Глёбусы з «расейскім Крымам» прыбіраюць з продажу

Глёбус з «расейскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў сёлета ў красавіку

У магілёўскіх кнігарнях пазьнікалі з продажу і крамных вітрын глёбусы, на якіх было пазначана, што Крым частка Расеі.

Здарылася гэта неўзабаве пасьля таго, як Упраўленьне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкаму «рэкамэндавала гарадзкім суб’ектам гандлю пазьбягаць продажу палітычных мапаў сьвету і глёбусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасьць Крыму адрозьніваецца ад агульнапрызнанай сусьветнай супольнасьцю».

Ліст з тлумачэньнем такой пазыцыі Ўпраўленьне гандлю даслала першаму намесьніку старшыні Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысаву. Партыец дамагаўся, каб глёбусы «з расейскім Крымам» прыбралі з продажу, бо такая прадукцыя, даводзіў актывіст, уводзіць у зман пакупнікоў і супярэчаць афіцыйнай пазыцыі Беларусі па Крыму.

Такая цяпер вітрына адной з кнігарняў, дзе былі выстаўленыя глёбусы з расейскім Крымам"



«Тое, што ўлада пачула голас пратэсту супраць продажу глёбусаў „з расейскім Крымам“ сьведчыць пра адэкватную рэакцыю дзяржаўных структур на гэты пратэст. Значыцца з уладай можна знайсьці паразуменьне. Гэта паказвае, што нашы інтарэсы супадаюць. Чыноўнікі таксама лічаць, што Крым дэ-юрэ застаецца ўкраінскім», — камэнтуе навіну пра зьнікненьне з кнігарняў глёбусаў Ігар Барысаў.

«Я ня ведаю, ці ў Беларусі вырабляюць глёбусы?, — працягвае партыец. — Калі не, то вызваляецца ніша для беларускіх арганізацыяў, якія маглі б заняцца такой вытворчасьцю».

Амаль усе кнігарні ў Магілёве падпарадкоўваюцца акцыянэрнаму таварыству «Магілёўсаюздрук». У гэтых крамах і прыбралі з продажу «правакацыйную прадукцыю».

«А хто вам сказаў, што тыя глёбусы былі правакацыйнай прадукцыяй», — адказалі журналісту ў адной з кнігарняў на яго цікавасьць наконт зьнікненьня глёбусаў зь вітрыны і крамных паліц. На тлумачэньне наведніка, чаму глёбусы правакацыйныя, крамніцы не адрэагавалі.

Гэтак выглядалі вітрына гэтай кнігарні



Што тычыцца камэрцыйных крамаў канцлерскіх тавараў, то на іхных паліцах глёбусы з «расейскім Крымам» выстаўленыя. Прадаюцца такія глёбусы і ў найвялікшай краме гораду — ўнівэрмагу. Менавіта на гэтую краму і скардзіўся Ігар Барысаў.

«Будзем працаваць з такімі крамамі асобна. Разьнясём іх кіраўніцтву рэкамэндацыі Упраўленьня гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкаму», — заўважае Ігар Барысаў.

«Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 68/262, якая падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах і якая не прызнае зьмяненьняў статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля па выніках праведзенага 16 сакавіка 2014 году агульнакрымскага рэфэрэндуму», — гаварылася ў адказе Барысаву зь дзяржаўнай структуры абласной выканаўчай улады.

“Расейскага Крыму” больш у вітрыне няма



Глёбусы з «расейскім Крымам», вырабленыя польскай фірмай «ZACHEM-GŁOWALA». Дырэктар фірмы Кшыштаф Главала на запыт Свабоды адказваў, што яго арганізацыя не падтрымлівае «анэксіі Крыма Расеяй». Пры гэтым, ён прызнаў: каб не губляць расейскі рынак фірма вымушаная была пазначаць Крым часткай Расеі. Такім было патрабаваньне расейскіх партнэраў, даводзіў Свабодзе Кшыштаф Главала.