Радыё Свабода першым сярод беларускіх мэдыяў запускае сэрвіс Instant Articles у сацыяльнай сетцы Facebook. Пры праглядзе навінаў з мабільнай аплікацыі Facebook вам не давядзецца пераходзіць на сайт, каб пачытаць навіны: публікацыі, фота і відэа будуць загружацца наўпростава ў сацыяльнай сетцы.
Гэты сэрвіс стаў даступны амэрыканскім мэдыям увесну 2016 году. Паводле афіцыйнай інфармацыі, са зьяўленьнем Instant Articles працэнт чытаньня публікацый павялічыўся на 70%. Тэксты ў «хуткіх артыкулах» адкрываюцца ў дзесяць разоў хутчэй, чым тыя, якія патрабуюць пераходу на сайт. Гэта мае значэньне для карыстальнікаў з павольным інтэрнэтам.
Атрымаць дазвол ад сацыяльнай сеткі на стварэньне такіх пастоў — працэс працаёмкі. Цягам месяца Свабода вяла перамовы з Facebook і ўрэшце «хуткія артыкулы» запрацавалі.
Падобныя сэрвісы маюць таксама Apple і Google.