Беларусь на 106 месцы са 163 краінаў у Рэйтынгу міру. Расея ж абганяе Паўночную Карэю па ваяўнічасьці.
Згодна з Усясьветным рэйтынгам міру (Global Peace Index, PDF), летась колькасьць ахвяраў збройных канфліктаў дасягнула самага высокага ўзроўню за апошнія 25, калі не 35 год.
Уцекачоў у 2015 годзе 57 мільёнаў, што ў два разы больш за 2007 год. У Сырыі зьнешнімі і ўнутранымі ўцекачамі сталі 60% насельніцтва, у Самалі і Паўднёвым Судане — больш за 20%.
На вайсковыя канфлікты за 2015 год чалавецтва патраціла $13,6 трлн (па $1876 на зямляніна), гэта 13,3% усясьветнай эканамічнай актыўнасьці.
Беларусь у рэйтынгу разьмясьцілася на 106 месцы сярод 163 краінаў сьвету, цяпер яна мае 2,202 бала «ваяўнічасьці», за год аднялося 0,035 бала. У рэйтынгу ўлічваліся бягучыя ўнутраныя і міжнародныя канфлікты, сацыяльная бясьпека і ўзровень мілітарызаванасьці.
Па межах Беларусі праходзіць падзел між эўрапейскімі краінамі з высокім узроўнем міру — і Расеяй ды Ўкраінай, дзе ўзровень міру вельмі нізкі. Польшча на 22 месцы ў сьвеце, Латвія — на 32-м, Літва — на 37-м. Расея на другім канцы сьпісу, на 151 месцы, акурат за Паўночнай Карэяй. Украіна яшчэ ніжэй, на 156 месцы, паміж Суданам і ЦАР.
Самымі неспакойнымі застаюцца Ірак, Паўднёвы Судан і Сырыя, сытуацыя ў іх толькі пагаршаецца. Самыя ж мірныя — Ісьляндыя, Данія і Аўстрыя.