Ушанаваныя і не ўшанаваныя Курапаты ў 15 постсавецкіх краінах

Усталяваньне Крыжа пакутаў у Курапатах

3 чэрвеня 2016 году спoўнілася 28 гадоў, як у газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

Мы параўналі, як ушаноўваюць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій у постсавецкіх краінах, якія, як і Беларусь, моцна пацярпелі ад бальшавіцкага тэрору. Паводле розных зьвестак, ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі ад 12,5 да 80 мільёнаў грамадзянаў СССР.

Паводле Сахараўскага цэнтру на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу паводле дадзеных на кастрычнік 2008 году ўсталявана 1250 помнікаў і памятных знакаў ахвярам палітычных рэпрэсій.


Беларусь. Курапаты — дарога сьмерці

За амаль за 22 гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ніколі не наведваў урочышча Курапаты, дзе карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 300 тысячаў бязьвінных людзей.

У Беларусі не існуе афіцыйнага музэя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, у календары беларускіх афіцыйных датаў няма Дня памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій. Ушанаваньнем памяці ахвяраў рэпрэсій займаюцца грамадзкія актывісты, незалежныя гісторыкі, але не дзяржава.


Паводле даных розных дасьледчыкаў, у часы кіраваньня Сталіна на тэрыторыі Беларусі было рэпрэсавана ад 600 тысяч да 1,5 мільёна чалавек. Суд над злачынствамі камунізму на дзяржаўным узроўні ў Беларусі так і не адбыўся. Пры гэтым ўлады робяць захады па рэабілітацыі Сталіна.


Літва. Музэй ахвяраў генацыду і Stalinworld

14 чэрвеня ў Літве адзначаюць Дзень жалобы і надзеі. У гэты дзень у 1941 годзе ў Латвіі, Літве і Эстоніі пачаліся масавыя дэпартацыі. Паводле дасьледчыкаў, у сукупнасьці ахвярамі савецкага рэжыму сталі 350 тысяч літоўцаў.

Музэй ахвяраў генацыду ў Вільні — адзіны на постсавецкай прасторы музэй, які месьціцца ў былым будынку КДБ. На адной са сьценаў будынку выбітыя імёны літоўскіх партызанаў, якія змагаліся пасьля Другой сусьветнай вайны за незалежнасьць ад СССР. Музэй быў адкрыты ў 1992 годзе. Наведвальнікі музэя могуць пабачыць 19 былых камэраў, штрафны ізалятар, а таксама тры камэры катаваньняў. Экскурсіі там праводзяць ацалелыя літоўскія вязьні ГУЛАГу.


У Літве створаны Парк Грутас, які яшчэ называюць Stalinworld або Leninland, парк скульптураў савецкага пэрыяду. Парк і музэй, які знаходзіцца пры ім, імітуе стыль савецкіх лягераў сыстэмы ГУЛАГ, абнесеныя калючым дротам. На ўваходзе стаіць цягнік, у якім вязьняў транспартавалі ў лягеры. У парку выстаўленая вялікая калекцыя манумэнтаў, збудаваных за савецкім часам у розных гарадах Літвы і дэмантаваных пасьля аднаўленьня незалежнасьці. У калекцыі — помнікі Леніну, Сталіну, Марксу, Дзяржынскаму, літоўскім камуністам, ваенным дзеячам.



Латвія. Музэй акупацыі як сымбаль

25 сакавіка ў Латвіі штогод адзначаецца як Дзень памяці ахвяраў камуністычнага генацыду. У гэты дзень ў 1949 годзе каля 43 тысяч чалавек з Латвіі былі дэпартаваныя ў Сыбір. Паводле дасьледчыкаў у Латвіі былі рэпрэсаваныя 57 тысяч чалавек.

У Рызе ад 1993 году адкрыты Музэй акупацыі Латвіі, экспазыцыя якога прысьвечаная 50-гадоваму панаваньню таталітарнага рэжыму ў пэрыяд акупацыі Латвіі і да аднаўленьня незалежнасьці ў 1991 годзе. Фонды Музэя складаюць каля 30 тысяч дакумэнтаў, фотаздымкаў, пісьмовых, вусных і матэрыяльных сьведчаньняў, а таксама памятныя рэчы з месцаў зьняволеньня і спэцпасяленьняў.


Паводле Сахараўскага цэнтру ў Латвіі знаходзіцца 219 помнікаў ахвярам камуністычных рэпрэсій, зь іх у Рызе — 13 помнікаў, у тым ліку помнік латыскім дзецям, якія загінулі пры дэпартацыі і ў ссылцы, мэмарыял «Белыя крыжы», перапахаваньне расстраляных у Рыскай турме ў 1941 годзе, помнік рэпрэсаваным расейцам Латвіі ды іншыя.

Эстонія. Музэй акупацый

14 чэрвеня ў Эстоніі адзначаюць Дзень памяці ахвяраў камуністычнага тэрору і масавай дэпартацыі. У гэты дзень у 1941 годзе ў Латвіі, Літве і Эстоніі пачаліся масавыя дэпартацыі.

Паводле гісторыкаў ахвярамі сталінскіх рэпрэсій у Эстоніі сталі каля 38 тысяч чалавек, або каля 3,8% перадваеннага насельніцтва краіны.

У Таліне ў 2003 годзе быў адкрыты Музэй акупацый, прысьвечаны пэрыядам, калі краіна была акупаваная СССР, нацысцкай Германіяй і зноў Савецкім Саюзам.


Паводле Сахараўскага цэнтру, ў Эстоніі ўсталяваны 9 помнікаў ахвярам рэпрэсій, у тым ліку ў мястэчку Рыста памятны знак эстонцам, дэпартаваным у 1941 — 1949 гадах, мэмарыяльны камень ахвярам дэпартацыі ў Нарве, помнікі ахвярам таталітарнага рэжыму і ахвярам савецкага тэрору ў Тарту, алтар маці, якія не вярнуліся з ссылкі ў Сыбіры.


Малдова. «Цягнік болю»

Сёлета ў Малдове заканадаўча зацьверджаны Дзень памяці ахвяраў сталінізму і дэпартацый 13 чэрвеня.

У чэрвені 2012 году ў Кішынэве тагачасны прэм’ер-міністар Малдовы Ўлад Філат урачыста адкрыў Музэй ахвяраў дэпартацый і палітычных рэпрэсій, а таксама сталую экспазыцыю «Савецкая Малдова: паміж мітамі і ГУЛАГам». Адкрыцьцё музэя было прымеркавана да 71-х угодкаў першай хвалі масавых дэпартацый, якая прайшла ў ноч з 12 на 13 чэрвеня 1941 году, калі было дэпартавана больш за 57 тыс. грамадзянаў, а ў 1951 годзе ў выніку правядзеньня сакрэтнай апэрацыі НКВД пад кодавай назвай «Поўнач», з краіны было вывезена яшчэ 2617 чалавек. У памяць аб ахвярах дэпартацый перад будынкам чыгуначнага вакзалу ў Кішынёве некалькі гадоў таму быў узьведзены помнік «Цягнік болю».


У кастрычніку 2010 у Кішынёве на факультэце гісторыі і філязофіі Дзяржунівэрсытэту быў створаны Цэнтар па вывучэньні таталітарызму, які засяроджваецца ў асноўным на дасьледаваньнях злачынстваў савецкай улады на тэрыторыі МССР.


Украіна. Быкоўню ўшаноўвалі ўсе прэзыдэнты


Ва Ўкраіне Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій адзначаецца штогод у трэцяю нядзелю траўня згодна з указам трэцяга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Спачатку ён зьявіўся ў нацыянальным календары краіны ў канцы 90-х гадоў і насіў назву «Дзень памяці ахвяраў Галадамору».

Колькасьць ахвяраў палітычных рэпрэсій ва Ўкраіне не паддаецца падліку. Некаторыя спэцыялісты лічаць, што за пэрыяд з пачатку 20-х і да канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя, ва Ўкраіне ад рэпрэсій пацярпела амаль паўтара мільёны чалавек. Ва Ўкраіне, паводле Сахараўскага цэнтру, знаходзіцца 181 помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Украінскія Курапаты — Быкоўня, лясны масіў на паўночна-ўсходнім ўскрайку Кіева, дзе былі выяўленыя масавыя пахаваньні людзей, расстраляных НКВД у 1937–1941 гадох. Быкоўненскае пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій лічыцца найбуйнейшым на тэрыторыі Ўкраіны. На працягу 1937-1941 гадоў грузавікі амаль кожную ноч прывозілі целы расстраляных у кіеўскіх турмах НКВД для тайнага пахаваньня ў Быкаўнянскім лесе. Паводле розных ацэнках, тут былі забітыя ад 15 да больш за 100 тысяч чалавек. У 2001 годзе ўкраінскія Курапаты наведваў Папа Рымскі Ян Павал Другі. Прэзыдэнт Віктар Юшчанка ў 2006 годзе надаў гэтаму мэмарыялу статус нацыянальнага. Быкоўню ўшаноўвалі ўсе прэзыдэнты Ўкраіны, у тым ліку і Віктар Януковіч.


Нацыянальны музэй «Мэмарыял памяці ахвяраў Галадамораў ва Ўкраіне» быў адкрыты ў поўным аб’ёме ў Кіеве ў 2009 годзе.

У розных гарадах Украіны ўсталяваныя дзясяткі помнікаў ахвярам рэпрэсій, у тым ліку ў Івана-Франкоўску, Віньніцы, розных месцах Крыма, Львове, Запарожжы, Хмельніцку, Луганску, Харкаве, Хэрсоне ды іншых гарадах.


Армэнія. Дзень абароны правоў бязьвінна асуджаных


14 чэрвеня ў Армэніі на дзяржаўным узроўні абвешчаны Днём абароны правоў бязьвінна асуджаных. Гэтая памятная дата ўсталяваная ў памяць пра дзесяткі тысяч рэпрэсаваных армян ў гады бальшавіцкай дыктатуры, калі дэпартацыя народаў была адной з формаў палітычных рэпрэсій у СССР. Яшчэ ў 1939 годзе армяне былі пераселены з Азэрбайджану ў Казахстан, а ў 1940-х гадах іх у масавым парадку высялялі з Крыма і з тэрыторыі савецкай Армэніі. Тады былі дэпартаваныя дзясяткі тысяч армян, у тым ліку і карэнныя жыхары Армэніі. Паводле Сахараўскага цэнтру, у Армэніі знаходзіцца тры помнікі ахвярам сталінскіх рэпрэсій.
Сталінскія палітычныя рэпрэсіі ў савецкай Армэніі сталі для армянскага народу другім пасьля 1915 году генацыдам. Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту «Каўкаскага вузла» заявіў кіраўнік таварыства «Гушаматиан» ( «Мэмарыял») Рудольф Грыгаран.


Згодна з дасьледаваньнямі гісторыка Армэнака Манукяна, аўтара кнігі «Палітычныя рэпрэсіі ў Армэніі ў 1920-53гг.», ахвярамі сталінскіх рэпрэсій у Армэніі сталі 42 тысячы чалавек: «Рэпрэсіі забралі найлепшыя розумы, колер нацыі, што не змагло не адбіцца на генафондзе армянскага народу, які тады яшчэ не адышоў ад страшнай раны генацыду ў Асманскай Турэччыне».

Закладны камень помніка ахвярам палітычных рэпрэсій у Эрэване, быў адкрыты 14 чэрвеня 1999 году.


Азэрбайджан. Краінай кіраваў былы сьледчы НКВД


У календары афіцыйных сьвятаў і памятных датаў Азэрбайджана адсутнічае Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, пры гэтым сьвяткуецца Дзень супрацоўнікаў органаў нацыянальнай бясьпекі Азэрбайджану. Што ня дзіўна, улічваючы, дзе былы кіраўнік краіны Гейдар Аліеў пачынаў кар’еру — у 1941 годзе працаваў загадчыкам аддзелу ў НКВД Нахічэванскай АССР, а з 1944-га служыў у сыстэме органаў КДБ, быў начальнік 5-га ўпраўленьня Міністэрства дзяржбясьпекі па Азэрбайджану.

мэмарыяльная дошка паэтам і пісьменьнікам Азэрбайджану, рэпрэсаваным у 1930 - 1940-я гадах

Паводе дасьледчыкаў, у Азэрбайджане толькі ў 1937 годзе было рэпрэсавана каля 100 тысячаў чалавек. У Азэрбайджане, паводле Сахараўскага цэнтру, усталяваныя 2 помнікі ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Гэта мэмарыяльная дошка паэтам і пісьменьнікам Азэрбайджану, рэпрэсаваным у 1930 — 1940-я гадах, усталяваная ў Баку ў будынку Аб’яднаньня пісьменьнікаў Азэрбайджану, і помнік рэпрэсаванаму паэту і драматургу Гусейнаву Джавіду ў Баку.

Грузія. Дзень і музэй савецкай акупацыі


У 2010 году у календары афіцыйных датаў Грузіі зьявіліся Дзень савецкай акупацыі і Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў. Як тлумачылі ініцыятары, дэпутаты грузінскага парлямэнту, «абвяшчэньне 25 лютага Днём савецкай акупацыі зьвязана з тым, што ў гэты дзень 1921 года часткі 11-й Чырвонай арміі акупавалі Дэмакратычную рэспубліку Грузія. А 23 жніўня — з усталяваньнем Эўрапарлямэнтам Эўрапейскага дня памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, што ў сваю чаргу, зьвязана з пактам Молатава — Рыбэнтропа 23 жніўня 1939 году».

У 2006 годзе праз некалькі гадоў пасьля «ружовай рэвалюцыі» ў Тбілісі быў адкрыты Музэй савецкай акупацыі, прысьвечаны савецкаму пэрыяду ў гісторыі Грузіі, ахвярам палітычных рэпрэсій і антысавецкім рухам.


У 2010 годзе шасьцімэтровы манумэнт Іосіфа Сталіна ў Горы быў дэмантаваны на загад тагачаснага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. Тады ж музэй Сталіна ў Горы трансфармавалі ў філіял «Музэя акупацыі», але яго экспазыцыя мала зьмянілася.

Музэй Сталіна ў Горы быў адкрыты ў 1937 годзе на ініцыятыву Лаўрэнція Бэрыі. Цяпер, як і за савецкім часам, асноўная экспазыцыя прысьвечаная Іосіфу Сталіну, і пры канцы агляду наведнікам могуць прапанаваць наведаць невялічкі пакойчык з экспазыцыяй, прысьвечанай злачынствам сталінскага рэжыму.​


Расея. Салавецкі камень замест помніка Дзяржынскаму

У Расеі Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій адзначаецца штогод 30 кастрычніка.

Паводле Сахараўскага цэнтру, у Расеі знаходзіцца 714 помнікаў ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Пералічым асноўныя зь іх.

Салавецкі камень — гранітны валун на Лубянскай плошчы ў Маскве, які прывезьлі з Салавецкіх выспаў з месцаў, дзе калісьці быў Салавецкі лягер асаблівага прызначэньня. Адкрыцьцё помніка адбылося 30 кастрычніка 1990 году насупраць будынка НКВД-МГБ-КГБ СССР і помніка Феліксу Дзяржынскаму, дэмантаванага пасьля правалу путчу 1991 году. На адкрыцьцё помніку сабраліся тысячы людзей, а дзень 30 кастрычніка ўпершыню быў абвешчаны як Дзень палітвязьня у СССР, а потым яго сталі называць Днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій.

У Санкт-Пецярбургу гэта Левашоўскія мэмарыяльныя могілкі — месца масавых пахаваньняў загінулых у гады рэпрэсій; Койранкангас — месца масавых расстрэлаў і пахаваньняў на тэрыторыі артылерыйскага Ржэўскага палігону і Салавецкі камень на Траецкай плошчы.

У Екацерынбургу гэта мэмарыял памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў на 12-м кілямэтры Маскоўскага гасьцінца.

У Самары гэта Знак памяці ў парку імя Гагарына. Падчас земляных работ у гэтым парку выяўлена адно зь месцаў масавых пахаваньняў расстраляных рэпрэсаваных.

У Томску — сквэр памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, а ў ім Камень смутку, разьмешчаны побач з былым будынкам НКВД, у якім цяпер разьмяшчаецца мэмарыяльны музэй «Сьледчая турма НКВД». Падчас сталінскіх рэпрэсіяў ад іх пацярпелі каля 20 тысяч томічаў.

У Цюмені у двары былога будынку НКВД на месцы масавых расстрэлаў ў 2001 годзе быў адкрыты мэмарыял.

Ва Ўладзівастоку ўсталяваны Памятны камень на месцы перасыльнага лягеру, празь які прайшлі тысячы вязьняў ГУЛАГа, у тым ліку і расейскі паэт Восіп Мандэльштам.



Казахстан. Карлаг, Алжыр і масавыя дэпартацыя


У Казахстане ад 1997 году 31 траўня штогод адзначаюць Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Гэта было рашэньне прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.

Паводле гісторыкаў, у 1937-1938 гады ў савецкім Казахстане былі асуджаныя 118 тысяч чалавек, зь іх 25 тысяч былі расстраляныя. За савецкім часам на тэрыторыі Казахстана дзейнічаў буйны папраўча-працоўны лягер Карлаг, у якім за час існаваньня было зьняволена больш за мільён чалавек. Цяпер там Музэй дзеля ўшанаваньня памяці нявінных ахвяраў папраўча-працоўных лагераў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Казахстана.


У Казахастане знаходзіўся ўнікальны па сваім прызначэньні Алжыр — Акмалінскі лягер жонак здраднікаў радзімы, кантынгент якога складалі жонкі асуджаных за палітычныя злачынствы, у ім знаходзілася жонка расстралянага беларускага паэта Тодара Кляшторнага.


За сталінскім часам адбыліся масавыя дэпартацыі цэлых народаў у Казахстан. Восеньню 1937 году сотні тысяч карэйцаў, турак, іранцаў, курдаў і азэрбайджанцаў былі пераселеныя туды. У гады Другой Сусьветнай вайны ў краіну дэпартавалі немцаў, грэкаў, чачэнцаў, інгушоў, карачаеўцаў, балкарцы, крымскіх татараў і іншыя народы. Іх колькасьць ацэньваюць у 1 мільён 200 тысяч чалавек.

У сталіцы Казахстана ў 2012 годзе ў Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій адкрылі помнік ахвярам Галадамору. «Калектывізацыя апынулася жорсткім экспэрымэнтам, яна разбурыла векавой ўклад жыцьця аўла, былі падарваныя тысячагадовыя асновы качавой цывілізацыі на нашай зямлі. Усё гэта прывяло да пакут мільёнаў людзей. Голад і яго жудасныя наступствы сталі буйной гуманітарнай катастрофай савецкага пэрыяду», — сказаў Нурсултан Назарбаеў падчас адкрыцьця помніку.

Музэй ахвяр палітычных рэпрэсій у Шымкенте зьяўляецца адным з першых музэяў у краіне, прысьвечаных памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій 1937-1938 гадоў. Адкрыцьцё музэя было прымеркавана да 10-ых угодкаў незалежнасьці Казахстану. Паводле Сахараўскага цэнтру, у Казахстане ўсталявана каля 30 помнікаў ахвярам сталінскіх рэпрэсій.


Узбэкістан. Гісторыя палітычных рэпрэсій — частка школьнай праграмы


У сучасным Узбэкістане, нягледзячы на ​аўтарытарны стыль кіраваньня прэзыдэнта Іслама Карымава, прыкладаюцца вялікія намаганьні, каб людзі забыліся пра ўсё савецкае. Тут рэканструююць плошчы, пераносяць або зьнішчаюць старыя помнікі і ўзводзяць новыя, пераймяноўваюць вуліцы.

У 2001 годзе прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў апублікаваў указ «Аб ўвекавечаньні памяці ахвяраў рэпрэсій ўзбэцкага народу, пачынаючы з 60-х гадоў ХIХ стагоддзя да 1991 году,» у выглядзе мэмарыялу. Адкрыцьцё мэмарыяльнага комплексу адбылося 31 жніўня 2002 году, прызнанага ва Ўзбэкістане Днём памяці ахвяраў рэпрэсій. У Ташкенце на беразе ракі, дзе былі расстраляныя нявінныя людзі, быў створаны мэмарыяльны комплекс памяці ахвяраў савецкага таталітарнага рэжыму «Шохідлар хатырасі».


Паводле экспэртаў, ідэалягічны падтэкст ташкенцкага музэю, прысьвечанага рэпрэсіям, відавочны: дэманстрацыя поўнага разрыву з савецкім мінулым і дыстанцыяваньне ад Расеі, якая разглядаецца як спадчыньнік СССР.

Гісторыя палітычных рэпрэсій таталітарнага савецкага рэжыму ва Ўзбэкістане — частка школьнай праграмы ў краіне.


Кыргызстан. Магіла бацькоў


Мэмарыяльны комплекс «Ата-Бейіт» (Магіла бацькоў) у сяле Чон-Таш ў 30 кілямэтрах ад Бішкека быў пабудаваны на ініцыятыву першага прэзыдэнта Кіргызстану Аскара Акаева ў 2000 годзе ў памяць пра ахвяраў рэпрэсій 30-х гадоў. Тут пахаваныя целы 137 кіргызстанцаў 19 нацыянальнасьцяў, расстраляных без суда і сьледзтва падчас сталінскіх рэпрэсій, гэта былі найлепшыя прадстаўнікі кіргіскай інтэлігенцыі.


Паводле архіўных зьвестак у 30-я гады ў Кіргізстане было рэпрэсавана і расстраляна некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. 30 жніўня 1991 году адбылася дзяржаўная жалобная цырымонія перапахаваньня парэштак ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, знойдзеных на Чон-Таше. Сымбалічна, што на наступны дзень, 31 жніўня 1991 году была абвешчаная незалежнасьць Кіргізстану. 8 лістапада ў Кіргізстане адзначаецца як Дзень памяці ахвяраў рэпрэсій 1937-1938 гадоў. У 2008 годзе ў комплексе «Ата-Бейіт» быў пахаваны кіргіскі пісьменьнік Чынгіз Айтматаў.



Таджыкістан. «Памір, 1937»


Толькі ў 2013 годзе у Душанбэ была выдадзена першая аб’ёмная кніга, якая расказвае пра пэрыяд сталінскіх рэпрэсій у Таджыкістане — «Памір, 1937» журналіста і пісьменьніка Курбані Аламшо. Гэта першая аб’ёмная кніга пра гісторыю 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзя Таджыкістана, пра пэрыяд сталінскіх рэпрэсій у былой савецкай рэспубліцы.

Дасьледчык сьцьвярджае, што толькі за 1937-1938 гады, як найменей, 25 000 таджыкаў сталі ахвярамі «чырвонага тэрору» савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна, але рэальная колькасьць ахвяраў сталінскага гвалту можа быць значна вышэйшай. Паводле яго, доўгія гады на гэтую тэму было накладзена табу. Паводле дасьледчыка, у архівах «да гэтага часу існуе шмат справаў, зь якіх не зьняты грыф „сакрэтна“ і без адмысловага дазволу да іх забаронены доступ».



Туркмэністан. Спадчына сталінскіх часоў


Туркмэнскай ССР, якую афіцыйна далучылі да Савецкага Саюзу ў 1925 годзе, давялося перажыць сталінскія рэпрэсіі (калектывізацыю і русыфікацыю). Паводле дасьледчыкаў, у гады масавых рэпрэсій НКВД 1937-1938 гадоў 13 259 чалавек былі прызнаныя вінаватымі (зь якіх былі пакараныя 4037) у дзяржаве з насельніцтвам у 1 300 000 чалавек.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Туркмэністану ў 1991 годзе былы лідэр камуністычнай партыі Сапармурат Ніязаў прыйшоў да ўлады і ўсталяваў аўтарытарны рэжым, заснаваны на кульце асобы Сталіна, які праіснаваў у краіне да 2006 года, калі Ніязаў памёр. Ён кіраваў краінай з дапамогай жалезнага кулака, які стаў спадчынай савецкіх часоў. Паводле праваабарончых арганізацыя і пры ягоным наступніку Гурбангулы Бердымухамэдавы Туркмэністан быў і застаецца адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў на плянэце.