Уладзь Гарбацкі: Прыйшла пара беларускай гей‐літаратуры

Першая кніга гей-прозы па-беларуску выйшла ў Лёндане. Гэта дэбютны зборнік аповедаў Уладзя Гарбацкага «Песьні тралейбусных рагуляў», які запрашае чытачоў ў сьвет вясёлых і сумных праўдзівых гісторыяк, напісаных у мяшаным мастацка-дакумэнтальным жанры. Госьць Свабоды — Уладзь Гарбацкі.

Ганна Соўсь: Уладзь, калі ласка, спачатку распавядзіце пра тое, дзе выйшла кніга, як яна будзе распаўсюджвацца, і ці мела яна шанец быць выдадзенай у Беларусі?

Уладзь Гарбацкі: Кніга на паперы выходзіць афіцыйна сёньня, 1 чэрвеня, у Лёндане ў тамтэйшым дыяспарным выдавецтве belarusians.co.uk, створаным Ігарам Івановым. Паралельна кніга зьявілася ў электронным варыянце праз kniharnia.by. Таму распаўсюджвацца ў электронным выглядзе яна ад сёньня, а вось з папяровым варыянтам трэба будзе пачакаць ‐ у беларускіх кнігарнях яна зьявіцца не адразу, калі наагул зьявіцца. Мяркую, папяровую вэрсію можна будзе таксама замаўляць і набываць віртуальным шляхам.

Мажліва, і можна было выдаць мой зборнік у Беларусі, у нас выдаецца ўсякай рознай літаратуры, у тым ліку неканвэнцыйнай, на тарашкевіцы і т.п. Але пэўныя спробы надрукаваць апавяданьні, так бы мовіць, у раскід (у «Дзеяслове» ці «Архэ») у нашых часопісах завяршыліся паразай, таму мне прасьцей стала зьвярнуцца да дыяспарнікаў, якія заўсёды спрыялі і дапамагалі мне. Дарэчы, я вельмі ўдзячны беларусам Лёндану (асабліва Ігару Іванову, таксама Караліне Мацкевіч, Сяргею Стасевічу, Арнольду Макмілану) за падтрымку, за тое, што давалі плятформу для працы, думаньня, дыскутаваньня, прытулку. Якраз у Скарынаўцы я змог спакойна дапрацаваць кнігу.



Ля партрэту Сымоны дэ Бавуар, францускай філёзафкі-экзыстэнцыялісткі, пісьменьніцы, ідэоляга фэмінісцкага руху.

Соўсь: Кніга анансуецца як першы зборнік гей-прозы па-беларуску, хаця першапачаткова вы меркавалі, што гэта будзе «ода роднаму Віцебску». Маглі б вы патлумачыць гэтае вызначэньне — гей-проза. Гэта літаратура, напісаная геям, для геяў альбо на гэтую тэму? Чым яна адрозьніваецца ад проста прозы? І хто ў сусьветнай літаратуры працуе ў такім жанры?

таксама Віцебск першага каханьня, першых расчараваньняў і нават першага зьбіцьця

Грабацкі: Так, сапраўды, калі я пачаў пісаць аповеды, то плянаваў стварыць проста своеасаблівы гімн ці оду роднаму Віцебску. Я віцяблянін, вельмі люблю гэтае места, ганаруся ім, асабліва ў гістарычнай пэрспэктыве. Менавіта тут пачаліся ўсе мае казкі жыцьця, таму я захацеў вярнуцца ва ўспамінах у той час, калі сьвет бачыўся зачастую ў бэзавых акулярах. Мне карціла паказаць ня проста слынны Віцебск Шагала, Віцебск Пэна, Віцебск Сапунова, а Віцебск простага чалавека, мой беларускамоўны Віцебск, мой стараверскі, а яшчэ фэмінісцкі Віцебск. А таксама Віцебск першага каханьня, першых расчараваньняў і нават першага зьбіцьця.

І таму неяк паступова мае казкі пачалі перакідвацца ў прозу, часам вусьцішную, звышрэалістычную. Тут і ўклінілася ў думкі гэтая шыльдачка «гей‐проза». Гэта літаратура ня толькі для геяў і лесьбіянак, а хутчэй пра гэтую тэму, але для ўсіх. Мажліва, на Захадзе гэты падзел на гей‐ і гетэра‐прозу выглядае састарэлым, думаю, у нас ён важны сваім сацыяльным, ідэйным, нават палітычным пасланьнем. Бо беларуская літаратура застаецца сьляпой да шматлікіх пытаньняў, напрыклад, да пытаньняў, якія паўстаюць перад ЛГБТК. Таму важна падкрэсьліць прыналежнасьць да гей‐супольнасьці і ў літаратуры, каб зрабіць пытаньне адкрытым, даступным, актуальным. Канечне, перадусім важна, каб мастацкая літаратура было проста якаснай, цікавай, а ўжо потым «жаночай» ці «мужчынскай», «гей» ці «гетэра» і г.д. Аднак, паўтаруся, ва ўмовах маргіналізацыі і кпінаў з гомасэксуальнасьці ў Беларусі, варта пакінуць гэты прыдамак гей да панятку літаратура. Ён зможа прыдасца і дапамагчы.

У заходняй літаратуры шмат аўтараў і аўтарак працавалі і працуюць пад такім назовам «гей‐літаратура». Узгадаем многія скандальныя ў свой час тэксты, якія прыраўноўвалі да гомасэксуальнай, а пазьней і гей‐літаратуры, напісаныя Андрэ Жыдам, Томасам Манам, Марсэлям Прустам, Труманам Капотэ, Місімай, Эдмундам Уайтам, Маргрыт Юрсёнар, Дэйвідам Левітам, Віялетай Лед’юк, Філіпам Бэсонам і г.д. А, напрыклад, нядаўна ў Літве выбухнула справа пісьменьніцы Нэрынгі Дангвідзе, якой забаранілі прадаваць «гей‐казачкі» для дзяцей. Прэса імгненна назвала пісьменьніцу «гей‐пісьменьніцай».

І, як паказвае час, досьвед, гэтая клясыфікацыя хоць і палохае спачатку, потым толькі спрыяе дэмаргіналізацыі геяў і лесьбіянак.
У Беларусі ж дасюль няма мастацкай літаратуры, якая ахоплівала б спадчыну, досьвед геяў і лесьбіянак, наша літаратура асьцярожнічае, баіцца, застаецца стэрыльнай. На маю думку, прыйшла пара беларускай гей‐літаратуры.

Соўсь: Ці не маглі б вы распавесьці пра сябе для аўдыторыі Свабоды. Дзе вы цяпер жывяце? Чым займаецеся?

Гарбацкі: Паводле адукацыі я палітоляг і перакладнік. Шмат год працую ў ЭГУ, выкладаю палітычную навуку, розныя паліталягічныя дысцыпліны, між іншым, па‐беларуску. Другі год стала жыву ў Вільні. Ад студэнцтва маё жыцьцё зьнітаванае з гэтым адмысловым унівэрсытэтам, які, дарэчы, таксама вельмі спрыяе маёй дзейнасьці як выкладніцкай, перакладніцкай, так і творчай. Гэта ўдалая лябараторыя, у якой спалучаюцца агульнаэўрапейскія і беларускія тэндэнцыі. Калі шчыра, то ў Вільні пачуваюся вельмі добра, нават лепей, чымся дома.

Соўсь: Вы не ўпершыню ўздымаеце праблемы, зь якімі жывуць геі і лесьбіянкі ў Беларусі, вы друкавалі грунтоўныя дасьледаваньні ў часопісе «Архэ», некалькі разоў выступалі з блогамі на сайце Свабоды. Сёлета Міжнародная асацыяцыя геяў і лесьбіянак-філіял Эўропа (ILGA-Europe) апублікавала рэйтынг гамафобіі ў 49 краінах Эўропы, паводле якога Беларусь апынулася га 43-м месцы. Большы ўзровень гамафобіі экспэрты ILGA-Europe адзначылі толькі ва Ўкраіне, Манако, Турэччыне, Армэніі, Расеі і Азэрбайджане. Як вы мяркуеце, ці можа літаратура паспрыяць зьніжэньню ўзроўню гамафобіі ў беларускім грамадзтве? Дарэчы, шэраг вашых апавяданьняў якраз адлюстроўваюць гамафобію...

Гарбацкі: Сапраўды, Беларусь ‐ далёка не ааза талерантнасьці, як малюе стэрэатып, альбо афіцыйная ідэалёгія. Ня толькі вонкавыя дасьледаваньні, рэйтынгі даводзяць аб нясьцерпнасьці беларусаў, мясцовыя геі і лесьбіянкі на ўласнай скуры зьведваюць, рэгулярна адчуваюць, што такое гвалт, кпіны, зьдзекі і абразы. Гэта ўсё вынікае з ўстановак у грамадзтве, у школах перадусім, у сем’ях, у СМІ. Я рэгулярна жахаюся гамафобіі беларускіх шкаляроў у Менску, у Віцебску. Каб праз школу трансьляваць талерантныя і нават эгалітарысцкія ўстаноўкі, вобразы геяў, лесьбіянак і гетэра, то сытуацыя магла б быць цалкам іншай. Няма пасланьня роўнасьці ў палітыцы, ня будзе яго і ў грамадзтве.

гэта ня проста вера ў літаратуру, але ў рэальную дапамогу гей і лесьбі‐аўтараў

Адзіны спадзеў у такой сытуацыі хіба на інтэлектуалаў, пісьменьнікаў, але і яны хутчэй маўчаць, ня ідуць насустрач змаргіналізаваным, не прапануюць рукі дапамогі тым, хто шукае яе. Я перакананы, што публічныя асобы, у тым ліку пісьменьнікі і пісьменьніцы могуць паспрыяць зьніжэньню гамафобіі, прынамсі дапамагчы справіцца з хістаньнямі, сумневамі маладым геям і лесьбіянкам, у якіх проста не застаецца іншых арыенціраў.

Напрыклад, мне ў свой час дапамагла літаратура. На жаль, не беларуская, а заходняя ‐ француская, бэльгійская, квэбэцкая літаратура гей і лесьбі‐аўтараў. Сёньня на Захадзе часта падкрэсьліваецца станоўчая роля літаратуры, напрыклад, у прафіляктыцы суіцыдаў сярод маладых геяў (ў Канадзе, Бэльгіі, Скандынавіі). Таму гэта ня проста вера ў літаратуру, але ў рэальную дапамогу гей і лесьбі‐аўтараў.

Тэма гамафобіі ў маім зборніку ‐ адна з цэнтральных тэмаў, бо, на жаль, сумны, гвалтоўны бок жыцьця беларускіх геяў зачастую пераважае, вызначае іх. Як бы вусьцішна гэта не гучала, але гамафобія ‐ гэта «натуральны», усюльісны, рэгулярны атрыбут, элемэнт жыцьця мясцовых геяў. Яны проста жывуць зь ёю, вынаходзяць нейкія стратэгіі, каб змагчы, мінімалізаваць яе, але ў адсутнасьць рэальнай палітыкі і публічнай падтрымкі ім ніколі канчаткова ня справіцца з праблемай гамафобіі.

Соўсь: Наколькі аўтабіяграфічныя вашы віцебскія гісторыйкі? І чаму вы іх вызначаеце як казкі?

Гарбацкі: Усе гісторыйкі зборніку аўтабіяграфічныя. Зразумела, я каліва мяняў дэталі, фон, імёны, але ў цэлым захоўваў дух, праўдзівасьць. Усе пададзеныя гісторыі мелі месца, гісторыі звышрэалістычныя я падаваў праўдзіва амаль на 100%.

казкі цалкам дарослыя і праўдзівыя

У дадатковай назьве зборніку пазначана, што гэта казкі і проза жыцьця, таму ня ўсе аповеды ‐ казкі, ёсьць тут тэксты і сумнява‐празаічныя. Але дзякуючы неверагоднаму аптымізму я паставіў на першае месца слова казкі, бо якраз яны ‐ тры галоўныя казкі, якія прыключыліся са мною (першая казка пра беларускамоўнасьць, другая казка пра гейнасьць і трэцяя казка пра атэізм), зьяўляюцца вызначальнымі, жыцьцясьвярджальнымі, якія апраўдваюць і вядуць мяне па жыцьці. Гэта казкі цалкам рэальныя, вядомыя кожнаму з нас, казкі, якія не вядуць нас у сьвет фантазіяў, як казкі дзіцячыя, напрыклад, а ў сьвет маладосьці, лёсавызначальных момантаў, пэрыядаў, сустрэчаў, прынцыповых вызначэньняў, выбараў і арыенціраў. Карацей, казкі цалкам дарослыя і праўдзівыя.

Соўсь: Як вы лічыце, ці мае шанец ваша кніга быць намінаваная на прэмію Гедройця?

Гарбацкі: Шчыра кажучы, зусім ня думаў пра нейкія там прэміі. І цьмяна ўяўляю, што гэта за прэмія Гедройця, каго на яе высоўваюць... Сачу за тым, што адбываецца ў нашай літаратуры, чытаю шмат, зачытваюся, напрыклад, найлепшай, на маю думку, беларускай празаіцай Людмілай Рублеўскай, а вось пра мясцовыя прэміі ў галіне літаратуры ведаю кепска.

Соўсь: Прафэсар Арнольд Макмілін, аўтар першай англамоўнай гісторыі беларускай літаратуры, ў рэцэнзіі на вашу кнігу напісаў, што «гэты сьмелы і вельмі чытэльны дэбютны зборнік прозы пераказвае ў розных формах і інтымных дэталях досьведы Адрознага ў варожым яму асяродзьдзі... Элегантна напісаная сучаснай беларускай мовай і шчодра запраўленая дыялектызмамі, гэтая кніга паўстае як песьня і сьвята роднаму Віцебску». Наколькі цяжка быць адрозным ад іншых у Беларусі?

Гарбацкі: У Беларусі наагул цяжка быць, жыць, бо за аўтарытарызмам усім ці прынамсі бальшыні цяжка жыць, калі існуюць паралельныя сусьветы ‐ палітыка, адарваная ад практыкі, у рукох купкі і грамадзтва зь ягонымі рутыннымі патрэбамі і іх дзіўным спатоленьнем ва ўмовах абмежаванага і дарагога рынку.

Цяпер жа геі і лесьбіянкі маюць хіба вольнае сеціва і нічога рэальнага

Але пагаджуся, што пэўным адрозным у Беларусі яшчэ складаней ‐ геям, лесьбіянкам, беларускамоўным, цыганам, жыдам і г.д. Бо якраз яны ‐ гэтыя адрозныя ‐ становяцца грушай да біцьця як з боку ўладаў, так і з боку грамадзтва. Грамадзтва баіцца ўладцаў, ня можа зьмяніць рэчаў, таму скіроўвае сваю нянавісьць не на моцную ўладу, а на яшчэ больш змаргіналізваных ‐ геяў, цыганоў, беларускамоўных, жыдоў. І калі часта ёсьць каму заступіцца за жыдоў ці беларускамоўных, то зусім няма каму заступіцца за геяў, лесьбіянак. Яны жывуць з нэгатыўным, часта з карыкатурным вобразам. Сёньня страшна ўявіць, як жывуць геі і лесьбіянкі ў правінцыі, калі ў Менску няма ані клюбаў, ані ЛГБТК‐цэнтраў. У сваіх аповедах я якраз і пішу аб тым, што раней у мае студэнцкія гады, напрыклад, была вольніца ‐ былі гей‐клюбы, бары, акцыі, часопісы. Старая савецкая сыстэма, мараль і ідэалёгія развалілася, а новая аўтарытарная лукашэнкава не ўвайшла ў сілу ‐ гэта была амаль залатая эпоха. Цяпер жа геі і лесьбіянкі маюць хіба вольнае сеціва і нічога рэальнага. Жыцьцё адрознага страшнае ня так безупыннай гамафобіяй, як жудаснай непэрспэктыўнасьцю. У выніку вялікая частка ЛГБТК‐супольнасьці едзе шукаць шчасьця па‐за Беларусьсю.

Чытаць апавяданьне ТАТКІ