«Карта паляка» як люстэрка беларускага грамадзтва

Непрызнаваны беларускімі ўладамі Саюз палякаў адзначае 75-я ўгодкі абароны Горадні. Ушанаваньне памяці абаронцаў Горадні на могілках у Сапоцкіне.

Пра што сьведчыць лічба у 75 тысячаў беларусаў, якія на працягу 9 гадоў атрымалі «карту паляка»? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Дракахруст: За дзевяць гадоў карту паляка атрымалі каля 75 тысяч грамадзян Беларусі, паведаміў новы пасол Польшчы Конрад Паўлік.

«Каля 13% атрымалі карту і не выкарыстоўваюць яе — гэта ў асноўным пажылыя людзі, для якіх карта зьяўляецца сымбалічным дакумэнтам. 87% уладальнікаў „карты паляка“ карыстаюцца ёю для прыезду ў Польшчу, але большасьць зь іх карыстаецца толькі для таго, каб атрымаць бясплатную візу», — сказаў пасол.

«Карта паляка» дае яе ўладальніку права бясплатна атрымліваць доўгатэрміновую шматразовую візу, легальна працаваць на тэрыторыі Польшчы без атрыманьня спэцыяльнага дазволу на працу, займацца на тэрыторыі Польшчы прадпрымальніцкай дзейнасьцю на тых жа падставах, што і грамадзяне Польшчы, і шэраг іншых бонусаў.

75 тысяч, менш за адзін адсотак насельніцтва, за 9 гадоў. Мала ці шмат? Мне падаецца, што мала. Асабліва з улікам статыстыкі.

75 тысяч, менш за адзін адсотак насельніцтва, за 9 гадоў. Мала ці шмат? Мне падаецца, што мала. Асабліва з улікам статыстыкі. Якія фактары спрыялі росту гэтай колькасьці?

Паводле перапісу ў Беларусі пражывае прыкладна 300 тысяч этнічных палякаў, 3% насельніцтва. Падчас перапісу людзі сваю этнічнасьць пазначалі самі, але наўрад ці чалавек называў сябе палякам, ня маючы ўжо ніякіх польскіх каранёў. 7% насельніцтва адносяць сябе да католікаў. Ва ўмовах Беларусі гэта, як мы ведаем, вельмі часта спалучаецца прынамсі з духоўнай, культурнай повязьзю з Польшчай.

Усе гэтыя людзі патэнцыйна маглі б прэтэндаваць на «карту паляка». Але адна лічба больш рэальнай колькасьці ўладальнікаў «карты паляка» ўтрая, другая — ў 10 разоў. Маглі прэтэндаваць, але не прэтэндавалі.

Захад для беларусаў — край зусім не чужы. Нягледзячы на даволі высокую цану шэнгенскіх візаў, вядома, што Беларусь — адзін з сусьветных чэмпіёнаў па колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў. Езьдзіць на Захад беларусы хочуць, гатовыя траціць на гэта час і грошы. А «карта паляка» — магчымасьць атрымаць бясплатную шматразовую візу. Праўда, не Шэнген, але нешта. Мы з вамі памятаем, што калі закон аб карце прынялі, былі размовы, што па тыя карты ламанецца ледзь не ўся Беларусь. Каму ж халяву не ахвота атрымаць? А дурыць дзяржаву, хоць сваю, хоць замежную беларусаў вучыць ня трэба, пры патрэбе хоць кітайскую радню знойдуць.

Зь іншага боку, варта пазначыць і фактар, які дзейнічаў у бок зьмяншэньня колькасьці атрымальнікаў картаў. У 2011 годзе ў Беларусі быў прыняты закон, які абвясьціў несумяшчальнымі дзяржаўную службу ў краіне і валоданьне «картай паляка». Чынавенства (плюс людзей у пагонах) у Беларусі нямала. Тое, што беларускай дзяржаве гэтае пачынаньне суседняй дзяржавы не падабаецца, яна гэтым законам прадэманстравала не двухсэнсоўна.

Паколькі нямногія разглядалі карту як «квіток у адзін канец», то зразумела, што гэты закон прынамсі рэзка зьменшыў, калі ня зьвёў да нуля колькасьць ахвочых атрымаць тую карту сярод чынавенства. Але вось лічба на 2011 год — колькасьць занятых у сфэры дзяржкіраваньня — 168 тысяч. Крыху больш 1%. Ня ў іх усё ж справа.

Мая гіпотэза такая, што колькасьць уладальнікаў карты паляка — пэўны паказьнік узроўню нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў. Яна, як адзначыў у свой час Юры Шаўцоў, не маніфэстуецца, а праяўляецца

Мая гіпотэза такая, што колькасьць уладальнікаў карты паляка — пэўны паказьнік узроўню нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў. Яна, як адзначыў у свой час Юры Шаўцоў, не маніфэстуецца, а праяўляецца. Нямногія беларусы будуць размахваць сваім патрыятызмам, рваць на грудзях кашулю, але калі справа даходзіць, так бы мовіць, да справы, то ідэнтычнасьць робіцца заўважальнай.

Ня тое, што валоданьне «картай паляка» — прыкмета двайной ці нават толькі польскай дзяржаўнай ляяльнасьці. Але нейкі прывід, цень таго, магчыма, у масавай сьвядомасьці і прысутнічае — ня надта прынята, ня надта прыгожа. Ну і дзяржава рэзка супраць.

Гэта, зразумела, адно гіпотэза, адна з магчымых інтэрпрэтацыяў такой параўнальна нізкай колькасьці ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі. А якія вашы тлумачэньні, калегі?

Глод: Малая колькасьць уладальнікаў «карты паляка», напэўна, сьведчыць пра тое, што беларусы ня надта лёгкія на пад’ём людзі. Але калі б беларускія ўлады не ўвялі шэраг абмежаваньняў для людзей, якія маюць «карту паляка», то такіх было б болей. Думаю, нават значна болей.

Справа ў тым, што мець карту паляка забаранілі спачатку ўсім супрацоўнікам сілавых структураў, а затым і ўсім дзяржаўным служачым. Фармальная падстава для такога рашэньня, а яна прынятая на заканадаўчым роўні палатай прадстаўнікоў, гэта тое, што ва ўладальнікаў «карты паляка» зьяўляецца спакуса перадаць у Польшчу зьвесткі, якія адносяцца да катэгорыі службовай ці нават вайсковай тайны. Насамрэч, як мне падаецца, беларускае кіраўніцтва проста пабаялася, што ахвотных атрымаць польскі дакумэнт будзе занадта шмат.

Дракахруст: У Беларусі здаецца 80 тысяч войска, а яшчэ міліцыі, ўнутраных войскаў і іншых людзей у пагонах — 120 тысяч чалавек. У суме — 200 тысячаў. Гэта шмат, але не мільёны.

Глод: Так, але 200 тысяч людзей у пагонах плюс 160 тысяч дзяржаўных служачых — гэта 360 тысяч разам.

Ёсьць і ня толькі заканадаўчыя забароны. У мяне ёсьць знаёмая журналістка. Нядаўна сустрэў яе, кажа — афармляю «карту паляка». А чаму зараз ? — пытаюся. А раней я ў «Народнай газэце» працавала, адказвае, там гэта было забаронена. А пасада журналіста ў дзяржаўнай «Народнай газэце» — не вайсковая і не чынавенская. Яшчэ ўлады безумоўна хваляваліся: ці стане «карта паляка» для Беларусі пагрозай да вымываньня мазгоў і працоўных рук? Але гэтыя засьцярогі асабліва на той час былі дарэмнымі і перабольшанымі. Працоўная сіла зь Беларусі да апошніх эканамічных цяжкасьцяў высмоктавалася ў Расею. У асобныя гады там падлік ішоў на сотні тысяч чалавек. А руху ў Польшчу ў такім маштабе не было і блізка.

Расейскія месцы працы ўжо не зьяўляюцца для беларусаў такімі прывабнымі. А вось Польшча можа прыцягнуць людзей, якія пры эканамічным крызісе шукаюць лепшае жыцьцё

Магчыма, хутка сытуацыя часткова зьменіцца. Расейскія месцы працы ўжо не зьяўляюцца для беларусаў такімі прывабнымі. А вось Польшча можа прыцягнуць людзей, якія пры эканамічным крызісе шукаюць лепшае жыцьцё. Беспрацоўных у Беларусі робіцца ўсё больш. Да таго ж некаторым пагражае падатак за дармаедзтва. Таму тыя, хто маюць карту паляка будуць зацікаўленыя, каб знайсьці працу, каб выехаць. Куды? Зразумела, у Польшчу. Я чуў, што пасьля паправак да закону аб «карце паляка» працадаўцы ў Польшчы, якія возьмуць да сябе чалавека з гэтай картай, мінімум на два гады атрымаюць кампэнсацыю сумы, выдаткаванай на працаўладкаваньне. Для іх гэта добры стымул, а для беларусаў больш магчымасьцяў знайсьці працу ў Польшчы.

Калі адкінуць ад 75 тысяч беларусаў, што маюць «карту паляка», 10 тысяч старых, то атрымліваецца, што патэнцыйна «картай паляка» могуць скарыстацца каля 65 тысяч беларусаў. Ня думаю, што усе яны хутка зьедуць. Але ў тым, што гэтай магчымасьцю найперш скарыстаюцца найбольш актыўныя людзі, сумневу няма.

І тут галоўнае не ў прывабнасьці карты паляка. Гэта перадусім вынік палітычнай, грамадзкай, культурнай сытуацыі, у якой апынулася Беларусь цягам апошніх 20 гадоў. Выкарыстаньне «карты паляка» — гэта толькі адзін з магчымых выхадаў з гэтага становішча.

Карбалевіч: Важна зазначыць, што ў Беларусі атрымалі гэтых картаў больш, чым ва Ўкраіне: 75 тысяч — у Беларусі, каля 70 тысяч — ва Ўкраіне.

Адразу пасьля таго, як Польшча пачала выдаваць «карту паляка», беларускія ўлады ўспрынялі яе ў штыхі. Маўляў, людзі, якія яе атрымліваюць, праяўляюць неляяльнасьць да беларускай дзяржавы. І забаранілі чыноўнікам атрымоўваць гэты дакумэнт. Адносна чыноўнікаў можа гэта і правільна. Літва таксама прыняла аналягічныя рашэньні адносна чыноўнікаў.

што тычыцца шараговых беларусаў, то атрыманьне імі «карты паляка» — гэта зусім не праява неляяльнасьць да беларускай дзяржавы. Абсалютная большасьць тых, хто атрымаў яе ў Беларусі, зрабілі гэта толькі дзеля атрыманьня бясплатнай візы

Але што тычыцца шараговых беларусаў, то атрыманьне імі «карты паляка» — гэта зусім не праява неляяльнасьць да беларускай дзяржавы. Абсалютная большасьць тых, хто атрымаў яе ў Беларусі, зрабілі гэта толькі дзеля атрыманьня бясплатнай візы. Не дзеля працы ці дзеля атрыманьня віду на жыхарства ў Польшчы, а толькі дзеля таго, каб можна было прасьцей наведваць суседнюю краіну, езьдзіць «на закупы». То бок, практычныя беларусы актыўна карыстаюцца тымі льготамі, якія дае «карта паляка». І больш нічога.

Хоць нельга выключаць, што па меры разьвіцьця эканамічнага крызысу ў Беларусі, росту беспрацоўя, усё больш беларусаў паедзе ў Польшчу шукаць працу.

Дарэчы нармалізацыя беларуска-польскіх дачыненьняў прывяла да таго, што тэма «карты паляка» больш не падымаецца публічна афіцыйным Менскам і не азмрочвае двухбаковыя адносіны.

Дарэчы, кіраўніцтву Беларусі нават у галаву не прыходзіць даць нейкія льготы этнічным беларусам, якія жывуць за мяжой, выдаваць «карту беларуса». Бо гэта патрабуе пэўных эканамічных рэсурсаў, якіх ў дзяржавы няма. Але галоўнае, гэта прадугледжвае высокую ступень нацыянальнай ідэнтычнасьці, этнакультурнай адметнасьці, і кансалідацыі людзей на гэтай глебе. А гэтага няма ў самой Беларусі. Узгадаем стаўленьне ўладаў да беларускай мовы і да этнакультурнага нацыяналізму.