Прадстаўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін выказаў гатоўнасьць кіраўніцтва ДНР да наўпроставага дыялёгу з Надзеяй Саўчанкай пры надзяленьні яе адпаведнымі паўнамоцтвамі.
У інтэрвію «Інтэрфаксу» Пушылін раскрытыкаваў дзеючых прадстаўнікоў Кіева ў трохбаковай кантактнай групе па мірным ўрэгуляваньні ў Данбасе, якія, паводле яго словаў, спрабуюць пазьбегнуць наўпроставага дыялёгу з самаабвешчанымі ДНР і ЛНР і ўхіляюцца ад узятых на сябе абавязацельстваў па рэалізацыі мірнага працэсу.
Раней у аўторак дэпутат Вярхоўнай Рады Надзея Саўчанка заявіла, што Ўкраіне патрэбныя наўпроставыя перамовы з лідэрамі сэпаратыстаў, і выказала гатоўнасьць весьці іх зь кіраўнікамі так званых ДНР і ЛНР Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім, якія могуць пазыцыянавацца — па словах Саўчанкі — як «народныя дэпутаты» ад гэтых «рэспублік».
Саўчанка таксама падкрэсьліла, што яна супраць вяртаньня Данбасу сілай, і заявіла пра неабходнасьць падоўжыць санкцыі супраць Расеі.
25 траўня ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка вярнулася на радзіму з Расеі, дзе была асуджаная на 22 гады пазбаўленьня волі.
Саўчанка заявіла, што Ўкраіне патрэбныя наўпроставыя перамовы з лідэрамі сэпаратыстаў.