«Я ваджу сюды двух сваіх сыноў — Аляксея і Ўладзя, — расказвае маладая маці Тамара. — Аднаму шэсьць гадоў, другому — тры з паловай. Будзем і трэцяга нашага сына навучаць беларускай мове, калі падрасьце. Мы як толькі ўбачылі ў сеціве абвестку пра гурток, адразу вырашылі: будзем хадзіць! Муж найперш настойваў. Казаў, мы выгадуем бяз роднай мовы каго заўгодна, але не беларусаў. Ён у мяне — мастак, беларускую мову шануе, размаўляе. І я з сынамі паўтараю, бо пасьля школы не карысталася нашай мовай, і пачала патроху забываць. Хочам, каб наша шматдзетная сям’я была беларускамоўнай. Вучым адначасова і ангельскую мову».
На паперы беларускай мова нібы нароўні з расейскай, а на яве — далёка адстала
Дачцэ Натальлі Маргарыце — толькі пяць гадоў. Яна ходіць ўгарадзкі садок № 144, дзе беларускай моваю займаюцца толькі раз на тыдзень.
«Так дачка мову ня вывучыць, бо няма адпаведнага моўнага асяродку. Хачу, каб Маргарыта валодала беларускай мовай. Бо якая ж пэрспэктыва ў дачкі ў Беларусі бяз мовы? Сама я — мэдыцынская сястра, другі год наведваю курсы „Мова нанова“. Нам у краіне трэба неяк выпраўляць перакос са станам роднай мовы. На паперы беларускай мова нібы нароўні з расейскай, а на яве — далёка адстала».
Ініцыятыву ў стварэньні гуртка «Мова дзяцей» выявіла новы старшыня гарадзкой суполкі ТБМ Алеся Аўласевіч — яна адначасова зьяўляецца і яго кіраўніком.
Адгукнуліся больш за тры дзясяткі бацькоў.
«Мы былі ўражаныя, — расказала Алеся Аўласевіч, — што на наш зварот пра навучаньне дзяцей па-беларуску адразу адгукнуліся больш за тры дзясяткі бацькоў. Раней, наколькі я ведаю, у садках не стваралі беларускамоўных групаў, матывуючы тым, што няма ахвочых. Мы ад ТБМ накіравалі запыт у дзіцячыя садкі — як яны ставяцца да ідэі стварэньня такіх групаў? Атрымалі шэраг адказаў: адны ня могуць гэта зрабіць, бо няма кваліфікаваных беларускамоўных выхавацеляў. Іншыя пішуць, што малы працэнт бацькоў жадаюць навучаць дзяцей па-беларуску і не прасочваецца пераемнасьць у навучаньні з найбліжэйшымі школамі, куды дзеці пойдуць вучыцца пасьля садку. Трэція сьцьвярджалі, што ладзяць у садку дні беларускай мовы і выхаваўчыя мерапрыемствы — гэтага, маўляў, дастаткова. Чацьвёртыя, апрача ўсяго іншага, наракалі на адсутнасьць мэтадычных дапаможнікаў для беларускамоўнага навучаньня. Адзін адказ быў надзвычай кароткім: „Тэма актуальная. Зацікаўленьне ёсьць. Магчымасьці няма“. Таму мы і арганізавалі ў горадзе гурток „Мова дзяцей“, каб даць магчымасьць дзецям ды іх бацькам не чакаць зьяўленьня групы, а пачаць ўжо зараз вывучаць беларускую мову, стасавацца з такімі ж беларускамоўнымі дзеткамі, гуляць разам у гульні, маляваць, вучыцца і разьвівацца».
Сама Алеся Аўласевіч скончыла ў Менску лінгвістычны ўнівэрсытэт, валодае ангельскай і нямецкай мовамі. Падчас вучобы удзельнічала ў працы ТБМ. Выйшла замуж за гомельскага хлопца, прыхільніка беларушчыны.
У школе творчы падыход да ўрокаў не падтрымлівалі.
«Ідэя навучаць дзяцей беларускай мове мяне апанавала, калі я яшчэ працавала ў школе, — тлумачыць Алеся. — У той час я вяла ад ТБМ гурток „Лемантар для дарослых“. Але больш за ўсё хацелася навучаць менавіта дзяцей — праца зь імі давала найбольш энэргіі. У школе творчы падыход да ўрокаў не падтрымлівалі: „Не патрэбны тут песьні-танцы“. Сышла са школы, і цяпер стала вучыць дзяцей роднай мове ў гуртку. Хачу паказаць дзецям, што беларуская мова — гэта весела, цікава, пазытыўна».
У гуртку так яно і ёсьць — гульні, забавы, танцы, песьні. Назвы музычных інструмэнтаў дзеці пазнаюць праз беларускамоўны мультфільм «Свінка Пэпа». Ніхто не сумуе, не нудзіцца. Заняткі праходзіць кожную суботу на вуліцы Пушкіна, 2. Бацькі дзяцей самі аплачваюць арэнду памяшканьне, самі прысутнічаюць на занятках.
Навучаньне ў гуртку ладзіцца асобна для дзяцей узростам 3-4 гады, 5-6 і школьнікаў 8-12 гадоў. Малодшыя школьнікі, апроч мовы, атрымліваюць веды па гісторыі і культуры Беларусі.
«Хто на фотаздымку? — пытаецца Алеся ў хлапчукоў-школьнікаў, паказваючы партрэт Янкі Купалы перад тым, як яны пачнуць чытаць беларускія скорагаворкі.
«Ленін. Сталін», — былі адказы. І толькі трэці хлапчук наблізіўся да Беларусі, згадаўшы прозьвішча беларускага гісторыка: «Ігнатоўскі».