Упраўленьне Сьледчага камітэту па Гарадзенскай вобласьці распачало крымінальную справу па факце сьмерці шасьцігадовай дзяўчынкі пасьля ўвядзеньня вакцыны.
Дзяўчынцы была ўведзена камбінаваная вакцына супраць адру, паратыту і краснухі. Дзіцячы лекар-рэаніматоляг Андрэй Вітушка мяркуе, што бяда магла здарыцца зь некалькіх прычынаў:
«Альбо гэта была алергічная рэакцыя на нейкія кампанэнты вакцыны, альбо гэта была рэакцыя, зьвязаная з тым, што ў вакцыне былі нейкія рэчывы, якія выклікалі таксычнае ўзьдзеяньне на арганізм, што і мела вось такія катастрафічныя наступствы. Умоўна кажучы, у вакцыне былі нейкія дамешкі ці пабочныя складнікі — тое, чаго не павінна было быць. Гэта і прывяло да сьмерці ў выніку вострага атручэньня. Гэта ўжо павінна высьветліць судова-мэдычнае дасьледаваньне».
Пэрыядычна такое здараецца, што лекі даюць пабочныя эфэкты, кажа Андрэй Вітушка:
«Нягледзячы на кантроль якасьці, на фармакалягічных вытворчасьцях час ад часу нешта здараецца. Апошні такі выпадак — адкліканьне фізіялягічных раствораў нясьвіскай вытворчасьці, якія давалі пабочны эфэкт. Пару гадоў таму ў Літве былі праблемы зь беларускім аскафэнам, які таксама выклікаў непажаданыя рэакцыі. Высьветлілася, што ў яго былі дамяшаныя іншыя прэпараты, бо для вытворчасьці аскафэну выкарыстоўвалі лінію па вытворчасьці іншага прэпарату. Прычым гэта быў прэпарат для зьніжэньня цукру, і акурат ягоныя рэшткі трапілі ў той аскафэн, які зьніжаў цукар. Здаецца, адзін чалавек нават памёр».
Мэдык лічыць, што кожны такі выпадак павінен стаць падставай для сур’ёзнага дасьледаваньня.
«Тым больш што канкрэтна гэтая вакцына ў шасьцігадовым узросьце ўводзіцца другі раз. Калі дагэтуль дзіцяці ўводзілі вакцыну і дзяўчынка дажыла да шасьці гадоў, то адмоўнай рэакцыі на яе не было. Але магло быць і так, што першая рэакцыя прайшла незаўважна, а другі раз мела вось такія наступствы. У гэтым цяпер і павінны разабрацца кампэтэнтныя органы».