З Францыі дэпартуюць кіраўніка Ўсерасейскага аб’яднаньня заўзятараў

Аляксандар Шпрыгін

Кіраўніка Ўсерасейскага аб’яднаньня заўзятараў Аляксандра Шпрыгіна выдвараюць з Францыі, дзе праходзіць чэмпіянат Эўропы па футболе.

Аўтобус расейскімі заўзятарамі, сярод якіх быў і Шпрыгін, затрымалі 14 чэрвеня па дарозе з Марсэлю ў Ліль, дзе на наступны дзень адбыўся матч Расея — Славакія.

20 чалавек пазьней выпусьцілі, яшчэ 20, у тым ліку Шпрыгіна, перавезьлі ў дэпартацыйны цэнтар. На выкананьне рашэньня аб іх высылцы ўлады Марсэлю адвялі пяць дзён. Шпрыгін заявіў, што плянуе абскардзіць рашэньне.

Улады Францыі паведамілі, што прынялі гэтае рашэньне ў мэтах бясьпекі, бо бачаць з боку гэтых заўзятараў патэнцыйную пагрозу.

Дзеяньні францускай паліцыі выклікалі рэзкую рэакцыю Расеі. 15 чэрвеня кіраўнік Міністэрства замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў назваў затрыманьне заўзятараў «непрымальным». У той жа дзень амбасадара Францыі ў Расеі Жана-Марыса Рыпэра выклікалі ў МЗС РФ.

11 чэрвеня ў Марсэлі паміж расейскімі і англійскімі фанатамі адбыліся сутыкненьні. Пацярпелі больш за 30 чалавек, 50-гадовы англійскі заўзятар атрымаў цяжкія траўмы, якія справакавалі смерьць мозгу.

14 чэрвеня УЭФА аштрафаваў Расейскі футбольны саюз (РФС) на 150 тысяч эўра за ўдзел заўзятараў з Расеі ў беспарадках на стадыёне ў Марсэлі. Акрамя таго, зборная Расіі атрымала адтэрмінаваную дыскваліфікацыю і будзе адхіленая ад удзелу ў чэмпіянаце Эўропы ў выпадку паўторнага парушэньня з боку фанатаў.

Аляксандар Шпрыгін быў лідэрам фанацкага руху клюбу «Дынама» (Масква). У 1998 годзе ён далучыўся да Лібэральна-дэмкратычнай партыі Расеі (ЛДПР), зрабіўшыся дарадцам лідэра партыі Ўладзіміра Жырыноўскага па спорце. У 2003 годзе Шпрыгін трапіў у сьледчы ізалятар «Матросская Тишина» за бойку на кватэры Сяргея Троіцкага – лідэра гурту «Коррозия металла». Ён правеў каля году ў СІЗА, і быў вызвалены, бо пракуратура ня здолела даказаць абвінавачаньне. Канчаткова справу зачынілі ў 2008 годзе калі Шпрыгін ўжо ўзначальваў Усерасейскае аб’яднаньне заўзятараў.

Шпрыгін разам з тагачасным прэм'ер-міністрам Расеі Ўладзімірам Пуціным ускладае кветкі на магілу забітага заўзятара клюбу "Спартак" (Масква) Ягора Сьвірыдава. 21 сьнежня 2010 году