У выніку абстрэлу ў ноч з суботы на нядзелю з боку непрызнанай «ДНР» шахты Бутаўка на Данбасе загінула чацьвёра байцоў «Правага сэктару», паранена па зьвестках розных украінскіх СМІ ад 8 да 12 чалавек, у тым ліку адзін цяжка паранены. Побач з шахтай з украінскага боку загінулі два байцы, параненыя да 8 чалавек. Пра страты з боку сэпаратыстаў не паведамляецца.
Як піша на Facebook украінскі дэпутат Ігар Луцэнка, абстрэл быў моцны і трывалы, было зьнішчана нямала будынкаў, у будынка шахты абваліўся дах. Дэпутат дапускае, што артылерыя працавала прамой наводкай, і зьдзіўляецца, чаму артылерыя ўкраінскага боку не нанесла ўдар у адказ.
Па адных зьвестках, абстрэл вёўся зь мінамётаў 120 калібру, па іншых – 152-га. У сацсетках таксама сьцьвярджаюць, што абстрэл каардынаваўся бесьпілётнікамі. Раней беларускі баец «Правага сэктару» Аляксей Скобля распавядаў Свабодзе, што пад Бутаўкай сутыкаўся з расейскімі кадравымі часткамі.
У сацыяльных сетках валянтэры паведамляюць, што ў абстрэлах загінуў нехта пад пазыўным «Док». Тактычная група «Беларусь» паведамляе на Facebook, што ўсе беларусы-дабраахвотнікі жывыя. Але гаворка не ідзе пра беларуса пад пазыўным «Рустам Док» («Друг Док»): па зьвестках Свабоды, загінуў мэдык «Док» з украінскага Мукачава. «Рустам Док» сказаў Свабодзе, што цяпер ня езьдзіць на фронт, бо яму нельга пакідаць тэрыторыю Кіева.