«Мяне білі, думаючы, што я гей. Заўтра паб’юць за тое, што беларус»

Your browser doesn’t support HTML5

У Кіеве прайшоў Марш роўнасьці «Кіеў прайд-2016». Паводле розных ацэнак, у ім узялі ўдзел ад 3 да 5 тысяч чалавек.

Мерапрыемства ахоўвалася на самым высокім узроўні — уся паліцыя Кіева была мабілізаваная для гарантаваньня бясьпекі ўдзельнікаў.

Як адзначылі некаторыя зь іх, гэта зроблена для таго, каб прадэманстраваць Захаду, як ва Ўкраіне праходзяць акцыі талерантнасьці — у Радзе абмяркоўваецца шэраг дакумэнтаў, зьвязаных з далейшай эўраінтэграцыяй Украіны.

Амбасадары Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Даніі, Італіі, Канады, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Нарвэгіі, ЗША, Фінляндыі, Францыі, Швэйцарыі і Швэцыі перад прайдам зрабілі супольную заяву ў падтрымку акцыі.

Супрацоўнікі некаторых дыппрадстаўніцтваў бралі ўдзел у КіеўПрайдзе, вітаючы яго.

Многія ўдзельнікі акцыі сказалі, што прыйшлі не таму, што самі належаць да ЛГБТ-супольнасьці, а таму што выступаюць супраць любой дыскрымінацыі.

Міхась

Напрыклад, Міхась адносіць сябе да беларускамоўнай меншасьці ва Ўкраіне. Хлопец прыйшоў зь бел-чырвона-белым сьцягам на парад і расказаў, што размаўляе па-беларуску і наведвае ў Кіеве беларускую суполку.

«На мне бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта беларускі сымбаль. Я заўсёды нашу ўпрыгажэньне белага і чырвонага колераў. І калісьці ў Львове нехта падумаў, што гэта сымбаль геяў і мяне пабілі. Хаця я зусім ня гей. На Марш роўнасьці я прыйшоў з тым самам упрыгажэньнем, за які пакутаваў. Хаця ва Ўкраіне прыгнечваецца меншасьць насельніцтва, большасьць павінна бараніць меншасьць, каб зрабіць грамадзтва больш цывілізаваным. Нельга дазваляць крыўдзіць людзей за тое, што яны іншыя. Інакш атрымаецца, што сёньня б’юць геяў, заўтра — людзей з расьсеяным склерозам, пасьлязаўтра — крымскіх татараў, а потым і беларусаў. Я належу да беларускай культуры — значыць, таксама да меншасьці. Таму я прыйшоў бараніць іншую меншасьць».

Віталь

На акцыю прыйшла група пратэстантаў, якія раздавалі ўлёткі са сваёй пазыцыяй. Адзін зь іх, Віталь, сказаў, што ўхваляе палітыку беларускіх уладаў, якая не дае прадстаўнікам сэксуальных меншасьцяў праводзіць падобныя мерапрыемствы:

«Я хрысьціянін і хрысьціянскія каштоўнасьці для мяне на першым месцы. Я ведаю, што ў Беларусі няма магчымасьці праводзіць такія садомскія маршы і ведаеце, я падтрымліваю палітыку вашага ўраду. Я думаю, што трэба не дапускаць такіх акцый. А калі не даходзіць добрым спосабам, то трэба пакаваць у аўтазакі і везьці ў міліцыю. Таму што гэта толькі называецца талерантнасьцю і роўнасьці, а насамрэч гэта выраджэньне нацыі».

КіеўПрайд шырока падтрымалі людзі з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі. Так, тэлевядучая Ульяна Пчолкіна, якая стала адным з твараў прамацыйнай прадукцыі параду, ня згодная з тым, што, маўляў, удзельнікі параду рэклямуюць і прапагандуюць гамасэксуальнасьць:

«Я за тое, каб нікога не дыскрымінавалі. Кожны чалавек мае права выбару. Можа гэта ня самы лепшы момант у краіне для такога маршу, але праціўнікі яго заўсёды былі і заўсёды будуць. Немагчыма ўсё грамадзтва зрабіць талерантным. Можа, толькі пры дапамозе нейкіх вялізных штрафаў. Зараз з зоны АТА вяртаецца шмат маладых інвалідаў — і яны будуць адчуваць дыскрымінацыю. Для мяне ўсё роўна — правы ЛГБТ-супольнасьці, правы дзяцей, правы людзей такіх як я — інвалідаў. Гэта ўсё пра адно і тое ж. А тое, што зараз робяць праціўнікі гэтага маршу, — гэта спадчына Савецкага саюзу. Кажуць, што мы нешта прапагандуем. Мы праводзілі марш інвалідаў. Але хіба мы прапагандуем інваліднасьць? Ды ні ў якім разе. Тое самае з ЛГТБ — яны проста хочуць аднолькавых правоў. Наконт Беларусі — я ведаю, як там цяжка і з правамі сэксуальным меншасьцяў, і з правамі інвалідаў. Але апошняе, што трэба рабіць, — гэта здавацца. Усё памяняецца і мы гэта пабачым. Я ўпэўнена, што Беларусь павінна ісьці па цывілізаваным шляху. Я сама на вазку стаяла на Майдане і бачыла, як шмат беларусаў прыехалі, каб падтрымаць нас».

Кіеўская міліцыя паведамляе, што падчас «Марша роўнасьці» затрымала каля 50 чалавек — гэтыя людзі былі «агрэсіўна настроены» і «не рэагавалі на заўвагі паліцыі».

Ужо пасля акцыі група праціўнікаў кіеўскага «Марша роўнасьці» рушыла па вуліцах цэнтра горада, выкрыкваючы лёзунгі, якія часам мелі нэанацысцкі і антысэміцкі зьмест.