Адзін зь лідэраў БХД, былы палітвязень Павал Севярынец заклікаў прыйсьці на акцыю салідарнасьці «Свабоду Эдуарду Пальчысу!», якую плянуюць правесьці 9 чэрвеня ў Менску каля СІЗА на вуліцы Валадарскага.
Пра гэта палітык напісаў у Фэйсбуку.
Блогера Эдуарда Пальчыса (Джона Сільвэра) экстрадзіравалі з Расеі ў Беларусь пад канец траўня. Яго затрымалі спэцслужбы ў Расеі, і пакуль невядома, якое выстаўлена абвінавачаньне. Раней Пальчыс паведаміў Свабодзе, што супраць яго распачатыя крымінальныя справы за «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці» і за «распаўсюд парнаграфіі».
У размове з карэспандэнтам Свабоды Павал Севярынец паведаміў, што сёньня арыштаванаму павінны былі аднесьці перадачу.
— Я разумею, што перадалі. Займаліся гэтым бацькі. Бацькі ня вельмі хочуць ісьці на кантакт, ня вельмі хочуць розгаласу. Тактыка ў бацькоў і ў жонкі — каб усё было ціха. Таму яны рабілі гэта самастойна. Але мы разумеем, што падтрымка Эдуарду патрэбная, і таму будзем праводзіць акцыю салідарнасьці зь ім у чацьвер а 18-й гадзіне. Мы запрашаем усіх да Валадаркі.
— Чаму неабходна праявіць салідарнасьць?
— Справа ў тым, што Jhon Silver, ён жа Эдуард Пальчыс даваў вострыя, падрыхтаваныя і як гісторык абгрунтаваныя матэрыялы пра расейскую агрэсію ў дачыненьні да Беларусі. Калі яго бяруць у палон, зацягваюць у Расею і некалькі месяцаў трымаюць там, то ўсе беларусы павінны бачыць, што ёсьць нейкая рэакцыя. Нашага хлопца ўзялі ў палон за тое, што ён выступіў супраць імпэрыі і трэба яго падтрымаць. Калі сёньняшні рэжым трымае яго за кратамі, вядзе дзьве сфабрыкаваныя супраць яго справы, то кожны беларус павінен адчуваць, што ёсьць сілы, якія заступяцца, праявяць салідарнасьць. Вось па гэтай прычыне найперш. Канечне, яму самому будзе лягчэй, калі дзясяткі людзей будуць пратэставаць, дасылаць лісты. Ён будзе гэта адчуваць і ўся турма будзе гэта адчуваць. Таму што ён зрабіў вельмі шмат, каб вочы расплюшчыліся ў тысячаў беларусаў.
Павал Севярынец заклікаў пісаць лісты падтрымкі Эдуарду Пальчысу на адрас: Менск, 220050, СІЗА-1, Валадарскага 2, Пальчысу Эдуарду.