Сума штрафу складае 150 тысяч эўра. Адтэрмінаваная дыскваліфікацыя ператворыцца ў рэальную ў выпадку, калі на чэмпіянаце Эўропы па футболе паўторацца беспарадкі, арганізаваныя расейскімі фанатамі пасьля матчу Расея-Ангельшчына.
Раней УЭФА папярэджвала Расею і Ангельшчыну, што зборныя гэтых краін могуць быць дыскваліфікаваныя і ня змогуць больш удзельнічаць у Эўра-2016, калі фанаты іх каманд і далей будуць удзельнічаць у беспарадках.
У заяве УЭФА гаварылася, што саюз «не выключае ўвядзеньня дадатковых санкцый у дачыненьні да Асацыяцыі футболу Англіі і Расейскага футбольнага саюзу (РФС) аж да дыскваліфікацыі каманд з турніру ў выпадку, калі такі гвалт паўторыцца».
Рашэньне прыняў кантрольны, этычны і дысцыплінарны камітэт УЭФА. Заўзятарам зборнай Расеі ставяцца ў віну беспарадкі, расісцкія паводзіны і выкарыстаньне піратэхнікі, паведамляецца на афіцыйным сайце УЭФА.
Сёньня з Францыі дэпартуюць некалькі дзясяткаў расейскіх заўзятараў. Учора дваіх ангельцаў асудзілі да двух і трох месяцаў турмы за ўдзел у беспарадках.