Часопіс Forbes зноў прызнаў самай уплывовай жанчынай сьвету Ангелу Мэркель

Ангела Мэркель

На другім месцы самы верагодны кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. На трэцім — кіраўніца Фэдэральнага рэзэрву ЗША Джанэт Елен.

Як і кожны год, часопіс Forbes склаў сьпіс са ста імёнаў найбольш уплывовых, на думку ягоных экспэртаў, жанчын сьвету.

У першую дзясятку, апрача ўжо згаданых жанчын, увайшлі філянтроп Мэлінда Гейтс (4), генэральная дырэктарка General Motors GM Мэры Бара (5), дырэктарка Міжнароднага валютнага фонду Крысьцін Лягард (6), адна з кіраўніц Facebook Шэрыл Сандбэрг (7), генэральная дырэктарка YouTube Сюзан Вайціцкі (8), генэральная дырэктарка HP Мэг Уітман (9) і кіраўніца Banco Santander Ганна Патрысія Боцін (10).

На думку часопіса, статыстычныя дадзеныя пра жанчын на кіруючых пасадах застаюцца змрочнымі. Паводле апошняга апытаньня, праведзенага Catalyst, некамэрцыйнай арганізацыяй, якая адсочвае гендэрную роўнасьць на працоўных месцах, жанчыны займаюць 4% ключавых офісаў ў 500-х найбуйнейшых, паводле S&P, кампаніях. Таксама жанчыны займаюць толькі 25% пазыцый выканаўчых кіраўнікоў або кіраўнікоў ніжэйшага ўзроўню ў тых жа фірмах.

Але бачыць Forbes і аптымістычныя тэндэнцыі. З 2005 году колькасьць жанчын, якія зьяўляюцца сусьветнымі лідэрамі — прэзыдэнтаў або кіраўнікоў дзяржаў — паводле стану на мінулы год павялічылася больш чым удвая, паводле дадзеных дасьледчага цэнтру Pew.

Доказы гэтай тэндэнцыі навідавоку. Толькі летась, у Тайвані, М’янме, Нэпале, Харватыі, Маўрыкіі і Літва абраныя або пераабраныя жанчыны-кіраўнікі. І, вядома ж, піша часопіс, ёсьць кандыдатка ў прэзыдэнты ЗША Гілары Клінтан, якая працягвае ўтрымліваць лідэрства ў праймэрыз.

Поўны сьпіс 100 самых уплывовых жанчын сьвету глядзіце тут.