Інтэрпол адмовіў у вышуку грамадзяніна Расеі Арсенія Паўлава па мянушцы «Матарола». Як інфармуе Цэнтар інфармацыі аб правах чалавека, пра гэта паведаміў намесьнік начальніка Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны Віталь Маякоў.
Паўлава абвінавачваюць у забойстве палоннага ўкраінскага ваеннага Ігара Бранавіцкага, які абараняў данецкі аэрапорт.
«Інтэрпол вярнуў нам дакумэнты з абгрунтаваньнем пра палітычны характар справы „Матаролы“. Нам гэта незразумела. Ён застрэліў на вачах у сьведак Бранавіцкага, у нас ён зьяўляецца падазраваным, і ёсьць рашэньне суду пра яго арышт», — адзначыў прадстаўнік СБУ.
«Я спадзяюся, што ўсё ж ва ўзаемадзеяньні зь міжнароднай супольнасьцю гэтая пазыцыя будзе зьмененая», — адзначыў Маякоў.
У 2015 годзе Ўкраіна зьвярнулася ў Інтэрпол з просьбай пра аб’вяшчэньне расейца ў вышук.
Паўлаў прыехаў на акупаваны Данбас і ўзначаліў незаконнае ўзброенае фармаваньне «Батальён Спарта». Раней ён заявіў, што «расстраляў 15 палонных» украінскіх вайскоўцаў.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала расьсьледаваць забойствы, у якіх прызнаўся «Матарола».