі польскія дыпляматы ў міжваенны час. Па вайне праца Генэральнага кансуляту ў Менску была адноўленая толькі ў 1972 годзе ў будынку на вуліцы Румянцава, 6.
Эльжбета Смулкова зьмяніла генэральнага консула РП Тадэвуша Мысьліка (1928–2011), які пабыў на гэтай пасадзе два гады, у 1990–1991 гадох.
«Генэральны консул — асноўны прадстаўнік Польскай дзяржавы ў Беларусі. Тады яшчэ не было самастойнай Беларусі, і справа палягала ў тым, каб весьці ўсе магчымыя кантакты зь Беларусьсю — гаспадарчыя, культурныя, навуковыя, пераказваць інфармацыю пра Польшчу для беларускіх уладаў, наладжваць двухбаковыя дачыненьні. Генэральны консул у Беларусі быў зьвязаны з амбасадай Польшчы ў СССР, і я памятаю і добра ўспамінаю свой візыт на пачатку місіі ў амбасаду Польшчы ў Маскве, якою кіраваў Станіслаў Цёсэк» [н. 1939].
Прыезд пані Смулковай у якасьці кіраўніка польскай дыпляматычнай місіі ў Менску шчыра віталі, у яе ахвотна бралі інтэрвію беларускія масмэдыя.
Прафэсар Адам Мальдзіс (н. 1932) заявіў, што пані Эльжбета
Першы генэральны консул — жанчына, першы генэральны консул, які свабодна, грацыёзна валодае беларускай мовай, першы генэральны консул — філёляг, беларусіст, які даўно і плённа дасьледуе польска-беларускае моўнае памежжа.
«пачала новую эру ў дзейнасьці замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў у Менску: першы генэральны консул — жанчына, першы генэральны консул, які свабодна, грацыёзна валодае беларускай мовай, першы генэральны консул — філёляг, беларусіст, які даўно і плённа дасьледуе польска-беларускае моўнае памежжа».
Гістарычныя падзеі разьвіваліся вельмі хутка. Пасьля правальнага путчу ў Маскве ў канцы жніўня 1991 году СССР пачаў распадацца, Вярхоўны Савет Беларусі абвясьціў незалежнасьць краіны. 25 жніўня парлямэнт Беларусі надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР статус канстытуцыйнага закону. Незалежнасьць Беларусі першаю ў сьвеце вітала Польшча — гэта сталася 31 жніўня, калі Сэйм Польшчы ўхваліў спэцыяльную пастанову, у якой заявіў:
«Прызнаючы права ўсіх народаў на самавызначэньне, Сэйм Польскай Рэспублікі з радасьцю вітае абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 году. Польшча, якая свабоду і незалежнасьць сваёй дзяржавы ставіць вышэй за ўсё, цалкам разумее і цэніць значэньне гэтага гістарычнага рашэньня Беларускага Парлямэнту. Яно зьдзяйсьняе спадзевы беларускага народу, выяўляе права Беларусі вольна вызначаць уласную ўнутраную і вонкавую пазыцыю.
Сэйм Польскай Рэспублікі выказвае перакананьне, што незалежная Беларусь будзе рухацца шляхам дэмакратычных пераменаў, якія ствараюць умовы для добрасуседзкай, усебаковай міждзяржаўнай супрацы паміж Польшчай і Беларусьсю».
Папярэднік пані Смулковай, тагачасны генэральны консул Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Мысьлік, у інтэрвію газэце «Свабода» заявіў:
«Нарэшце будуць абрынутыя тыя перашкоды, якія цэнтар ствараў для паўнавартаснага гандлю й эканамічных дачыненьняў паміж Беларусьсю й Польшчай».
Гэтая дэклярацыя польскага парлямэнту была палітычным актам, фармальна ж Польшча прызнала незалежнасьць Беларусі ўрадавай пастановай ад 27 сьнежня 1991 году — ужо пасьля роспуску СССР.
Да таго, 10 кастрычніка 1991 году, прэмʼерміністры абедзьвюх дзяржаваў Вячаслаў Кебіч (н. 1936) і Ян Кшыштаф Белецкі (н. 1951) падпісалі ў Варшаве дэклярацыю аб добрасуседзтве. Цырымонія завязаньня дыпляматычных дачыненьняў адбылася 2 сакавіка 1992 году падчас візыту ў Польшчу міністра замежных справаў Беларусі Пятра Краўчанкі (н. 1950), а Дамова аб добрасуседзтве і прыязным супрацоўніцтве заключаная 23 чэрвеня 1992 году ў Варшаве. Яе падпісалі прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса (н. 1943) і старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч (н. 1934).
Незалежнасьць Беларусі мы ўспрынялі як вялікую радасьць, як магчымасьць наладзіць зусім новыя партнэрскія дачыненьні, цешыліся, што будзе ў нас самастойны сусед, зь якім мы зацікаўленыя супрацоўнічаць.
«Незалежнасьць Беларусі мы ўспрынялі як вялікую радасьць, як магчымасьць наладзіць зусім новыя партнэрскія дачыненьні, цешыліся, што будзе ў нас самастойны сусед, зь якім мы зацікаўленыя супрацоўнічаць. Я толькі з такой місіяй і ехала ў Менск. Доказам гэтаму і тое, што кіраўніком дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Менск накіравалі чалавека, які добра ведаў Беларусь», — зазначае Эльжбета Смулкова.
У сваіх інтэрвію беларускай прэсе пані амбасадар заклікала
«неадкладна пачаць будаваць новыя дачыненьні на новых асновах, забясьпечаных сучаснымі эўрапейскімі праўнымі дамоўленасьцямі. У польскім навуковым і палітычным асяродзьдзі ў мяне ёсьць шмат знаёмых, якія спрыяюць беларускаму адраджэньню і сёе-тое зрабілі для паляпшэньня кантактаў зь Беларусьсю».
Эльжбета Смулкова разам зь іншымі замежнымі дыпляматамі, якія ўжо былі ў Менску, уважліва сачыла за сустрэчай прэзыдэнтаў Расеі, Украіны і старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі ў Віскулях 8 сьнежня 1991 году, дзе было абвешчана пра роспуск СССР: «Саюз ССР як субʼект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне».
«Мы гэта ўспрынялі ўсурʼёз, як гістарычную справядлівасьць, як важную падзею, якая была прадвызначанай, непазьбежнай пасьля ўсіх папярэдніх падзеяў. Памятаю атмасфэру радасьці ад таго, што адбывалася. Вядома, мы разумелі, што стварэньне СНД — гэта спроба захаваць дачыненьні паміж рэспублікамі. Гэта быў зразумелы пэрыяд, бо калі распалася цэнтралізаваная структура, то ўзьнікалі шматлікія цяжкасьці пераходнага часу. І цяжкасьці абʼектыўныя, арганізацыйнага характару, але адначасова і цяжкасьці, якія вынікалі з псыхалягічнай непадрыхтаванасьці многіх людзей, ня кажучы ўжо пра яўную варожасьць некаторых да пераменаў», — зазначала пані Смулкова праз 23 гады пасьля той падзеі.
Фразу расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна (н. 1952) аб крушэньні Савецкага саюзу як «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофе стагодзьдзя», сказаную ім у 2005 годзе, пані Эльжбета ўспрымае з горкай усьмешкай:
«Тое, што тады адбылося, зусім не выглядала на найвялікшую катастрофу ХХ стагодзьдзя. Гэта была падзея вялікай вагі, падзея, якая вымагала ад улады і ад усіх сурʼёзнасьці й напружанай працы».
Пры гэтым сьведкі распаду СССР і стварэньня новых незалежных дзяржаваў ня мелі страху, што падзеі ў рэгіёне могуць пайсьці паводле югаслаўскага сцэнара, праз разьдзел былой краіны ўзброенымі канфліктамі і войнамі. Сьведчыць пані Эльжбета:
Я ня памятаю ані ценю страху, толькі разуменьне цяжкасьцяў, часта абʼектыўных, а ня толькі з чыёйсьці злой волі.
«І ў мяне быў такі настрой, і ў Польшчы ў цэлым не было такога страху, можа таму, што нам пашанцавала без крыві ўсё гэта зрабіць, то мы верылі, што так будзе ўсюды, у нас пераважала гэтая атмасфэра спадзеву, і ўсе тыя пазьнейшыя тармазы мы ўспрымалі як цяжкасьці, якія трэба пераадолець. Ня як катастрофу, а як пераходны пэрыяд са сваімі цяжкасьцямі. І хутчэй думалі пра тое, які спосаб знайсьці, каб гэта не перамагло, каб гэты супраціў адраджэньню і рэформам, рэарганізацыі эканомікі не пераважыў. Я ня памятаю ані ценю страху, толькі разуменьне цяжкасьцяў, часта абʼектыўных, а ня толькі з чыёйсьці злой волі».
Праз 23 гады пасьля Віскулёў Уладзімер Пуцін пайшоў на крывавыя захады дзеля перапісваньня гісторыі, у тым ліку паводле «югаслаўскага сцэнара». У прыватнасьці, Расея рашылася на вайсковыя апэрацыі ў Грузіі ў 2008 і ва Ўкраіне ў 2014–2016 гадох.
Пані Эльжбета мяркуе, што супраціў маскоўскага цэнтру фактычнай самастойнасьці былых рэспублік СССР добра ўсьведамлялі і ў пачатку 90х:
«Не аддаюць уладу людзі, якія прывыклі да яе смаку, да яе каштоўнасьці для сябе. Пагатоў калі яны маюць пачуцьцё такой усясьветнай сілы, якую меў СССР. Але ўсьведамленьне перавагі дэмакратыі над аўтарытарызмам усё ж разьвіваецца ў людзей, якія пачалі больш езьдзіць, бачыць, як жывуць іншыя народы, як можна лепей арганізаваць сваё жыцьцё».
Адрозна ад Расеі, якая фактычна ніколі з часоў распаду СССР далёка не адпускала Беларусь, не лічыла яе самастойнай, нават глядзела на краіну як на непаразуменьне, Польшча мела зусім іншы погляд на свайго ўсходняга суседа. Пра гэта ўспамінае амбасадар Смулкова:
«У пэрыяд маёй працы ў МЗС Польшчы вельмі сурʼёзна пераважаў погляд, што настаў час, калі мы можам на раўнапраўных асновах будаваць двухбаковыя кантакты зь Беларусьсю як самастойнай краінай, якой трэба вельмі шмат зрабіць усялякага кшталту рэформаў, каб збудаваць фактычную самастойнасьць. Мы разумелі патрэбу партнэрскіх дачыненьняў. Я гэта падкрэсьліваю з поўным перакананьнем. З адначасовым прызнаньнем, што ня ўсе палякі гэта ўспрымалі так. У папулярным падыходзе часам пераважала даваеннае трактаваньне беларусаў больш як сацыяльнай групы, чым дзяржаўнай нацыі. Польскія навукоўцы, такія, напрыклад, як Рышард Радзік [н. 1951], спрыялі дзяржаўнасьці Беларусі, аднак папярэджвалі, што беларуская нацыя яшчэ не да канца сфармаваная і гэта можа тармазіць пабудову самастойнасьці. У больш сьвядомых палякаў разуменьне такой сытуацыі якраз стварала патрэбу садзейнічаць беларускаму адраджэньню, каб сытуацыю пераадолець. Да такіх людзей, у прыватнасьці, належаў Марэк Карп, які спрыяў маёй дыпляматычнай місіі ў Беларусі».
Першы амбасадар Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова ў той час шчыра спадзявалася, што падзеі ў Беларусі імкліва пойдуць, падобна як у Польшчы, у бок нацыянальнага адраджэньня, дэмакратыі, рынкавай эканомікі:
Я спадзявалася, што пойдуць працэсы нацыянальнага адраджэньня і набыцьця большай самастойнасьці Беларусі, так, як гэта адбывалася ў нас. А ў нас тады быў велізарны энтузіязм, гэта амаль што была агульнанацыянальная справа.
«Я спадзявалася, што пойдуць працэсы нацыянальнага адраджэньня і набыцьця большай самастойнасьці Беларусі, так, як гэта адбывалася ў нас. А ў нас тады быў велізарны энтузіязм, гэта амаль што была агульнанацыянальная справа. Мы спадзяваліся, што, можа, не гэтаксама, але падзеі ў Беларусі будуць разьвівацца ў тым жа кірунку. І для гэтых спадзеваў былі пэўныя падставы, бо напачатку невялікая апазыцыйная група Народнага Фронту праводзіла ў парлямэнце новыя рэчы, дайшло да абвяшчэньня незалежнасьці, зьмены сьцягу і гербу. Станоўчыя падзеі адбываліся, але не было такой выразнай падтрымкі з боку народу, а адначасова быў супраціў з боку тых, хто меў уладу ў часы СССР, асабліва дырэктараў вялікіх дзяржаўных прадпрыемстваў».
Але праз пэўны час Эльжбета Смулкова зразумела, што падзеі ў Беларусі ня пойдуць «за польскім узорам»:
«У маёй сьвядомасьці важнейшым здаецца гэты пэрыяд пасьля Віскулёў, бо я назірала страшэнную арганізацыйную немач, калі распадаліся ўсе галоўныя структуры, якія рэгулявалі эканоміку. Калі гаварыць пра эканоміку, я ўсьведамляла, што Беларусь была такім „зборачным цэхам“, дзе зьбіраліся машыны з дэталяў, якія дастаўлялі зь іншых месцаў. Выраблялі вельмі добрыя лядоўні, але не прыслалі нейкіх частак — і што рабіць? У той час я неяк ехала з двума інжынэрамі з заводу „Гарызонт“. Мы былі ў адным купэ цягніка на Львоў. Яны везьлі з сабою вялізныя чамаданы. І я бачу, што чамаданы лёгкія, парожнія. Выявілася, што яны ехалі па нейкія шрубкі да тэлевізараў, па нейкія маленькія элемэнты, якіх не атрымалі па разнарадцы, і таму выправіліся да знаёмага дырэктара львоўскага тэлевізійнага заводу „Электрон“ па гэтыя дэталі. Дамаўляліся пры мне з правадніцай, каб было месца для іхных чамаданаў на шляху назад. Гэта анэкдатычна гучыць, але ўсурʼёз трэба прызнаць, што распад цэнтральнага кіраваньня, не замененага своечасова самакіраваннем, стварыў на прадпрыемствах вялізныя цяжкасьці. У Іслачы пад Менскам, дзе мы адпачывалі, памятаю такую вялікую горыч у простых людзей, калі распаўся СССР. Ня радасьць, што мы будзем мець самастойную дзяржаву, а толькі горыч, што мы страцім на гэтым, што мы ня зможам спакойна паехаць адпачываць у Крым, бо ўжо не даюць пуцёвак. Я ім кажу, то самі едзьце, арганізуйцеся. Але людзі не прывыклі дзейнічаць самастойна, яны прызвычаіліся да жыцьця, арганізаванага зьверху. У многіх людзей не было настрою на самастойнасьць, яны не разумелі, што могуць нешта самі арганізаваць, напрыклад, як група жыхароў дому сабрацца і нешта разам зрабіць для сябе,— наладзіць самакіраваньне, што ў нас у Польшчы адразу пачало арганізоўвацца зьнізу».
Пра цяжкасьці ў будаўніцтве незалежнай Беларусі, пра тое, што яны не ўнікальныя, бо іх пераносілі ўсе новыя дзяржавы на постсавецкай прасторы, пані амбасадар Смулкова шчыра казала і падчас сваёй працы ў Менску, у 1992 годзе:
Каб дарога да сапраўднай дэмакратыі і незалежнасьці была менш балючаю і карацейшаю, трэба неадкладна заняцца пераарганізацыяй усяе гаспадаркі, зьмяніць падыход да справаў чалавека.
«Баюся, што ва ўсіх галінах дзейнасьці замала энэргічных, спраўных людзей, якія ўзялі б на сябе фактычную адказнасьць, ініцыятыву, змаглі стварыць вакол сябе асяродзьдзе, якое, незалежна ад уласных інтарэсаў, будзе дбаць найперш пра пераўтварэньне грамадзкага жыцьця. Каб дарога да сапраўднай дэмакратыі і незалежнасьці была менш балючаю і карацейшаю, трэба неадкладна заняцца пераарганізацыяй усяе гаспадаркі, зьмяніць падыход да справаў чалавека. Спраўныя людзі маюць шмат сілы, але ім трэба выразна бачыць, куды яны ідуць, трэба мець упэўненасьць у заўтрашнім дні, у тым, што зробленае праз паўгоду або праз год ня будзе адабрана. Значыць, патрэбна разумнае стабільнае заканадаўства», —
такія або падобныя словы ў той пераходны пэрыяд гаварылі многія замежныя дыпляматы, бізнэсоўцы, якія разважалі пра інвэстыцыі ў Беларусь. І праз чвэрць стагодзьдзя беларускай незалежнасьці гэтыя словы застаюцца актуальнымі.
Каб ня склалася думка, што праца першага амбасадара Польшчы ў Беларусі ішла ідэальна, пані Эльжбета згадала, што беларускія спэцслужбы часам яўна праслухоўвалі яе:
«Праслухоўвалі, наіўна нават. Пад’яжджала машына пад амбасаду, у ёй была спэцыяльная тэхніка. Я адчувала ў кабінэце нейкія хвалі, нешта фізычнае. Але ставілася да гэтага спакойна, мяркую, што, відаць, у цяперашнім сьвеце гэта нармальна — праслухоўваць амбасадараў. Абсалютна. Нейкіх нязручнасьцяў не было. Я свабодна хадзіла па Менску, без аховы, прывыкла да гэтага і не хацела іначай. І ніколі нічога кепскага не было, апрача таго, што час ад часу мяне фатаграфавалі».
Усё ж адно непрыемнае здарэньне адбылося. У Менску каля аднаго з палацаў культуры, дзе пані амбасадар была на афіцыйнай сустрэчы, нехта кінуў камень у пасольскую машыну са сьцяжком, разьбіў заднюю шыбку.
«Я напісала ліст у МЗС, але вінаватых не знайшлі і асобна не перапрасілі, толькі паведамілі, што не знайшлі адказных».
Міністар замежных спраў Беларусі ў 1990–1994 гадох Пятро Краўчанка ў размове са мною вельмі высока ацаніў дзейнасьць амбасадара Эльжбеты Смулковай для разьвіцьця двухбаковых польска-беларускіх сувязяў:
У вырашэньне кожнага пытаньня яна ўносіла глыбіню, канкрэтыку, умела даводзіць справу да канца. Гэта бывае толькі з апантанымі людзьмі, якія ўгрызаюцца ў глыбіню новай для іх справы.
«З усіх амбасадараў, акрэдытаваных у Менску, пані Эльжбета вылучалася сваёй шляхетнасьцю, інтэлігентнасьцю і стрыманасьцю. Я заўсёды яе бачыў з прыемнай ціхай усьмешкай. Яна вельмі абдумвала кожнае слова, гаварыла не сьпяшаючыся, дакладна і канкрэтна. Ніводнае слова не было лішнім. Тое, што яна не была кар’ерным дыпляматам, было ня хібай, ня мінусам, а наадварот, вельмі станоўчай зьявай. Таму што ў вырашэньне кожнага пытаньня яна ўносіла глыбіню, канкрэтыку, умела даводзіць справу да канца. Гэта бывае толькі з апантанымі людзьмі, якія ўгрызаюцца ў глыбіню новай для іх справы. У мяне былі зь ёю шчыльныя, асаблівыя дачыненьні — настолькі, што яна мела нумар майго асабістага тэлефону, на які магла без пратаколу, без дарадцаў патэлефанаваць і абмеркаваць любое пытаньне. Такой магчымасьці ня мелі іншыя амбасадары, у тым ліку ЗША, Расеі, Украіны».
Пятро Краўчанка згадвае, што неяк беларускі амбасадар у Польшчы паскардзіўся яму, што на прыёмы з нагоды нацыянальнага сьвята Рэспублікі Беларусі ў Варшаве прыходзіць мала прадстаўнікоў польскіх уладаў, у асноўным чыноўнікі невыскога ўзроўню:
«Тады мы прынялі рашэньне, што і на польскі прыём ня пойдзе, як звычайна, 30–40 беларускіх чыноўнікаў, а меншае прадстаўніцтва і ніжэйшае паводле рангу. Пані Эльжбета не пакрыўдзілася, усё зразумела і паўплывала на Варшаву з тым, каб тут быў парытэт».
Пані Эльжбета з мужам Віктарам у Менску жылі ў кватэры ў доме на вуліцы Пуліхава, непадалёк ад будынку амбасады.
Як і іншым замежным амбасадарам, беларускія ўлады далі ёй рэзыдэнцыю ў Драздах, сымпатычны драўляны дамок, але зімою там цяжка было б жыць, таму сямʼя Смулковых выкарыстоўвала яго толькі як дачу.
Ужо пасьля ад’езду пані Смулковай тыя Дразды апынуліся ў цэнтры дыпляматычнага скандалу — улада высяляла амбасадараў з дачаў, каб не жылі побач з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Я была настолькі зьдзіўленая, што можна такое нешта зрабіць,— кажа пані Эльжбета.— Цяжка было зразумець гэта, ёсьць рэчы, якія не магу трактаваць іначай як нейкую прымітыўнасьць дзеяньня».
Пазьней прыйшла чарга і на «высяленьне» польскай амбасады з будынку на вуліцы Румянцава, дзе працавалі польскія дыпляматы з 1974 году. Раптам ён спатрэбіўся ўладам Беларусі, дамову на арэнду не падоўжылі, і ў сьнежні 2012 году амбасада пакінула яго. Але будынак пуставаў доўгі час, толькі ўвесну 2015 году ў ім пачалі рэканструкцыю.
«Гэты будынак быў месцам даволі цесным для амбасады, але я яго любіла. Мы там аформілі офісы і залю для прыёмаў даволі зручна і прыгожа. Я думаю, што ўнесла ў гэты дом крыху свайго густу. У мой час гэта было месца добрых людзкіх кантактаў, шмат людзей да нас прыходзіла, у мяне быў добры штат, больш за 20 чалавек, я мела з кім працаваць. Марэк Ґалкоўскі [н. 1958] адказваў за культурныя сувязі і навуковыя кантакты, Марэк Зюлкоўскі [н. 1955] займаўся палітычнымі справамі, выконваў функцыю намесьніка, кантактаваў з прэсай, былі консулы па эканоміцы і праблеме польскай меншасьці. Побач з намі быў Дом літаратара. Забралі і яго... А цяпер нашую амбасаду выкінулі ў страшэннае месца, я жах адчула, наведаўшы іх, калі яны атрымалі новую пляцоўку», — з прыкрасьцю кажа пані Эльжбета.
Але гэта ўсё здарылася праз шмат гадоў пасьля заканчэньня місіі Эльжбеты Смулковай у Менску, калі атмасфэра ў двухбаковых дачыненьнях Беларусі і Польшчы была зусім іншая.