7 чэрвеня каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага актывісты правялі акцыю салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам, затрыманым міліцыяй падчас заезду раварыстаў «Крытычная маса».
Яны разгарнулі расьцяжку «Свабоду анархісту Зьмітру Паліенку», перадае «Наша ніва».
Зьміцер Паліенка быў затрыманы падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка. Усяго тады затрымалі 6 чалавек. Іх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску.
Пазьней чацьвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аказаньні супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх — Зьмітра Паліенкі і Станіслава Канавалава — былі распачатыя крымінальныя справы паводле 364 артыкулу Крымінальнага кодэксу — гэта «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Станіслава Канавалава сьледчыя выпусьцілі пад падпіску, а Зьмітра Паліенку трымаюць за кратамі.