«Мурал Менск-Масква — безгустоўны, неэстэтычны, зроблены з памылкамі і да таго ж зьяўляецца выразнай прапагандай»,— лічыць Аляксей Янукевіч.
Партыя БНФ заклікае менчукоў пісаць скаргі з нагоды разьмяшчэньня на дому па адрасе вул. Магілёўская, 32 графіці.
На малюнку — хлопчык-мянчук і дзяўчынка-масквічка, якія павінны сымбалізаваць сяброўства і еднасьць.
«Праступаюць ужо сылюэты гістарычнага муралу. Тым менчукам, якім ёсьць што сказаць пра „хлопчыка з кветкамі і дзяўчынку з бурбалкамі“ замоўцам і аўтарам гэтага твора, варта пісаць у Менгарвыканкам», — напісана на афіцыйным Фэйсбуку Партыі БНФ.
Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў Свабодзе — графіці з улікам свайго палітычнага зьместу падзяляе беларускае грамадзтва:
«Мы лічым разьмяшчэньне гэтага графіці вялікай памылкай. Па-першае, з эстэтычнага пункту гледжаньня гэты малюнак псуе выгляд нашага гораду, ён безгустоўны і нізкамастацкі, а таксама ўтрымлівае ў сабе відавочныя памылкі. Напрыклад, вопратка хлопчыка, які павінен сымбалізаваць Менск, вырабленая ў расейскім стылі, нягледзячы на элемэнты беларускага нацыянальнага арнамэнту. Па-другое, тут ёсьць палітычны момант. Гэтае графіці носіць адценьне выразнай палітычнай прапаганды, нясе вельмі спрэчнае палітычнае пасланьне наконт неабходнасьці сяброўства паміж Менскам і Масквой. У той жа час у беларускім грамадзтве ёсьць відавочна розныя меркаваньні адносна такога кшталту саюзаў. А тут атрымліваецца, што гэтае графіці адлюстроўвае толькі адзін бок і фактычна падзяляе беларусаў. Мы лічым, што гэтаму малюнку няма месца ў Менску, і заклікаем у першую чаргу жыхароў тых дамоў пісаць звароты ў Менгарвыканкам і прасіць каб альбо зафарбаваць гэты малюнак, альбо намаляваць іншы».
Аляксей Янукевіч паведаміў, што Партыя БНФ таксама будзе накіроўваць зварот у Менгарвыканкам адносна зьнешняга аздабленьня Менску:
«Ёсьць шмат пытаньняў да аздабленьня Менску. Гэта тычыцца і менавіта гэтага графіці. Таксама нас турбуе, што гэтымі днямі на вуліцах Менску зьявіліся сотні расейскіх сьцягоў. Гэта ня толькі безгустоўна выглядае, але і аказвае нэгатыўны ўплыў на сьвядомасьць і на нацыянальную самасьвядомасьць. Фактычна, гэта падрыў дзяржаўнага сувэрэнітэту».